Рус | Бел

Ад Рагачова — да Рагачоўкі

07.07.2016      975
Ад Рагачова — да Рагачоўкі

Праз усю Еўразію ладзяць сяброўскія стасункі “Беларускае зямляцтва” Амурскай вобласці Расіі ды беларускі горад Рагачоў

З канкрэтнымі прапановамі аб супрацоўніцтве прыляцела ў Мінск з далёкага Благавешчанска, з Амурскай вобласці Расіі Крысціна Папірная. Наша маладая супляменніца кіруе там прадпрыемствам “Авто Циркон” (дылер беларускіх “Амкадора”, “Гомсельмаша” ды інш.), яна ж — намесніца старшыні па моладзевай палітыцы “Беларускага зямляцтва” Амурскай вобласці. 

Сустракалася Крысціна ў мінскім Доме дружбы з прадстаўнікамі Рагачоўскага райвыканкама пад час трэцяга Форуму рэгіёнаў Беларусі ды Расіі. Расказала спачатку пра беларускую суполку, якая дзейнічае з 2003 года, перадала прывітанне ад яго старышыні Мікалая Васільева. Казала: суполка дапамагла ўжо наладзіць стасункі паміж Далёкаўсходнім дзяржаўным аграрным універсітэтам і Беларускім аграрным тэхнічным універсітэтам. Ёсць абмен студэнцкімі дэлегацыямі. Сябруюць і школы: 86-я мінская і 4-я благавешчанская. Прычым летась вучні з Далёкага Усходу пабывалі на экскурсіі ў Мінску. 

Яшчэ “Беларускае зямляцтва” шукае месцы пахавання беларусаў, што загінулі пад час Другой сусветнай вайны ў жніўні 1945-га як у Амурскай вобласці, так і на тэрыторыі Кітая. Даследуюць актывісты суполкі і гісторыю беларускіх сялян-перасяленцаў. Цікавая, казала Крысціна, тапаніміка заснаваных імі вёсак: дагэтуль існуюць сяло Рагачоўка, вёска Касцюкоўка. А ў сяле Сямёнаўка, вядомым з 1908-га, у савецкія часы існаваў нават калгас пад назвай “Красный белорус”... 

Асабліва зацікавіліся ўдзельнікі мінскай сустрэчы далёкаўсходняй Рагачоўкай. Намеснік старшыні Рагачоўскага райвыканкама Руслан Смірноў прапанаваў наладзіць паміж ёю і беларускім Рагачовам пабрацімскія сувязі. Запрасіў гасцей з Далёкага Усходу на Свята беларускага пісьменства: у верасні райцэнтр будзе яго сталіцаю. А пакуль дамову аб супрацоўніцтве заключылі прадстаўнікі адміністрацыі Рагачоўскага раёна з “Беларускім зямляцтвам”. Кірункі ўзаемадзеяння такія: правядзенне сумеснай акцыі “Карта памяці” пра першых перасяленцаў, вызначэнне назваў-“дублёраў” сёл, гарадоў і губерняў Беларусі, па якіх названыя і населеныя пункты Прыамур’я. У планах — стварэнне клубаў сяброўства, правядзенне відэаканферэнцый. 

Дамова аб супрацоўніцтве была падпісана і паміж бібліятэкамі: Амурскай абласной навуковай імя Мураўёва-Амурскага і Гомельскай абласной імя Леніна. Шукаюць амурскія беларусы і партнёра ў музейнай сферы: вельмі хочацца ім стварыць у Благавешчанску беларускі музей. 

Ад арганізатараў сустрэчы, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і таварыства “Радзіма” Крысціна Папірная атрымала падарункі: беларускія кнігі, кампакт-дыскі з запісамі песень народных і сучасных выканаўцаў, відэамайстар-класы па народных рамёствах. Дырэктар РЦНК Вольга Антоненка запэўніла, што ў Беларусі супляменнікі заўсёды могуць знайсці дапамогу і падтрымку, прычым РЦНК гатовы далучыцца да цікавых узаемакарысных праектаў. 

Руслан Смірноў уручыў супляменніцы салодкі сувенір: згушчонку з Рагачова. На што Крысціна Папірная казала: гэта смак і з яе дзяцінства! Сама ж на этнічнай Радзіме ўжо другі раз. Нарадзілася ў Благавешчанску, а ў Прыамур’е пераехала яе прабабуля — на пачатку мінулага стагоддзя. “Чаму і як там аказалася — нікому ніколі не расказвала: вось такая сямейная тайна, — усміхаецца Крысціна. — Страчаны сувязі з роднымі ў Беларусі, а знайсці іх хацелася б... Я стала бліжэй да радзімы продкаў, далучыўшыся да беларускага руху, прадстаўляю інтарэсы беларусаў у Савеце па нацыянальнай палітыцыі пры Грамадскай палаце вобласці. Па асноўнай працы — таксама “ў беларускай тэме”: займаюся прасоўваннем беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі на рынкі Далёкага Усходу”.

Аўтар: Карына Аляксандрава

Каментар да фатаграфіі

М. Васільеў аб’яднаў беларусаў у Благавешчанску

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар