24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датІ якое ж гэта шчасце: вярнуцца ў родны горад! Нагадаю, “Купалінка” была ўжо на фэсце ў 2014-м. Успамінаў, эмоцый атрамалі тады цераз край. Таму і сёлета рыхтаваліся мы вельмі адказна да чарговай сустрэчы з сябрамі, горадам майго маленства і маладосці.
Прыехалі ў Бабруйск раніцай 29 чэрвеня, адразу — снедаць, на рэгістрацыю ў штаб свята. Здалі наш сувенір: у падарунак фэсту. І на аўтобусе — у гатэль, які, дарэчы, у родным для мяне раёне ФанДОКа. (Так называюць вядомы Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, гісторыя якога пачалася яшчэ ў 1926 годзе. — Рэд.) Праз гадзіну былі ўжо ў лядовым палацы “Бабруйск-Арэна”. Рэпетыцыю праводзіла Клаўдзія Іванаўна Лукашэвіч, заслужаная работніца культуры Беларусі. Вячэралі ў рэстаране “Глорыя”, ды адпачываць не было калі: з канцэртнай праграмай паехалі ў аграгарадок “Кавалі”. З намі разам — і ўдзельнікі фэсту… з Мексікі! Вось якая экзотыка. Тэмпераментныя мексіканскія песні пад час выступлення на сцэне аграгарадка змяняліся беларускімі. А ў нас у рэпертуары яны і лірычныя, і патрыятычныя, і вясёлыя. Гледачы ў Кавалях вельмі цёпла нас прымалі, а пасля канцэрта падарылі шмат кветак і салодкіх пачастункаў.
На другі дзень была ўжо агульная рэпетыцыя ўсіх творчых гуртоў-удзельнікаў, пасля абеду — сустрэча з мэрам і арганізатарамі фэсту. А ўвечары — урачыстае адкрыццё. Поўны палац гледачоў! За кулісамі — жарты, усмешкі, вельмі добразычлівая атмасфера. Гучалі прывітанне ад мэра горада, ад Міністэрства культуры. Усе кіраўнікі творчых гуртоў атрымалі караваі ад арганізатараў фестывалю: прыемны, хвалюючы момант. Кожная краіна паказвала яркія нумары, песні змяняліся танцамі. Зала, здавалася, дыхала з намі ва ўнісон, падхоплівала знаёмыя мелодыі. Харэаграфічныя гурты з розных краін выконвалі нашу “Лявоніху” — і ўсе былі на адной хвалі радасці, натхнення. Цудоўны вечар!
А першага ліпеня, у працяг фэсту, было шэсце дэлегацый і выступ на Плошчы Леніна. Там ужо — больш часу для выступленняў: кожны гурт мог быць на сцэне 40 мінут. На вуліцах гучыць музыка, працуюць гандлёвыя рады. Народныя ўмельцы паказваюць-прадаюць вырабы з саломы, вышыванкі… Сваю частку праграмы народны ансамбль беларускай песні “Купалінка” адпрацаваў — як мае быць: артысты купаліся ў апладысментах. Потым, 2 ліпеня, мы выступілі з канцэртнай праграмай і на мясцовай ЦЭЦ — там, дарэчы, нам падарылі сімвал горада Бабра і смачны зефір фабрыкі “Чырвоны харчавік”. Кіраўнікі дэлегацый сустракаліся ў Мастацкім музеі: прадстаўлялі свае сувеніры ў падарунак фэсту. Там жа ўручалі дыпломы, а самыя цікавыя працы былі адзначаны й на закрыцці фэсту. Наш калектыў, дарэчы, атрымаў дыплом ІІ ступені за працу, сувенір “Мы разам”. Хвалюючым было закрыццё фэсту. Шмат цёплых слоў у адрас “Купалінкі” сказалі мэр горада, яго намеснік, галоўрэж фестывалю, намесніца начальніка ўпраўлення ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага гарвыканкама Ірына Роскач. Прыемна! Дзякуй усім, хто дапамог нам прыехаць на фэст, хто ацаніў нашу творчасць.
У Бабруйску мы пазнаёміліся з многімі гуртамі. Атрымалі прапанову прыехаць у Маладзечна — ад кіраўніка тамтэйшага народнага вакальнага ансамбля “Менестрели” Аляксандра Важніка. На мой погляд, арганізацыя свята была — на вышэйшым узроўні. Нават дождж не змог сапсаваць святочны настрой. Мы зрабілі выснову, што “Вянок дружбы” — гэта і свята душы, і месца сустрэчы сапраўдных прафесіяналаў, і свята нацыянальных культур, і масток разумення паміж краінамі ды пакаленнямі. Цудоўны праект!
3 ліпеня, у Дзень Незалежнасці, мы прыехалі ў Мінск. Любаваліся ў сталіцы прыгажосцю, парадкам, кветкамі ды людзьмі. 4 ліпеня сябры з Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур арганізавалі для нашых артыстаў паездку ў Хатынь і на Курган Славы, а я сустракалася з Вольгай Антоненкай, кіраўніцай РЦНК. Мне ўручылі адзін дыплом — за конкурс “Культура”, другі — за падрыхтоўку ансамбля да абароны звання “Народны”. Затым была сустрэча ва Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі. На ёй былі таксама начальнік аддзела Аляксандр Сасновіч, дарадца галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі Міністэрства замежных спраў Аляксандр Чвей, журналіст Іван Ждановіч. З намі ў Беларусь прыехаў і кіраўнік Рускага культурнага цэнтра горада Тальяці Уладзімір Патакаў — і ён быў на сустрэчы, удзельнічаў у зацікаўленай размове. За перамогу ў міжнародным конкурсе мне ўручылі Ганаровую грамату і… ажно 5 нацыянальных касцюмаў для ўдзельнікаў ансамбля! Ганаровыя граматы атрымалі таксама намеснік старшыні суполкі “Нёман” па працы з моладдзю і сувязях са СМІ Сяргей Шылкін, хормайстар ансамбля Інэса Лопарава. Сустрэча была цікавай і плённай.
5 ліпеня ўся наша дэлегацыя пабывала ў Міры і Нясвіжы — любаваліся замкам ды палацам, а ўвечары агледзелі Мінск з назіральнай пляцоўкі Нацыянальнай бібліятэкі. 6 ліпеня — экскурсія ў Музей Вялікай Айчыннай вайны. Вось колькі ў нас розных уражанняў! І ўсе — павезлі з сабой у той жа вечар дадому. І шмат добрых успамінаў.
У Тальяці на вакзале сустракалі нас бацькі ўдзельнікаў ансамбля. Усе — вельмі задаволеныя. Задача выканана: я паказала юным артыстам маю родную Беларусь, яны — выдатна выступілі на міжнародным фэсце. Цяпер у “купалінцаў” вакацыі, а з верасня пачнем развучваць новыя песні, рыхтаваць новыя выступленні, канцэрты.