14 кастрычніка — 125 гадоў назад нарадзіўся Адам Бабарэка (1899 - 1938), беларускі пісьменнік
Каляндар памятных датУ межах экспазіцыі «Апосталка беларускага адраджэння», прымеркаванай да 140-годдзя Алаізы Пашкевіч, якая ў пачатку ХХ стагоддзя ўвайшла ў беларускую паэзію, прозу, публіцыстыку пад псеўданімам Цётка, прадстаўлены кнігі, дакументы, рэчы і фотаздымкі з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры. Большая іх частка паступіла ў музей у канцы 1990-х гадоў дзякуючы Лідзіі Арабей, даследчыцы і пісьменніцы, якая шмат гадоў займалася вывучэннем жыцця і творчасці Цёткі.
— Экспазіцыю можна ўмоўна падзяліць на тры часткі, — распавядае куратарка выстаўкі, навуковая супрацоўніца музея гісторыі беларускай літаратуры Святлана Куракова. — Першая — біграфічная, праз дакументы і фотаздымкі расказвае пра Алаізу Пашкевіч, станаўленне яе асобы. Тут ёсць копія дакумента з касцёла, дзе яна была хрышчаная; лісты з Львоўскага ўніверсітэта, дзе вучылася; пасведчанне пра тое, што будучая пісьменніца скончыла курсы па польскай літаратуры; фотаздымкі маці і сястры Алаізы Пашкевіч.
На выстаўцы можна пабачыць і своеасаблівы сямейны альбом Цёткі — ён некалі быў складзены Лідзіяй Арабей. Тут прадстаўленыя фотаздымкі родных пісьменніцы. Адзін з найкаштоўнейшых рарытэтаў экспазіцыі — габелен канца ХІХ ст., што некалі вісеў у доме сям'і Пашкевічаў.
Другая частка выстаўкі распавядае пра літаратурную працу Цёткі. Можна пабачыць арыгінальныя выданні зборнікаў «Скрыпка беларуская» і «Хрэст на свабоду», выдадзеныя ў 1906 годзе, а таксама «Першае чытанне для дзетак беларусаў». Ёсць і кнігі выбраных твораў паэткі, выдадзеныя ўжо пасля яе смерці.
Трэцяя частка прысвечана сучаснай інтэрпрэтацыі жыццёвага і творчага шляху Цёткі: тут размясціліся матэрыялы Лідзіі Арабей і Валянціны Коўтун, якія займаліся даследаваннем творчасці пісьменніцы, рукапісы вершаў-прысвячэнняў ёй. Гэта аўтографы твораў Рыгора Барадуліна, Алеся Разанава, Дануты Бічэль. Тут таксама змешчаны ілюстрацыі да твораў Цёткі, выкананыя Міколам Купавам і Анатолем Волкавым.
Адметна, што на базе выстаўкі «Апосталка беларускага адраджэння» праходзяць заняткі для дзяцей. Музейныя супрацоўнікі расказваюць пра жыццё і творчасць Цёткі, знаёмяць з яе дзіцячымі творамі, а таксама прапануюць маленькім наведвальнікам выступіць у ролі акцёраў і ілюстратараў — прачытаць казку «Чапля і журавель» з «Першага чытання для дзетак беларусаў» і намаляваць да яе ілюстрацыі.