Рус | Бел
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах

Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах

11.11.2017      1662

Як той казаў, пазнаюць нашу дачку і ў андарачку. У Цэнтры даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі нядаўна прайшоў міжнародны форум беларускага касцюма, былі зроблены тры выстаўкі, абмяркоўваліся пытанні, звязаныя з традыцыйнай культурай, трансляцыяй гэтых помнікаў, вобразаў у сучаснае жыццё.

Трэба сказаць, што вучонымі сабрана каля ста сапраўдных арыгінальных комплексаў — гэта касцюмы з усёй Беларусі. Калі бачыш шыкоўныя строі, адмысловыя вышыўкі, адчуваеш, колькі працы ў іх укладалі жанчыны, як яны імкнуліся выглядаць прыгожа. І, галоўнае, наколькі актуальна гэта можа быць сёння.

— Касцюм усё паказвае. Вось мы такія людзі, ясныя, спакойныя, годныя. Нельга быць дрэнным чалавекам і мець такі касцюм, — заўважае загадчык аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра Барыс Лазука. — Вы б бачылі, як мяняюцца жанчыны, калі апранаюць традыцыйныя касцюмы. У іх нават паходка такая, быццам яны на подыуме высокай моды. Я сам нешта падобнае перажыў, калі ўпершыню апрануў шляхецкі касцюм з поясам, ботамі, галаўным уборам, нават вусы самі ўверх закруціліся. Сённяшняя мода на вышыванкі — гэта бальзам на душу...

— Знаёмства з сапраўдным нацыянальным касцюмам можа змяніць уяўленне пра саміх беларусаў?

— Нашу традыцыю ў ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя пачалі перадаваць у двух крайне супрацьлеглых варыянтах. Гэта або каралеўна ў саламянай кароне, што ідзе па вуліцы з гарманістам, або трактоўка такая: лапці, аборы, анучы, праца беспрасветная... Ісціна недзе пасярэдзіне. Звярніце ўвагу: нідзе ў традыцыйным аўтэнтычным касцюме вы не ўбачыце галаўнога ўбора ці ўпрыгажэнняў, выкананых з саломы. Ніводная кабета ў цвярозым розуме саламянае ўпрыгажэнне на галаву б не начапіла з той простай прычыны, што салома — гэта той матэрыял, якім ужо пакарысталіся. А ў жаночым вобразе (жанчына-маці, дзяўчынка чысцюткая, бялюткая) цанілася цнатлівасць, добрапрыстойнасць.

Гаворачы менавіта пра традыцыйны касцюм, мы не можам уявіць кабету без фартуха, а мужчыну — без пояса. Фартух служыў заслонай: калі жанчына насіла дзіцятка, закрывала лона сваё, каб захаваць плод. Сімвалам, знакам абароны ад нядобрага быў і пояс. Калі паказваю студэнтам кераміку эпохі неаліту, звяртаю ўвагу на тое, дзе знаходзіўся арнамент — на гарлавіне гаршка. А потым глядзім, дзе арнамент на касцюме — на рукавах, на каўняры, — там, дзе адкрывалася цела. Ён заўсёды служыў у якасці абярэга і нёс больш глыбокі семантычны змест. Чырвонае на белым — гэта заўжды асацыявалася з памяццю, традыцыямі, продкамі, сучасным жыццём. Бо чырвоны, як і чорны, колер сімвалізаваў жыццё, упэўненасць, перакананасць, шчасце. Часта ў мяне пытаюцца, напрыклад, якім сэнсам у вышыўцы напоўнены ромб. Трактаваць арнамент так прымітыўна — вельмі небяспечная забава. Мы не можам зараз сказаць, што абазначае гэты знак. Я праціўнік таго, каб знайсці тут «кветку шчасця», «каханне», значок, які абазначае «жыццё», і інш. Арнамент — гэта ўвасабленне нейкіх глыбінных спрадвечных уяўленняў нашых прашчураў, якія дайшлі да нас праз стагоддзі, тысячагоддзі.

— Нацыянальныя элементы касцюма сёння ў пашане. Што далей?

— Цяпер трэба быць вельмі ўдумлівымі і асцярожнымі. Трэба працаваць з моладдзю: будучымі дызайнерамі, распрацоўшчыкамі касцюмаў, рэчаў, каб пасля не нараджаліся вобразы, якія з народнымі традыцыямі не маюць нічога агульнага. Важна, каб яны ведалі мінулае, шанавалі. Без гэтага нельга выхаваць адукаванага і шчаслівага чалавека. Нідзе, ні ў якой арнаментацыі, вы не знойдзеце праяўлення адмоўнага, знакаў смерці, гібелі, трагедыі. Беларускі касцюм, арнаменты (таксама як і нашы абрады) — гэта толькі станоўчае ўспрыняцце свету, пазіцыянаванне сябе як асобы, якая — частка прыроды, ландшафту, матэрыяльнага асяроддзя.

— Што трэба ўлічваць пры рэканструкцыі, капіраванні, стылізацыі традыцыйнага касцюма?

— Гэта даволі вострая праблема. Так, мы вельмі часта бачым не зусім адэкватнае ўспрыняцце і выкарыстанне беларускага касцюма, напрыклад, танцавальнымі, харавымі калектывамі. Узяць музейны касцюм, дакладна скапіраваць і перанесці на сцэну не заўсёды магчыма, бо сцэнічныя законы дыктуюць свае падыходы. Напрыклад, танец патрабуе пэўных рухаў, а касцюм можа замінаць, і нейкія танцавальныя нумары будуць выглядаць смешна. Альбо зблізу мы бачым на фартуху складаныя арнаменты, але на адлегласці яны не будуць успрымацца, значыць, некаторыя элементы павінны быць больш буйныя, выразныя. Акрамя традыцыйнага народнага, быў яшчэ і шляхецкі касцюм. Сёння ў нашым музеі можна ўбачыць рэканструкцыю касцюма жанчыны 70—80-х гадоў ХІХ стагоддзя, гэта дыпломная работа студэнткі ўніверсітэта культуры і мастацтваў, выкананая з поўным паўтарэннем усіх нюансаў. Касцюм пашыты па лякалах ХІХ стагоддзя...

Адзін з элементаў шляхецкага касцюма — славуты слуцкі пояс. Іх вытворчасць была адноўлена зусім нядаўна. Барыс Лазука працаваў не толькі над аднаўленнем станка, які да нашага часу не захаваўся. Дзякуючы яму з'явіўся і музей гісторыі слуцкіх паясоў, у Слуцку ён размешчаны літаральна за сто метраў ад таго месца, дзе стаялі карпусы мануфактуры Маджарскіх. Пасля прагляду экспазіцыі наведвальнікі праз сцяну з антывандальнага шкла могуць паназіраць і за работай станка, які тчэ ў аўтаматычным рэжыме.

Праграма адраджэння слуцкага пояса адкрыла масу розных праблем. Спрэчкі вяліся нават наконт таго, як капіраваць пояс. Выцвілым, з паўтарэннем усіх тых недахопаў, што ёсць у музейных экспанатаў, ці інакш?

— Паколькі мы планавалі ствараць не толькі экспанаты для музеяў, але і выконваць, напрыклад, задачу дзяржаўных падарункаў, вырашана было рухацца па шляху аднаўлення і танальнай ды колеравай рэканструкцыі, — расказвае Барыс Андрэевіч. — У нас створаны дзяржаўны падарункавы фонд, прадметы для якога адбіраюць эксперты, спецыялісты ў розных галінах, вучоныя, мастацтвазнаўцы і тэхнолагі. Для нас галоўнае, як гэты прадмет (гэта можа быць кераміка, жывапіс, скульптура, шкло, ткацтва, зброя і інш.) пазіцыянуе нашу традыцыю, культуру. Так, копія пояса, выкананага з сапраўдных залатых ці срэбных нітак, — гэта ўзровень вельмі дарагога падарунка. Але ў Слуцку ткуць копіі паясоў і са штучнага шоўку і мітанітаў, якія імітуюць золата і срэбра, і кошт іх на парадак ніжэйшы. Да кожнай копіі пояса выдаецца сертыфікат (дзе ёсць інфармацыя, што пояс, напрыклад, выкананы з пэўнага арыгінала, з якога матэрыялу зроблены і колькі ўтрымлівае золата і срэбра). Радуе, што ў Слуцку пачалі рабіць і сувенірную прадукцыю, напрыклад, такую, як чахольчыкі для мабільных тэлефонаў, закладкі.

Сёння ў беларускіх музеях захоўваецца 11 паясоў-арыгіналаў. Так, мы можам зрабіць іх копіі, а што далей? Узяць узор для капіравання з музейнага фонду іншай дзяржавы — гэта мільён праблем. На прыкладзе тых паясоў, якія былі мне даступныя (я працаваў у музеях Расіі, Украіны, Польшчы), а гэта больш за 300 узораў, я паспрабаваў зрабіць сістэматызацыю, у тым ліку вычленіць матывы (напрыклад, ліста, ружы, кветкі і інш.) і напісаў кніжку «Слуцкія паясы і еўрапейскі тэкстыль XVІІІ стагоддзя. Малы лексікон». Гэта метадычка ў руках мастакоў. Так, сёння мы можам ствараць паясы, якіх раней не існавала, але выкананыя ў адпаведнай стылістыцы. Уласна, у XVІІІ стагоддзі заказчык, які прыязджаў да Маджарскіх, таксама мог выбіраць з пэўных загатовак ці заказваць нешта новае.

— Ці магчыма малюнкі слуцкіх паясоў перанесці на сучасныя тканіны, пасцельную бялізну?

— Пояс — гэта свецкая рэч мужчынскага гардэробу, але яна ішла і на пашыў літургічнага адзення. Зразумела, сёння ў ім не выйдзеш. Але ж фантазіраваць можна. Напрыклад, у Мінску можна ўбачыць асвятляльныя слупы, на апорах якіх узоры слуцкіх паясоў. Добрая ідэя стварыць дэкаратыўныя дызайнерскія элементы на прыпыначных пляцоўках ці пано, якія могуць упрыгожваць фасады дамоў, дзе б тэма слуцкага пояса таксама прагучала. Мы рыхтуемся да знакавых міжнародных спартыўных падзей. Спартсменаў ганаруюць медалямі на стужках, на якіх магчыма паўтарыць нейкія элементы нацыянальнага ўзору. Альбо возьмем мэблю. У пачатку ХІХ стагоддзя ў стылістыцы ампір яе абівалі паласатымі тканінамі. А чаму не выкарыстаць палосы, якія ёсць на слуцкіх паясах? Адна з маіх студэнтак зрабіла цудоўныя эскізы мяккіх пляжных сумак з узорамі слуцкіх паясоў, з элементамі беларускага арнаменту. У другой — тэма слуцкіх паясоў згадваецца ў жаночых упрыгажэннях. Больш за ўсё мяне ўразіў хлопец, які сказаў, што хоча зрабіць касцюм байкера з аздобай, як на поясах. Здавалася б, гэта значыць, сумясціць несумяшчальнае. І што ж прыдумаў хлопец — выкарыстаў медальёны са слуцкага пояса, перавёў іх у чорна-белы колер і зрабіў банданы — вельмі стыльныя. Трэба ўключыць мазгі, жаданне. Так, рэч, прадмет, які бытаваў у ХVІІІ—ХІХ стагоддзях, мы не можам скапіраваць і перанесці ў сучаснае жыццё. Павінен быць «пераклад» на сучасную мову з улікам ментальнасці, зручнасці, вобразнасці. Прычым гэта датычыцца не толькі слуцкіх паясоў, тое ж самае можна сказаць і пра традыцыйны касцюм, нашу арнаментацыю ці іншыя здабыткі матэрыяльнай нацыянальнай культуры.

Аўтар: Алена Дзядзюля

Яшчэ фота

Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах
Як пра набыткі продкаў расказаць у сучасных рэчах

Каментары да фатаграфій

  1. Прыклады традыцыйнага беларускага жаночага касцюма. (перше)
  2. Касцюм замужняй жанчыны пач. XX ст. Маларыцкі р-н Брэсцкай вобл.
  3. Кожны ўзор аўтэнтычнага касцюма нясе пэўную сімволіку.
  4. Касцюм замужняй жанчыны кан. XIX ст. – пач. XX ст. Старадарожскі р-н Мінскай вобл.
  5. Адзін з элементаў шляхецкага касцюма — славуты слуцкі пояс.
  6. Cлавуты слуцкі пояс
  7. Пояс кунтушовы. Другая палова XVIII ст.
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар