24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датПрыгажосць Беларусі бачаць усе, хто бывае на нашай зямлі. Што ж, нездарма называюць яе сінявокаю, краем блакітных азёр, зялёных лясоў і зямлёй пад белымі крыламі. Да такіх вызначэнняў, падаецца мне, варта дадаць і такое: Беларусь — зямля Герояў. Мужных, гераічных людзей нараджалася тут шмат ва ўсе часы. І звыш 500 сыноў і дачок беларускай зямлі здзейснілі выключныя подзвігі, былі ўшанаваны высокім званнем Герояў Савецкага Саюза ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Згадаем яшчэ такі факт: больш за 1500 абаронцаў савецкай Айчыны розных нацыянальнасцяў былі ўдастоены гэтага высокага звання за гераізм, праяўлены ў баях за вызваленне Беларусі. Сярод іх і ўраджэнцы Самарскай вобласці, у тым ліку марак Дняпроўскай ваеннай флатыліі Аляксандр Васільевіч Фірсаў, гвардыі лейтэнант Іван Тарасавіч Красноў... Амаль 500 тысяч куйбышаўцаў ваявалі на франтах, і кожны другі не вярнуўся з палёў бітваў. Падлічана: 233 жыхары вобласці сталі Героямі Савецкага Саюза, 36 — поўнымі кавалерамі ордэна Славы.
Памятаюць пра подзвігі бацькоў, дзядоў самарскія беларусы, якія свае мерапрыемствы да гадавіны Перамогі праводзілі пад дэвізам: “Благодарные потомки своих Героев не забудут имена”. Напярэдадні свята, 8 мая, яны адзначылі Дзень Дзяржаўнага герба і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Актывісты абласной грамадскай арганізацыі беларусаў “Руска-Беларускае Братэрства 2000” у той дзень у сваім офісе паглядзелі тэматычны відэафільм, паўдзельнічалі ў віктарыне “Квiтней, Беларусь!” Была і традыцыйная канцэртная праграма ад вакальнага ансамбля “Каданс”. Прайшлі дабрачынныя канцэрты творчых гуртоў арганізацыі беларусаў Самарскай вобласці, сустрэчы з ветэранамі. Ірына Глуская, прэзідэнт беларускай суполкі, лічыць Дзень Перамогі асаблівым святам: “Для кожнага беларуса, ураджэнца Беларусі, дзе б мы ні жылі, 9 Мая — святая дата. Будзем памятаць: у гады ваеннага ліхалецця там загінуў кожны трэці. У кожнай сям’ і ёсць і свой боль пра вайну, і свае героі”.
Беларусы Самары ўдзельнічалі таксама ў агульнагарадскіх урачыстасцях, прысвечаных Дню Перамогі. 8 мая ўскладалі кветкі да Вечнага агню на плошчы Славы і да помніка юнгам ВМФ на Набярэжнай ракі Волгі. “Здесь от Речного вокзала в 1942-1944 гг. более 700 мальчишек добровольцами уходили в школу юнг ВМФ. Многие из них погибли в боях за нашу Родину”, — такія словы высечаны на помніку. Запомніцца самарскім супляменнікам і ваенны парад, удзел у акцыі “Бессмертный полк”. Усе былі вельмі ўзрушаныя тым шэсцем. Па партрэтах, якія неслі нашчадкі пераможцаў, можна вывучаць гісторыю вайны і Перамогі, доблесці і адвагі, стойкасці духу і любові да Радзімы. “Мой дзядуля, па лініі бацькі, загінуў у 41-м, у першыя дні вайны пры абароне Кіева, прычым доўгія гады значыўся ў спісах зніклых без вестак. — згадвае сямейную частку ваеннай гісторыі Ірына Глуская. — Толькі праз дзесяцігоддзі бабулі прыйшоў ліст аб месцы яго пахавання ў брацкай магіле. А яго сын, мой бацька Міхаіл Глускі, шануючы памяць пра бацьку, паступіў у ваеннае вучылішча, стаў афіцэрам і 30 гадоў адслужыў ва Узброеных сілах Савецкага Саюза. А мае прадзядуля, дзядуля і браты дзядулі па лініі мамы — Іван, Захар, Пётр Луцкевічы... — ваявалі на розных франтах Вялікай Айчыннай, вярнуліся дадому з баявымі ардэнамі, медалямі”.
Падобныя гісторыі ёсць, бадай, у кожнага, хто праходзіў па плошчы Куйбышава ў складзе “Бессмертного полка”. Летась самарскі школьнік Мікіта Савельеў звярнуўся ў Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы з просьбай дапамагчы знайсці месца пахавання прадзядулі Івана Іларыёнавіча Пярвушкіна. І вось дзякуючы многім людзям яно было выяўлена. І Мікіта з мамаю, татам, пяцігадоваю сястрычкай і бабуляй летась наведалі Беларусь, ваенныя мемарыялы ў вёсцы Шапуры і пасёлку Копці недалёка ад Віцебска — там пахаваны салдат Іван Пярвушкін. Як бачым, памяць пра абаронцаў Радзімы, іх подзвігі жывая і сёння — яе эстафету нясуць ужо праўнукі герояў.
Амаль 40 тысяч чалавек было сёлета ў “Бессмертном полке” ў Самары. Людзі розных пакаленняў неслі партрэты родных, якія не вярнуліся з палёў бітваў, і тых, хто прайшоў нягоды баёў і вярнуўся, каб адбудоўваць краіну. Калону гледачы на трыбунах сустракалі стоячы, са слязамі на вачах. Пасля акцыі жыхароў і гасцей горада запрасілі ў парк Перамогі: там была вялікая канцэртная праграма з удзелам ансамбля “Каданс”. Яго ўдзельніцы выконвалі беларускія і рускія песні пра вайну, пра герояў і Перамогу.
Свята ў Самары завяршылася вялікім салютам. І калі я глядзеў на агні, што ўспыхвалі і згасалі, то падумаў: так і чалавечыя жыцці тысячамі знікалі ў полымі вайны. Дарэчы, у паэта-франтавіка Эдуарда Асадава ёсць радкі: “День Победы. И в огнях салюта/ Будто гром: — Запомните навек,/ Что в сраженьях каждую минуту,/ Да, буквально каждую минуту/ Погибало десять человек!... …И, шагая за высокой новью,/ Помните о том, что всякий час/ Вечно смотрят с верой и любовью/ Вслед вам те, кто жил во имя вас!”