Рус | Бел
Якой будзе пастаноўка па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок»

Якой будзе пастаноўка па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок»

01.04.2018      1066

Тое, што Купалаўскі тэатр плануе паставіць спектакль па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок» — даўно не навіна. Але ў мінулую пятніцу купалаўцы запрасілі ў сваю малую залу самога аўтара бестселера, генеральнага партнёра пастаноўкі — кампанію velcom і паспрабавалі праз адсылкі да космасу расказаць журналістам, што гэта будзе. У выніку аказалася, што і рэжысёр — Раман Падаляка — і ўсе тры акцёры, якія будуць удзельнічаць у праекце, дакладна нічога не ведаюць, бо намацванне спосабу ўвасобіць на сцэне нашумелую кнігу яшчэ ў працэсе, а «калі ты нешта ведаеш упачатку, гэта часцей за ўсё памылкова». Так ці інакш, прэм'ера павінна адбыцца 16 мая, і ў будучых гледачоў ёсць час прачытаць альбо перачытаць «Радзіва «Прудок».

Не ведаю, наколькі гэта інфармацыя важная, але прынамсі займальная: пару гадоў таму Андрусь Горват, які праславіўся тым, што з'ехаў са сталіцы ў вёску Прудок, завёў казу, пачаў публікаваць кароткія тэксты пра вясковыя «кур'ёзы» ў «Фэйсбуку», а ў выніку напісаў папулярную кнігу «Радзіва «Прудок» — дык вось, пару гадоў таму ён працаваў дворнікам у Купалаўскім тэатры.

Праз нейкі час, а дакладней 23 сакавіка, ён сядзіць у малой зале тэатра перад натоўпам журналістаў як аўтар бестселера, па якім ставіцца спектакль, і кажа, што ўсё гэта не падаецца яму праўдай. «Я дагэтуль больш адчуваю сябе дворнікам Купалаўскага тэатра. У мяне такое адчуванне, што я сюды прыходжу, а ў мяне тут нейкі юбілей — усе так радасна сустракаюць, нейкія важныя падзеі адбываюцца...»

Будучая пастаноўка, дзе Андрусь Горват — галоўны канструктар, Раман Падаляка — той, хто вызначае дырэкторыю палётаў, а акцёры — касманаўты, адбудзецца пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Яе месцам стане тая ж малая зала Купалаўскага, а сыграюць герояў кнігі «Радзіва «Прудок» тры выканаўцы — Святлана Анікей, Дзмітрый Есяневіч і Міхаіл Зуй, які стане ўласна сцэнічным увасабленнем самога аўтара кнігі. Касманаўтам, альбо, як іх прадставіў Раман Падаляка, «адным з найлепшых акцёраў галактыкі», прыйдзецца выконваць у спектаклі адразу некалькі роляў.

«На пэўны час эксперыментальная сцэна Купалаўскага тэатра ператворыцца ў цэнтр кіравання палётамі, бо мы запланавалі вельмі рызыкоўнае, але цікавае падарожжа на планету Прудок. Калі ўсё будзе добра, спадзяёмся, мы паспяхова прызямлімся там 16-17 мая, адчуем гравітацыю і зямлю пад нагамі».

Цікава, што «Радзіва «Прудок» ужо не першы раз фігуруе ў праектах кампаніі velcom. У першую чаргу яно было названа адной з чатырох самых цікавых кніг для публікі ў праекце Movabox. А потым у фестывалі мабільнага кіно Smartfіlm Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў вельмі займальны, крыху тэатральны ролік «Ягор», пастаўлены па адным з эпізодаў «Радзіва». Рэжысёрам яго, дарэчы, быў Раман Падаляка, а акцёрамі — купалаўцы. Сам Андрусь Горват, па яго словах, паглядзеў «Ягора» разоў семдзесят. «Гэта вельмі крутая работа, я першы раз не паверыў проста, потым добра прыгледзеўся... Ну, я ў неверагодным захапленні ад таго, што купалаўцы адчулі тое, што нават я, можа быць, не да канца зразумеў. У мяне быў, па сутнасці, такі чарнавік, а яны неяк глыбей капнулі і паказалі тое, чаго я ў сваім тэксце не бачыў. Яны ніяк яго не сапсавалі, не ўнеслі ніякіх супярэчнасцяў, сябе туды дадалі, гэта ўвогуле крута».

Такое меркаванне «галоўнага канструктара» якраз пацвярджае словы Рамана Падалякі пра тое, што аўтары пастаноўкі з аўтарам кнігі знаходзяцца на адной касмічнай хвалі, калі першыя разумеюць, што хацеў сказаць другі. «Андрусь даў нам нейкі карт-бланш для таго, каб рабіць усё так, як нам здаецца патрэбным, каб мы нават мянялі тое, што ёсць у кнізе, месцамі, перастаўлялі і так і сяк...»

Таму, не ведаючы амаль нічога дакладнага пра будучы спектакль, але будучы заінтрыгаванай планетай Прудок, узаемапаразуменнем аўтараў і смешным мабільным фільмам «Ягор», публіка чакае прэм'еры. Урэшце, гэта сапраўды цікава: як даволі спецыфічная структура папулярнай кнігі ўвасобіцца ў тэатральнай форме.

Аўтар: Ірэна Кацяловіч

Яшчэ фота

Якой будзе пастаноўка па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок»

Каментары да фатаграфій

  1. Міхаіл Зуй
  2. Мікрафон у Андруся Горвата. (першае фота)
Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар