02 лютага 2024 у "Доме Растовых" (Паварская вуліца 52) у Асацыяцыі саюзаў пісьменнікаў і выдаўцоў Расіі адбылася літаратурная вечарына, прысвечаная выхаду ў свет другога выдання білінгвальнай Анталогіі беларускай паэзіі ў серыі СЛАВЯНСКАЯ ПАЭЗІЯ ХХ-ХХІ АД ВЕКУ Ў ВЕК.
Вечарыну распачаў Старшыня Нацыянальна-культурнай аўтаноміі Беларусаў Расіі Сяргей Кандыбовіч. Пра работу над Анталогіяй апавялі яе ўкладальнікі, члены Аўтаноміі Сяргей Главюк
(аўтар праекта, старшыня рэдкалегіі, член Саюза пісьменнікаў Расіі, а таксама пісьменніцкіх аб'яднанняў Сербіі, Македоніі, Чарнагорыі), Алесь Кажадуб (член Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза пісьменнікаў Расіі) і Любоў Турбіна
(член Саюза пісьменнікаў Расіі, паэт, перакладчык, літаратурны крытык).
Першае выданне гэтай Анталогіі выйшла ў 2003 годзе ў выдавецтве ПРАНАТ і стала бібліяграфічнай рэдкасцю. У яго былі ўключаны больш за 320 вершаў 108 беларускіх паэтаў пасляваеннага пакалення, – тых, без каго немагчыма ўявіць сабе беларускую паэзію: Уладзімір Караткевіч, Ніл Гілевіч, Анатоль Вярцінскі, Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Міхась Стральцоў, Данута Бічэль, Анатоль Грачанікаў, Вера Вярба, Таіса Бондар, Вольга Іпатава, Алесь Разанаў, Яўгенія Янішчыц…
Трэба мовіць, што гэтыя паэты з большага былі вядомы расійскаму чытачу: у СССР вершы беларускіх паэтаў перакладалі на рускую мову даволі рэгулярна, чаго не скажаш пра пастсавецкі перыяд нашай гісторыі. З пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя для расіян беларуская паэзія – амаль што “чёрная дыра” (калі скарыстаць тэрмін астраноміі), бо перакладчыкі вершаў з беларускай на рускую мову ў нас бадай што зусім звяліся. Тое малое, што часам трапляецца ў расійскай прэсе, адлюстроўвае не найлепшае, не найбольш таленавітае з напісанага, а, на жаль, з’яўляецца выбаркай адпаведнага перыядычнага выдання ў залежнасці ад яго палітычнай арыентацыі.
У сувязі з гэтым укладальнікі імкнуліся даць найбольш поўную карціну сучаснай беларускай паэзіі. Другое выданне, выпушчанае выдавецтвам ИКАР пры падтрымцы Мінлічбы РФ, дапоўнена новымі імёнамі, якія ярка заявілі аб сабе ў літаратуры Рэспублікі Беларусь у апошнія 20 гадоў.
Асаблівасць Анталогіі ў тым, што тэкст кожнага верша дадзены на дзвюх мовах: на мове арыгінала і побач яго прераклад на рускую мову.
Берасцянымі трубамі ў небе гудуць журавы,
берасцянымі крыламі атуляюць дзве зорачкі дзённыя,
мая любая, гэна ж мы, паглядзі, гэна ж мы,
а нябёсы блакітныя, быццам азёры прадонныя!
О, як гожа і вечна вядуць карагод журавы,
і паганскія гукі складаюцца
ў песні астральныя.
На тым беразе неба прачнуліся зорныя львы –
гэна ж ты, мая любая, песні запела купальныя.
Берестяными трубами в небе гудят журавли,
берестяные крылья укрыли две звёздочки сонные,
погляди, моя любая, там – это мы, это мы,
небеса голубые как будто озёра бездонные.
О, как складно и вечно ведут караван журавли,
их языческий клёкот слагается в песни астральные,
на том береге неба проснулись в созвездии львы –
это ты, моя любая, песни запела купальные.
/Анатоль Сыс; пераклад Л. Турбіной/
Рускамоўны чытач атрымаў магчымасць пачуць, адчуць, зразумець паэтычны настрой беларусаў. Для славян найбольш цікавым з’яўляецца магчымасць параўнаць пераклад з арыгіналам; паспрабаваць пачуць натуральнае гучанне верша; адчуць мелодыку беларускай мовы... Для беларусаў-расіян, якія ў большасці пакрысе забываюць
матчыну мову, гэта яшчэ і высокамастацкі падручнік-дапаможнік, лёгкі напамін такіх мілагучных, родных, цёплых слоў: маланка, раніца, сумаваць, каханне, рамонкі, спякота, пацеркі, ласунак, люляць, суніцы, сваволіць, калыханка, знічка...
Выданне суправаджаецца прадмовай, даведкамі аб аўтарах і адрасавана ўсім аматарам і знаўцам паэзіі.
Прэзентацыя Анталогіі беларускай паэзіі выклікала шырокі водгук сярод маскоўскіх літаратараў, журналістаў, аматараў мастацкага слова і проста масквічоў-беларусаў, якія цікавяцца навінамі беларускай культуры. Сваімі думкамі пра новае выданне падзяліліся намеснік старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Расіі па нацыянальных літаратурах Валерый Латынін; вядомы паэт і перакладчык, член рэдкалегіі гэтай серыі паэтычных анталогій, складальнік многіх анталогій сучаснай еўрапейскай паэзіі Вячаслаў Купрыянаў; старшыня праўлення Краснадарскай краёвай пісьменніцкай арганізацыі Святлана Макарава-Грыцэнка; доктар філалагічных навук, выкладчык Літаратурнага інстытута імя А.М. Горкага Сяргей Казначэеў.
Падчас прэзентацыі Анталогіі прагучалі вершы на беларускай і рускай мовах у выкананні Сяргея Главюка, Алеся Кажадуба, Любові Турбіной, члена Савета ФНКА Беларусаў Расіі Рамана Чырвонцава, а таксама папулярныя
беларускія
песні ў выкананні дзіцячага
хору
Саюза кампазітараў Расіі – мастацкі кіраўнік заслужаны дзеяч культуры РФ, кампазітар Міхаіл Слаўкін,
дырыжор Алена Давыдава.