Рус | Бел

У рытме карысных спраў

26.05.2016      866

Мы праводзім адкрытыя ўрокі ў школах, лекцыі, гутаркі на розныя тэмы (гісторыя, фальклор, культура) для розных узроставых груп. І сапраўды: хто ж можа лепш расказаць пра беларусаў, як не мы самі! А слухачам прыемней атрымаць інфармацыю, як кажуць, з першых рук, ад носьбітаў культуры.

Сустрэчы арганізуем планава: ёсць нават Каляндарны план работы ІТБК. А часам дзейнічаем “па абставінах”. Скажам, нечакана паступіла прапанова ад Іркуцкага абласнога аддзялення Агульнарасійскага грамадскага дабрачыннага фонду “Расійскі дзіцячы фонд”: паўдзельнічаць у інтэрнацыянальным дзіцячым канцэрце “Прыангар’е — наш агульны дом!” Ён праходзіў у Палацы культуры “Металлург” горада Шэлехаў. Выступаў там харэаграфічны ансамбль “Диво-дивное” ДМШ № 7 (мастацкія кіраўнікі Ларыса Намаконава, Алеся Сізых) з беларускім танцам “Бульба”.

На імпрэзе сёлета была інфавыстава па нацыянальнасцях вобласці. Мы на ёй знаёмілі гасцей і ўдзельнікаў канцэрта з дэкаратыўна-прыкладной творчасцю беларусаў, расказалі пра дзейнасць ІТБК. На выставе былі вырабы з саломкі (традыцыйныя званочкі, конікі, куфэркі, вазы), тэкстылю (ручнікі даўнія і сучасныя, тканыя паясы, сувеніры), традыцыйнае беларускае адзенне, плеценыя кошыкі з лазы, а таксама наша газета “Маланка”, буклеты і каляндарыкі. Дарэчы, інтарэс да беларусаў — каласальны: мы ўсе свае візітоўкі раздалі, цяпер чакаем у суполцы папаўнення.

На пачатку сакавіка падключыліся да гарадскога праекту “Тыдзень нефармальнай адукацыі”, правялі два майстар-класы па вырабе жаўрукоў да свята Гуканне Вясны. Ахвотнікі змаглі папрацаваць рукамі, больш даведацца пра звычаі гукання Вясны ў беларусаў. Усяго навучанне прайшло больш за 30 чалавек. Спадзяемся, часцінка беларускай культуры будзе ім на карысць.

Яшчэ адна справа. Актывістам ІТБК прапанавалі паўдзельнічаць у IV Форуме адукацыйных арганізацый Іркуцкага раёна: з майстар-класамі па побытавых беларускіх танцах для старшакласнікаў. Калі ёсць да нас інтарэс — мы ахвотна адгукаемся, дзелімся сваім досведам. Форум прайшоў 17 сакавіка на турбазе “Звёздный” (Ангарскі раён), прысвячаўся традыцыйнай культуры Сібіры. Удзельнікі былі “ў тэме”, працаваць з імі было лёгка і прыемна. Хутка асвоілі асноўныя рухі Лявоніхі, Кракавяка, Падыспані, полькі “Верабей”. Некаторым так спадабалася, што й без нас, самастойна танцавалі ўвечары. У чатырох групах прайшлі навучанне больш за 150 хлопцаў і дзяўчат. Дарэчы, нашы ўрокі побытавога беларускага танца зацікавілі й педагогаў: просяць правесці ўжо і асобную сустрэчу для сваіх калег…

Цяпер — пра пазакласныя ўрокі. На іх 18 сакавіка прыйшлі другакласнікі 65-й школы, у чытальную залу Абласной дзіцяча-юнацкай бібліятэкі імя І. Уткіна. Мы расказвалі, паказвалі, дзе размешчана Беларусь на карце свету, хто яе жыхары і чаму іх клічуць беларусамі. Дзеці, дарэчы, таксама пры тым дзяліліся сваімі меркаваннямі. Іх цікавілі нашы рэкі, жывёлы, сімвалы Беларусі. Мы расказвалі яшчэ пра асноўныя святы, традыцыйны касцюм, паказалі, як гучыць беларуская мова. Замацавалі веды праглядам мультфільмаў па матывах беларускіх народных казак “Хлопчык-з-пальчык” (на рускай мове) і “Піліпка” (на беларускай). Фільмы ўсім прыйшліся даспадобы, а на ўроку нашым было 45 вучняў.

Цяпер класныя кіраўнікі гатовы працягнуць супрацоўніцтва: бо ёсць цікавасць да беларускіх абрадаў, рамёстваў.

І пра міжнародную сустрэчу. 26-31 сакавіка ў Манголіі (Улан-Батар) прайшла серыя нашых сустрэч са студэнтамі ВНУ. Працавалі па схеме: выстава і майстар-клас. Спачатку разгортвалі выставы: працы Ганны Радзівонавай “Керамічныя музінструменты па матывах беларускага свята Гуканне Вясны”. і Наталлі Бакуновіч пад назвай “Беларусь у мініяцюры” — калекцыя ўласнаручна зробленых лялек, апранутых у традыцыйны беларускі жаночы касцюм IX-XX стагоддзяў. Былі яшчэ вырабы з саломкі, газета “Маланка”, буклеты і кішэнныя календары. Студэнты з цікавасцю знаёміліся з выставай: разглядалі ўважліва беларускі арнамент, вывучалі акарыны — іх формы, матэрыял, дэкор і гучанне. Часам тыя пералівы, сапраўды, нагадвалі птушыны спеў. Затым у лекторыі мы распавялі пра Беларусь, беларусаў, традыцыйную вопратку, песні і танцы, выконвалі беларускія песні (звяртаючы ўвагу на шматгалоссе). Паказвалі фота і відэа ІТБК, і калі было месца, то абавязкова танчылі, што прыводзіла прысутных у захапленне. Нам спадабалася дапытлівасць мангольскіх студэнтаў, стараннасць і павага да мадэратара. Кранае іх непадробная радасць ад таго, што адбываецца: гэта зараджала нас энергіяй, стварала станоўчы вобраз Манголіі. “Мангольскія гастролі” нашы адбыліся па запрашэнні Міжнароднай асацыяцыі рускамоўных жанчын Манголіі, яе прэзідэнта Марыны Баншчыкавай.

Між тым сустрэчы са студэнтамі — то была, можа, траціна ўсёй нашай праграмы. Бо, напрыклад, харэаграфічны ансамбль “Диво-дивное” паўдзельнічаў у міжнародным дзіцяча-юнацкім конкурсе “Палярная Зорка”. А я наведала Пасольства Беларусі ў Ман­голіі — гэта ў цэнтры Улан-Батара, у дзелавой яго частцы. Мы гутарылі пра жыццё бела­русаў у Прыбай­каллі, нашы інтарэсы, праблемы. Дзве гадзіны праляцелі непрыкметна. Яшчэ ў мангольскай паездцы былі нашы іркуцкія сябры з Нацыянальна-культурнай аўтаноміі чувашоў Іркуцкай вобласці “Юлташ”. Сумесная праца ўзбагаціла нашы творчыя калектывы. У нас была цікавая экскурсійна-культурная праграма, сумесны з чувашамі канцэрт у комплекс-школе “Мангене”. Дарэчы, на вуліцах горада, у грамадскіх месцах мы сустракалі манголаў, якія разумеюць рускую мову. Яны цікавіліся: адкуль мы, з якой мэтай прыехалі. Са здзіўленнем слухалі пра беларусаў. У перыяд СССР, як вядома, шмат манголаў атрымалі вышэйшую адукацыю ў Беларусі, але такіх нам не сустрэлася. То можа ў наступны раз...

І яшчэ сустрэча: у 23-й школе горада Чарамхова. Школьнікаў зацікавіў традыцыйны беларускі строй, бо ў школе рэалізуецца праект “Лялькі ў нацыянальных касцюмах”. Я прадэманстравала і свой строй, і калекцыю лялек, апранутых у традыцыйны беларускі жаночы касцюм IX-XX стагоддзя — іх робіць Наталля Бакуновіч. Паказвала відэафільм “Народны беларускі строй”, зроблены ў Беларусі. Вучні ўсё запісвалі, фатаграфавалі. Абяцалі запрасіць на выніковае мерапрыемства іх праекта: ацаніць зробленае. То пажадаем юным чарамхоўцам поспеху!

Нарэшце, самая важная наша навіна: 23 красавіка прайшоў ХI з’езд Рэгіянальнай грамадскай арганізацыі “Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага”. Было 16 дэлегатаў з 8 аддзяленняў ІТБК. Прысутнічалі госці: Алег Рудакоў, Дзіяна Чудзінава, Васіль Ракіта — старшыня суполкі “Беларусы Чарамхова”. Старшынстваваў на з’ездзе Валерый Казак. Пасля справаздачы старшыні суполкі аб рабоце ІТБК за 2013-15 гады была справаздача рэўкамісіі. Прайшлі выбары Старшыні ІТБК на 2016-18 гады, двух яго намеснікаў, членаў абласной рады ІТБК, членаў рэўкамісіі, прынята Праграма развіцця ІТБК на новы перыяд. З’езд прызнаў працу старшыні ІТБК за справаздачны перыяд здавальняючай, мяне ж і пераабралі старшынёй— па красавік 2018 года. Намеснікамі старшыні выбраны Ю. Пярмінава ды А. Церахава. У склад абласной рады ІТБК увайшлі В. Казак, А. Лагута, А. Кухта, Т. Сіпакова. У склад Вялікай рады абраны А. Сіпакова, Ю. Пярмінава, А. Церахаў, В. Казак, А. Лагута, А. Кухта, Т. Сіпакова, Т. Гапоненка, Т. Садоўнікава, Н. Барадзейка, Т. Дарчы, Л. Лаўшук. З’езд прапанаваў узяць за аснову праект Праграмы і даручыў новаму складу абласной Рады, улічваючы ўсе заўвагі ды прапановы выступоўцаў, дапрацаваць дакумент і прыняць. Затым мы апублікуем нашу Праграму ў бюлетэні-газеце ІТБК “Маланка” і разашлем па аддзяленнях ІТБК.

Аўтар: Алена Сіпакова, старшыня Іркуцкага таварыства беларускай культуры

Яшчэ фота

У рытме карысных спраў
У рытме карысных спраў

Каментары да фатаграфій

  1. Студэнты з Улан-Батара далучаюцца да беларускай культуры
  2. Кераміка Ганны Радзівонавай
  3. Дэлегаты і госці ХІ з’езду Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага (першае фота)
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар