24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных дат— Андрэй, як даўно вы размаўляеце на беларускай мове?
— Даволі даўно, дзесьці з 1998 года. Усе пакаленні маёй сям'і не саромеліся размаўляць па-беларуску. Бабуля паходзіць з Вязынкі. Адпаведна ў яе надзвычай сакавітая мова, вельмі блізкая да Купалавай. Я з дзяцінства яе чуў. Для мяне гэта было так натуральна. Бацькі, калі была магчымасць, таксама ахвотна размаўлялі па-беларуску.
— Наколькі ведаю, вы не толькі размаўляеце, але і ўсю дакументацыю на працы ведзяце па-беларуску. Як рэагуюць калегі?
— Я працую анестэзіёлагам-рэаніматолагам у аддзяленні рэанімацыі нованароджаных у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Маці і дзіця» з 2001 года. Зразумела, спачатку не абышлося без складанасцяў. Калегі казалі, што ім цяжка чытаць тое, што я пішу. Але я патлумачыў незразумелыя тэрміны. З часам усе адаптаваліся. Больш за тое, у лексіконе калег пачалі з'яўляцца беларускія слоўцы. Ну, напрыклад, у размове часта ўжываецца: «Эта перспектива, по-моему, тебя не «вабіць». Два дактары з нашага аддзела наогул размаўляюць са мной толькі па-беларуску.
— А пацыенты?
— Справа ў тым, што я працую з нованароджанымі дзеткамі. Што тычыцца іх бацькоў, то яны рэагуюць звычайна прыхільна — некаторыя нават пачынаюць мне адказваць па-беларуску. За ўвесь час (хутка 15 гадоў, як працую дзіцячым доктарам) можа быць два разы мне сказалі, што ёсць нейкія праблемы ў камунікацыі. Хоць бацькі знаходзяцца ў стрэсе, бо іх дзеці цяжкахворыя. Калі людзі хочуць паразумецца, то мова не можа быць перашкодай. Бацькі мяне хочуць разумець, бо я кажу часам не дужа прыемныя, але заўсёды важныя рэчы.
— Андрэй, раскажыце, як у вас з'явілася беларускамоўная мянушка?
— Аднойчы пераводзіў дзіця пасля перфарацыі кішэчніка з рэанімацыі ў хірургічны стацыянар. У медычных дакументах яго была такая фраза: «Вольнае паветра ў чэраўнай паражніне не вызначаецца». Наступны раз, калі я прыехаў у гэты стацыянар, мяне радасна сустракалі і цытавалі гэтую фразу. Яна ім так спадабалася, што нейкі час мяне называлі «вольным паветрам».
— Чула, што вас, як беларускамоўнага доктара, запрасілі на тэлебачанне весці праграму для дзетак «Дабраранак» на канале Беларусь 3?
— Прапанова была даволі нечаканая, але прыемная. Я вельмі люблю сваю працу, але надзвычай цікава паглядзець, як працуюць прафесіяналы ў іншых сферах. У нейкі спецыяльны вобраз не ўваходжу. Я — дзіцячы лекар, люблю дзяцей. Гэта маё, я такі па жыцці. І з мядзведзікам Топам размаўляю, як з дзіцём 3-4 гадоў. Пра тое, як захаваць здароўе ў розных сітуацыях, што трэба рабіць, каб жывот не балеў, каб не паслізнуцца на вуліцы, пра вітаміны... Гэта не праца, а нейкае суцэльнае задавальненне. Мая жонка жартоўна назвала гэты праект «Плюшавая педыятрыя». Вельмі цікавы досвед і, спадзяюся, карысны для дзетак. Прынамсі майму 11-гадоваму сыну першы выпуск спадабаўся, сказаў, што я прыстойна выглядаў(смяецца). Гэта натхняе на далейшую творчасць. Па меры сваіх сіл спрабую ўдзельнічаць у праекце. Нягледзячы на тое, што пакуль складана ўсё сумяшчаць. Я ж рыхтуюся да абароны дысертацыі.
— На якую тэму?
— Папярэджанне цяжкіх пашкоджанняў мозга ў глыбока неданошаных дзетак. Абараняць яе збіраюся па-беларуску.
— Андрэй, некаторыя маладыя бацькі не выхоўваюць дзіця па-беларуску, бо баяцца. Маўляў, калі падрасце, на трасянцы будзе размаўляць. Што можаце сказаць, абапіраючыся на свой досвед?
— Так, у майго сына родная мова — беларуская. Базавыя прынцыпы выхавання дзіцяці вызначылі разам з жонкай (яна мае педагагічную адукацыю). Што датычыцца трасянкі, то да 3 гадоў мы імкнуліся, каб Мірон чуў больш менавіта беларускую мову. Таму што ёсць такая заканамернасць, што калі блізкароднасныя мовы блытаюцца да трох гадоў, то яны будуць блытацца і надалей. У выніку, безумоўна, запас у Мірона рускіх слоў быў трохі бяднейшы, чым у некаторых дзяцей яго ўзросту. Але літаральна ў 2 класе ўсё зраўнялася. Ён ходзіць у беларускую гімназію, найлепшы вучань на сваёй паралелі. Нават алімпіяду ў школе выйграваў па рускай мове. Зараз ён адзін з любімых вучняў у настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Піша сачыненні, вершы як па-руску, так і па-беларуску. Карысць, каб будучым беларусам гаварыць па-беларуску, не ў тым, каб ведаць яшчэ адну мову. А ў тым, каб неяк сімвалічна, праз слова, намацаць свае карані, адчуць грунт пад нагамі, жывіцца энергіяй сваіх продкаў, шматлікіх людзей, якія тут жылі, стваралі. Думаю, што ў Мірона гэта натуральна адбываецца.
— Кастусь, ты неяк сказаў «добрых пекараў у нас шмат, а беларускамоўны — адзін я». Раскажы, калі ты пачаў размаўляць па-беларуску, што натхніла?
— Добра памятаю, што маім першым вершам, вывучаным на памяць у дзіцячым садку, быў «Хлопчык і лётчык». Не памятаю, каб я ў свае 5 гадоў дакучаў пытаннямі кшталту «а на якой мове гэты верш?», пэўна, ужо тады мова для мяне чужой не была. На шчасце, цяпер я далёка не адзіны беларускамоўны пекар, ёсць адмыслоўцы і акрамя мяне, з якімі магчыма абмеркаваць нешта прафесійнае на роднай мове. Што да беларускамоўнага асяродку, то ён ствараецца дастаткова хутка: пачніце размаўляць і вас падтрымаюць.
— Як рэагуюць калегі па працы, бацькі?
— Гэта збольшага надумана, што людзі адварочваюцца ад мовы. І на старой, і на новай рабоце (Кастусь не так даўно пераехаў працаваць у Мінск загадчыкам пякарні. — Аўт.) я сутыкнуўся з тым, што людзі, пачуўшы знаёмыя словы, імкнуцца падкрэсліць лагоднае стаўленне да яе. Што да бацькоў, то ад гутаркі на любой мове я на іх тварах бачу толькі задавальненне! (усміхаецца). Іншы раз пераходзіць на рускую даводзіцца, бо калі ведаеш абедзве, кантраляваць сябе падчас імклівых думак пры размове складана. Але затое, якое ўнутранае задавальненне адчуваеш, калі разумееш, што твой мозг у першую чаргу спрацоўвае па-беларуску. Раю кожнаму прыкласці намаганні, каб адчуць гэты момант шчасця.
— На сваіх караваях ты змяшчаеш беларускамоўныя выказванні. Як прыйшла ідэя? Наколькі карыстаюцца попытам караваі з такімі надпісамі?
— Не магу пахваліцца тым, што надпісы на боханах хлеба — гэта мая ідэйка. Здарылася так, што аднойчы мяне папрасілі да нейкага свята зрабіць некалькі караваяў з надпісамі і ў якасці падказкі прапанавалі шэраг рускіх прымавак. Вось тут мне і стала крыўдна, што на хлебе, узгадаваным на роднай зямлі, будзе красавацца няроднае слова. Тады я і вырашыў, ні з кім не раячыся, унесці свае карэктывы ў заданне. І ніхто на мяне за свавольства не пакрыўдзіўся. Хутчэй наадварот.
— Якой ты бачыш сваю місію? Можа, марыш адкрыць сваю беларускамоўную міні-пякарню?
— Вядома, цуды здараюцца і бывае так, што мары пачынаюць здзяйсняцца. Пэўна, я быў бы шчаслівы, калі б меў сваю беларускамоўную пякарню, але на гэты момант задаволены значна меншым. Калісьці я вырашыў для сябе, што маё жыццё павінна быць з водарам хлеба, то дзякуй лёсу, што ад хлеба мяне далёка не адштурхоўвае.