Федэральная нацыянальна-культурная
аўтаномія Беларусаў Расіі
Рус | Бел
ФНКА Беларусаў Расіі створана ў 1999 годзе Усяго ў 43 рэгіёнах РФ зарэгістравана 80 грамадскіх арганізацый беларускай дыяспары,
з іх 15 рэгіянальных і 33 мясцовыя нацыянальна-культурныя аўтаноміі.
Беларусаў у Расіі больш за 550 000.

Сакрэты сапраўднага смаку

20.05.2016 1240

На кулінарным фестывалі, які ўпрыгожыў турнір па міні-футболе сярод нацыянальна-культурных аўтаномій “Кубак дружбы народаў-2016”, былі прадстаўлены стравы рускай, грузінскай, армянскай, украінскай, беларускай, польскай, французкай, японскай і карэльскай кухняў. Усяго ж этнапрысмакамі гасцей свята здзіўлялі 10 нацыянальна-культурных аўтаномій Карэліі, а таксама рэстараны нацыянальных кухань Петразаводска. Карэльскія беларусы з суполкі “Крыніца” ўдзельнічалі ў такім фестывалі-конкурсе ўпершыню, а ў выніку — поспех! Бо падзялілі першае месца з грузінамі.

Чым жа “ўзялі” публіку і журы пераможцы? Грузінскія кухары спяклі вялізны хачапуры: вагою 70 кілаграмаў і дыяметрам тры метры. А беларусы начысцілі мяшок бульбы, прывезенай з Беларусі, потым пяклі з яе дранікі ды частавалі імі жыхароў і гасцей горада.

Між тым вось што высветлілася: бульбяныя аладкі пякуць у розных краінах, але ж беларускія дранікі маюць асаблівы смак! Відаць, дзякуючы асаблівым кулінарным сакрэтам, а таксама ўласцівасцям бульбы, якая расце менавіта ў Беларусі. Вось і на гэты раз смак традыцыйнай беларускай стравы прыйшоўся даспадобы як простым карэльцам, так і французкім рэстаратарам-членам журы. Так што цяпер, з лёгкай рукі карэльскіх беларусаў, дранікі па сапраўдным беларускім рэцэпце паспрабуюць гатаваць нават у Францыі. Мяркую, аднак, без сапраўднай беларускай бульбы ды нашых кухарак ім там ніяк не абысціся...

Аўтар: Аляксандра Макарава, г. Петразаводск, Карэлія