Восьмага верасня дзяржаўная музейная сістэма адзначае юбілей: у гэты дзень 1998 года ў Баранавіцкім раёне адчыніўся філіял музея гісторыі беларускай літаратуры “Музей-сядзіба Міцкевічаў “Завоссе”. Музейная ўстанова была адкрыта ў гонар двухсотгоддзя нараджэння Адама Міцкевіча – пісьменніка з сусветнавядомым імем, нашага слыннага земляка. А сёлета аўтару паэм “Пан Тадэвуш”, “Дзяды”, балад “Свіцязь”, “Свяцязянка”, “Гражына” і іншых паэтычных шэдэўраў спаўняецца 220 гадоў.
Пра гарманістаў з вёскі Меркулавічы Васіля Казлова і Любоў Галубіцкую ведае, бадай, кожны жыхар Чачэрскага раёна. Нягледзячы на адсутнасць прафесійнай адукацыі, яны сталі сапраўднымі віртуозамі ігры на гэтым інструменце і нават папулярнымі артыстамі свайго рэгіёна: без Васіля і Любові не праходзіць ніводнае вясковае свята альбо фестываль. Пра такіх талентаў кажуць: музыкі ад Бога. Нават не верыцца, што яны не ведаюць нот, іграюць толькі на слых і па памяці. Дзякуючы дуэту — а Васіль і Любоў часта разам (як на гэтым здымку) выконваюць народныя найгрышы, песні, танцы — захавалася і «Меркулавіцкая кадрыля», шэдэўр бытавых танцаў Пасожжа.