30 лістапада – 125 гадоў з дня нараджэння Міхася Лынькова (1899 - 1975), народнага пісьменніка Беларусі
Каляндар памятных датДобрая вестка ў рэдакцыйнай пошце з Томска, ад вядомай кіраўніцы суполкі тамтэйшых беларусаў Любові Адаскевіч. Магчыма, нехта з актывістаў беларускага руху, прачытаўшы гэты тэкст, і сам выберацца на фэст у Томск. А там рэгіянальная грамадская арганізацыя “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томскай вобласці” 27-29 мая праводзіць Міжнародны фэст беларускай культуры “Радзiма мая — Беларусь”. Гэта адно з мерапрыемстваў у плыні значнага беларускага праекта, што фінансуецца за кошт гранта, выдзеленага Адміністрацыяй Томскай вобласці.
Пра тое, як здорава на беларускіх фэстах у Томску, мы пісалі раней. У прыватнасці, Максім Кашаміраў дзяліўся сваімі ўражаннямі ў 2014 годзе (“У Томску — па-беларуску, ГР, 24.07.2014). Вось урывак з таго тэксту: “Увечары ў Тэатры драмы быў заключны Гала-канцэрт удзельнікаў фэсту. Лепшыя гурты паказалі песні, танцы, музычныя нумары: праграма насычаная, вельмі яркая. А потым на сцэну выйшаў легендарны Дзяржаўны беларускі ансамбль “Песняры”. Зала разам з артыстамі спявала “Белавежскую пушчу”, “Алесю”, “Завіруху”, “Молодость мая — Белоруссия”. Я ж меў гонар паднесці кветкі ад удзельнікаў і гасцей фэсту артыстам. Удалося нават пагутарыць з удзельнікамі ансамбля, якія падаліся мне людзьмі, што любяць Бацькаўшчыну, свой народ, паважаюць беларускія традыцыі. Я падарыў спевакам здымак “Песняроў” з актывістамі паўладарскай суполкі: гэта калі яны прыязджалі да нас у Казахстан”.
Сёлета, як звычайна, асноўныя фестывальныя дзеі прыме Томск, закране фэст і райцэнтры вобласці. Ён, як напісала Любоў Адаскевіч у рэдакцыю, “праводзіцца з мэтаю стымулявання, падтрымкі цікавасці да беларускіх народных традыцый, культуры славянскіх народаў у жыхароў Томскай вобласці ды іншых рэгіёнаў”. Дарэчы, традыцыйна ў фэсце паўдзельнічаюць творчыя гурты супляменнікаў з Казахстана, а таксама Новасібірска, Омска, Барнаула, Цюмені, Кургана ды іншых гарадоў Расіі. Любоў Адаскевіч звярнулася і да сваіх партнёраў у Беларусі з просьбай: дапамагчы і творчым гуртам з Бацькаўшчыны даехаць у Томск, і майстрам-рамеснікам — каб абмяняцца досведам працы ў галіне традыцыйных народных рамёстваў. Хто зацікавіцца прапановаю — майце на ўвазе: пражыванне і харчаванне вам аплоціць прымаючы бок, а вось транспартныя выдаткі — гэта ваш клопат. Для аператыўных кантактаў эладрас Любові Адаскевіч такі: nkabt_tomsk@sibmail.com.
Што ў праграме фэсту? У першы дзень — заезд удзельнікаў, з 14.30 — рэпетыцыя, а ў 17.30 і адкрыццё фэсту з удзелам прадстаўнікоў Адміністрацыі вобласці, горада Томска, калектываў-удзельнікаў, прадстаўнікоў Беларусі. У праграме таго ж дня значацца “Вячоркi”: гэта сяброўскі абмен творчым досведам. На другі дзень запланаваны сустрэчы са студэнтамі ў трох ВНУ Томска, пройдзе круглы стол “Беларусь сібірская”, а пасля абеду гурты паедуць у раёны вобласці. Там і пройдуць канцэртныя праграмы. А ў сем гадзін вечара будзе Вялікі фестывальны гала-канцэрт у Абласным доме народнай творчасці “Авангард”. У заключны дзень фэсту гасцям пакажуць гістарычныя месцы Томска, сярод якіх Краязнаўчы музей, турма НКВД, Васкрасенская гара-музей.
>Што ж, пажадаем супляменнікам, для якіх стала роднаю Беларусь сібірская, добрага надвор’я, цёплых сустрэч з роднымі людзьмі. Спадзяемся, некаму з удзельнікаў Міжнароднага фэсту беларускай культуры “Радзiма мая — Беларусь” захочацца падзяліцца ўражаннямі ад яго. То будзем рады інфармацыйна падтрымаць гэты прыгожы, беларускі па духу праект.
Сустрэча ў Томску ў 2014 годзе: М. Кашаміраў і “Песняры”