24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датУ рэдакцыі часопіса “Беларусь. Belarus”, які выходзіць у чатырох варыянтах (беларуская, англійская, польская, іспанская мовы), падрыхтаваны спецвыпуск на рускай мове. Прысвечана выданне трэцяму Форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расіі, які пройдзе 7-8 чэрвеня ў Мінску. У праграме Форуму — і секцыя “СМІ як значны фактар міжрэгіянальнага ўзаемадзеяння, фарміравання агульнай прасторы гуманітарных каштоўнасцяў Саюзнай дзяржавы”: пройдзе яна 7 чэрвеня ў Інстытуце журналістыкі БДУ. Спадзяемся, абмен думкамі, выніковыя рашэнні дадуць магчымасць павялічыць, зрабіць больш эфектыўнымі плыні інфармацыі паміж Беларуссю і расійскімі рэгіёнамі. Бо, як вядома, ад якасці, зместу інфармацыі ў СМІ ў вялікай ступені залежыць, як ідзе супраца. І журналісты ж — не проста “пісакі” ды абслуга для іншых грамадскіх эліт: як слушна заўважыў у свой час Аляксандр Пушкін, “сословие журналистов есть рассадник людей государственных…” І дадаваў: “…Они знают это и, собираясь овладеть общим мнением, они страшатся унизить себя в глазах публики недобросовестностью, переметчивостью, корыстолюбием или наглостью”.
Летась у жніўні пад час камандзіроўкі ў Белгарад мы пераканаліся: там журналісты адкрытыя да шырокага супрацоўніцтва, гатовы больш пісаць пра сучасную Беларусь, беларусаў рэгіёна, расійска-беларускія кантакты. Калегі ахвотна дапамагалі нам у рабоце. Была сустрэча з намеснікам рэдактара “Белгородской правды” Сяргеем Яроміным. Ён бываў пад час аднаго з прэс-тураў у Беларусі, яго калегі таксама. У журналісцкіх колах ведаюць, расказваў ён, Міхаіла Лысова, у якога беларускія родавыя карані: ён працаваў на адказных пасадах. А калі да размовы далучылася карэспандэнт газеты Нэлі Каліева, то высветлілася: ёсць і ў яе повязь з Беларуссю. “І мама, Тамара Мікалаеўна, і бабуля мая, Аляксандра Апанасаўна, маюць беларускае прозвішча: Філіповіч, — здзівіла нас ураджэнка Цалінаграда, цяпер вядомага як Астана, новая сталіца Казахстана. — А тата мой — казах, вось і прозвішча ў мяне казахскае. Сястра і мама ў Астане жывуць, а я прыехала пасля школы пажыць да роднай мамінай сястры ў Белгарад, тут і засталася. Атрымала вышэйшую адукацыю, выйшла замуж: прыжылася, можна сказаць. А ў Беларусі вельмі мару пабываць, шмат пра яе добрага чула: і ад родных, і ад калег”.
Піша Нэлі Каліева на розныя тэмы: соцыум, адукацыя, культура. Пазнаёміла нас, напрыклад, з беларусам, героем адной з яе публікацый — вядомым у Белгарадзе музыкантам, дзеячам культуры Мікалаем Грашчанкам. Гонар нам: гэта ж ён, ураджэнец вёскі з Магілёўшчыны, штогод 12 ліпеня робіць, рэжысуе свята “Третье ратное поле России” пад Прохараўкай: у памяць пра вялікую танкавую бітву ў 1943-м. Плённа працуюць на культурнай ніве горада і жонка супляменніка Ала, і дачка Людміла (фалькларыст, кандыдат навук), і сын Ілья (флейтыст у аркестры, да таго ж майстар, які настройвае філарманічны арган).
Эх, думалі мы, якая магла б цікавая быць у Белгарадзе беларуская суполка! Яе там пакуль няма, а таленавітых, сацыяльна праяўленых ураджэнцаў Беларусі, знойдзецца шмат. І проста сяброў нашай краіны — таксама. Дарэчы, на пытанне, ці лічаць сябе сын і дачка беларусамі, Мікалай Аркадзевіч адказаў нейтральна: “Яны тут нарадзіліся”. Ды ці ж мала дзе, разважалі мы, нараджаюцца людзі: і ў лесе, і ў полі, і ў стэпе ці тайзе... Важна, ці адчувае чалавек глыбінную повязь з родам сваім, зямлёю продкаў, Мы, напрыклад, сустракаліся і ў таёжнай глыбінцы Цюменьскай вобласці з роднымі нам па крыві, культуры людзьмі, нашчадкамі беларусаў-самаходаў. Нават бацькі некаторых з іх у Беларусі не бывалі, дзяды-прадзеды ў малалецтве, можа яшчэ ў ХІХ стагоддзі, зямлю продкаў пакінулі — а ўсё роўна там кажуць: “Мы — беларусы!” У спецвыпуску, пра які вышэй згадалі, ёсць наш тэкст “Зямля і неба Уладзіміра Шуглі”. Ганаровы генеральны консул Беларусі ў Цюмені нарадзіўся, вырас, усё жыццё жыве за Уралам — а столькі ў ім духу беларускага!
Прастора агульных каштоўнасцяў, якую мы асвойваем цяпер сумесна з расійскімі калегамі — як адладжванне ігры вялікага аркестра. Важныя нюансы. Атрымаецца прыгожа, калі розныя інструменты, ведучы свае партыі, здолеюць гучаць суладна, а не калі “ўсе ў адну дуду” ці “все на одно лицо”. І ў журналістыцы, як вядома, ёсць розныя школы, напрацоўкі. Можна беларусам і расіянам адзін у другога нечаму павучыцца. Напрыклад, дэкан факультэта журналістыкі Белгарадскага дзяржуніверсітэта Аляксандр Карачэнскі, з якім мы гутарылі, хацеў бы запрасіць з лекцыямі спецыяліста ў інтэрнэт-журналістыцы з Мінска Аляксандра Градзюшку. Сам дэкан, дарэчы, выкладае і ў польскай Вышэйшай Гуманітарнай школе. Гаворыць: такія абмены — нармальная еўрапейская практыка. Але ж так званая акадэмічная мабільнасць у белгарадска-мінскіх дамоўленасцях пакуль — ні з месца.
То можа на раскрутку падобных праектаў знойдуцца грошы ў бюджэце Саюзнай дзяржавы? Спадзяемся, і такія пытанні будуць абмяркоўвацца на СМІ-секцыі мінскага Форуму рэгіёнаў. Тым часам кандыдат навук, дацэнт кафедры тэорыі ды метадалогіі журналістыкі Аляксандр Градзюшка паведаміў нам: надзею паехаць сёлета чытаць лекцыі ў Белгарад ён не губляе. Магчыма, тое будзе ў лістападзе. А з Аляксандрам Карачэнскім яны сустракаліся ўвесну — у Піцеры, на факультэце журналістыкі СПбДУ, дыплом якога, дарэчы, у 1982-м атрымаў і адзін з аўтараў гэтых радкоў. Так што фарміраваць агульную прастору гуманітарных каштоўнасцяў Саюзнай дзяржавы для беларускіх і расійскіх журналістаў — справа не новая.
Дзясяткі журналістаў-беларусаў, ураджэнцаў Беларусі працуюць і працавалі ў розных гарадах Расіі, ды і наадварот. Сярод іх Валеры Казакоў, актывіст Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі “Беларусы Расіі”. Дарэчы, і вядомы расійскі журналіст, выдавец Фадзей Булгарын, з якім быў у творчых спрэчках Аляксандр Пушкін, быў ліцьвінам, родам з тэрыторыі Уздзенскага раёна Міншчыны. У выдавецтве “Беларускі кнігазбор” выйшла цікавая кніга яго выбраных твораў — без перакладаў, на мове арыгіналу.