24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датСупляменнікі з Самары ўпрыгожваюць непаўторнымі беларускімі ўзорамі расійскія святы
Дзень Расіі штогод адзначаецца 12 чэрвеня: у краіне гэта дзяржаўнае свята. “Што значыць для вас Расія?” — пытаў я на святочных вуліцах Самары ў кіраўнікоў розных нацыянальна-культурных арганізацый вобласці. І часта ў адказ чуў: “Россия — это Родина моя!”. У шматнацыянальнай краіне так і павінна быць: “дзеці розных народаў” там жывуць, але ж памятаюць пра свае родавыя карані. Прычым і нашы суродзічы-беларусы не выключэнне. “Для беларусаў Самарскай вобласці Дзень Расіі — асаблівая дата, — разважала Ірына Глуская, прэзідэнт тамтэйшай суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000”. — Дзень Расіі для нас — яркі сімвал брацкіх адносін паміж народамі, якія жывуць на самарскай зямлі. Таму праўленне, актыў і творчыя калектывы суполкі — усе тут, мы — актыўныя ўдзельнікі ўсіх святочных мерапрыемстваў”.
Родныя беларускія ўзоры, арнаменты пабачыў я, калі праходзіў “Парад дружбы народаў”. Гэта была ўнікальная ўсерасійская акцыя, упершыню праходзіла ў Самары ў плыні святочнага мерапрыемства “Россия — великая наша держава!”. Дзея адбывалася на плошчы імя Куйбышава. У нацыянальных беларускіх касцюмах нашы супляменнікі разам з іншымі прадстаўнікамі нацыянальных аб’яднанняў пранеслі вялізны сцяг Расійскай Федэрацыі. Потым на святочнай сцэне з канцэртнай праграмай выступіў беларускі вакальны ансамбль “Каданс” — пра яго добра ведаюць і чытачы “Голасу Радзімы” Аснова рэпертуару ў творчага калектыву — гэта рознажанравыя сучасныя і народныя беларускія і рускія песні. Спяваюць дзяўчаты і акапэльна, і з музычным суправаджэннем. На гэты раз выконвалі вельмі душэўныя лірычныя песні пра Расію, дружбу паміж народамі. Між тым на Свяце дружбы ўжо традыцыйна прагучалі і прыгожыя беларускія песні.
Жыхары і госці Самары змаглі бліжэй пазнаёміцца і з самабытнай беларускай культурай. Актывісты суполкі “Руска-Беларускае Братэрства 2000” зладзілі выставу: кнігі беларускіх пісьменнікаў, сувеніры з беларускім каларытам. Можна было і стравы беларускай кухні паспрабаваць. Свята дружбы завяршылася вялікім міжнацыянальным карагодам. Як вядома, прадстаўнікі розных нацыянальнасцяў ужо стагоддзі жывуць на самарскай зямлі. Як лічыць Ірына Глуская, падобныя святы — годны адказ нядобразычліўцам, якія спрабуюць раз’яднаць народы, пасеяць варожасць паміж імі: “Беларусы — мірныя людзі, мы і ў Самары выступаем у розных спрэчках як своеасаблівая “міратворчая сіла”. Увогуле ж спробы пасеяць тут міжнацыянальную варожасць — дарэмныя. Бо незалежна ад нацыянальнай прыналежнасці расіяне адчуваюць сябе адзінай сям’ёй. І шматнацыянальнасць — не праблема Расійскай Федэрацыі, а яе багацце! І ў пару, калі мы адчуваем сваё адзінства, добра разумееш: для шчасця нам патрэбныя не толькі матэрыяльныя, але і духоўныя каштоўнасці”. Дарэчы, пра тое нагадваюць суграмадзянам і людзі культуры. У прыватнасці, Ірына Міхайлаўна прачытала мне верш Валерыя Шуміліна: “Не слышно песен о России,/ Во славу больше не поют./ То до небес превозносили,/Теперь ногами в сердце бьют./ А ты попробуй все невзгоды / С ней разделить, живя в нужде./ Люби Россию в непогоду, / Не оставляй ее в беде!...”. Дарэчы, менавіта Беларусь паводле розных сацапытанняў многія расіяне прызнаюць цяпер “самым верным сябрам Расіі”. І беларусы Самары, падаецца мне, умеюць так любіць і Беларусь, і Расію, што кожная з іх — радуецца за такіх шчырых і міралюбных людзей.
Святочны пірог ад беларускай суполкі