Рус | Бел

Вясну ўпрыгожылі песні

26.05.2016      992
Вясну ўпрыгожылі песні

Увесь час быць у творчым пошуку — гэта, на маю думку, найлепшы рэцэпт для паўнацэннага жыцця беларускіх суполак у замежжы. Мы ж, у Тальяці, робім акцэнт на канцэртных выступленнях. Прычым адгукаемся на розныя прапановы: і самім цікава, і людзям — радасць, і беларускія песні гучаць па ўсім горадзе.

Вось і нядаўна гурт “Купалiнка” выступіў з канцэртнай праграмай у новым для нас месцы: на імправізаванай драўлянай сцэне каля “Дома Старыкава”, які з’яўляецца галоўным элементам у гарадскім Музейным комплексе “Наследие”. Запрасіла нас у творчы праект кіраўніца комплексу Алена Клявакіна. Я ведаю гэтага цудоўнага чалавека па ранейшай сумеснай працы ў Палацы культуры, мастацтва і творчасці. А ў музеі 1 Мая ладзілі маёўку — і наш канцэрт яе ўпрыгожыў. Спадзяюся, супрацоўніцтва прадоўжыцца. Бо “Дом Старыкава” цесна злучаны з Беларуссю. У прыватнасці, гэта родны дом Раісы Васільеўны Старыкавай: пад час Вялікай Айчыннай вайны яна была медсястрою і ўдзельнічала ў вызваленні Беларусі. На фронце прыгажуня знайшла і сваё каханне, выйшла замуж (у вызваленых Калінкавічах) за афіцэра Рыгора Харэшку (ён таксама — удзельнік вызвалення Беларусі), які пасля вайны ўжо даслужыўся да генерала. Адзін з іх сыноў, Міхаіл Харэшка, быў апошнім гаспадаром яшчэ дзедавага дома і перасяліўся ў Мінск, а яго дочкі ў 1997-м прадалі дом мэрыі Тальяці. Сястра Міхаіла Зінаіда, якой не стала ў 2004-м, заканчвала Мінскі інстытут замежных моў, працавала перакладчыцай, выкладчыцай у Мінску, Маскве. Падзялюся планамі: мы хацелі б на базе гарадскога Музейнага комплексу “Наследие” стварыць і Музей беларускай культуры. Такая расійска-беларуская інтэграцыя, падаецца мне, абодвум бакам будзе толькі на карысць.

Аднак чым цікавы сам дом? Калі на пачатку 50-х планавалі будаваць Куйбышаўскую ГЭС, то паселішча Стаўрапаль-на-Волзе аказалася ў зоне будучага вадасховішча, і яго давялося адсяляць на новае месца. Вядома, што дом сям’і майстра Васілія Канстанцінавіча Старыкава быў перавезены першым — 1 мая 1953 года. З яго і пачаўся перанос горада з зоны затаплення. “З дома Старыкава пачалася жыллёвая забудова новага Стаўрапаля, які з часам стаў Цэнтральным раёнам Тальяці,” — чытаем у нэце. Як расказваюць старажылы, шмат рэчаў засталося на дне ракі. А “Дом Старыкава”, па вул. Савецкай, 39, можна лічыць помнікам часу пераносу горада і яго другога нараджэння. У такіх дамах многія спачатку жылі, у тым ліку і першыя будаўнікі Куйбышаўскай ГЭС. Дом зберагае дух былога Стаўрапаля, і яго многія ўспрымаюць як вобраз Бацькоўскага Дома. Такім, дарэчы, ён і задумваўся, калі музеефікаваўся. У той частцы горада яшчэ стаяць іншыя прыватныя дамы, іх жыхары не часта выходзяць у цэнтр горада. Так што для іх канцэрт беларускага ансамбля быў у навіну.

А ў Дзень Перамогі ў нас было шмат мерапрыемстваў у розных месцах. З раніцы ў Аўтазаводскім раёне — шэсце ўдзельнікаў акцыі “Бессмертный полк”. На працягу дня ў парку Перамогі, іншых месцах выконваліся праграмы. А мы выступалі на зборных канцэртах да Дня Перамогі ўжо 5 і 6 мая ў Цэнтральным раёне. Хоць было холадна, церусіў дождж, гурт “Купалiнка” выступаў на вуліцы Лясной у двары дома, а таксама ў школе № 3. У парку Перамогі Аўтазаводскага раёна да старэйшых далучыліся і ўдзельніцы дзіцячага ансамбля “Зорачкi”. Там мы выступалі першымі з нацыянальных калектываў: сваім бадзёрым выступам адладзілі святочную атмасферу. Гледачы то падпявалі артыстам, то слухалі, затаіўшы дыханне. Для многіх, бачыла, моладзевы склад “Купалiнкі”, новыя галасы ў “Зорачках” было прыемнай нечаканасцю. Гучалі песні ваенных гадоў, сучасныя — і вясёлыя, і лірычныя. Праграма атрамалася на 50 мінут. Прычым доўга гледачы, сярод якіх былі і ўдзельнікі, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, не адпускалі са сцэны выканаўцаў. Гаварылі цёплыя словы ў адрас Беларусі, беларусаў.

І на заканчэнне. У нашых юных артыстак пад час выступлення на гру-дзях былі адметныя святочныя банты колераў беларускага сцяга з яблыневай кветачкай. Гледачы пыталі: адкуль такія? А гэта ўжо, казала, нашы рэліквіі — я іх з мінулагодняга агітпрабегу ў Беларусь зберагла...

Аўтар: Людміла Дзёміна, кіраўніца беларускай суполкі “Нёман”

Яшчэ фота

Вясну ўпрыгожылі песні

Каментары да фатаграфій

  1. Выступаюць вакальныя ансамблі “Купалінка” і “Зорачкі”
  2. Артысткі гурта “Купалінка” перад чарговым выступленнем (першае фота)

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар