24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датПрэзентацыя кнігі, што пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці» пры падтрымцы «Белгазпрамбанка», прайшла ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. Менавіта тут цяпер месціцца выстаўка «Час і творчасць Льва Бакста», арганізаваная пры фінансавай падтрымцы, дарэчы, таксама «Белгазпрамбанка». Але пройдзе час, экспазіцыю дэмантуюць, арыгіналы работ Бакста і яго паплечнікаў схаваюцца ў фонды музеяў і банкаў, а кніга застанецца...
Кніга-эсэ, прысвечаная жыццю і творчасці мастака, які нарадзіўся ў Гродне, але пакарыў Парыж, стаў сімвалам Прыгожай эпохі, быў выдатным жывапісцам, графікам, сцэнографам, мадэльерам і нават літаратарам. Гэта не мастацтвазнаўчы аналіз творчага шляху нашага славутага земляка, не падборка сухіх фактаў, а цёплы расповед, разважанні, роздумы. Адметна, што менавіта Уладзімір Шчасны, перакладчык, дыпламат, а сёння арт-кансультант «Белгаз-
прамбанка», быў адным з ініцыятараў правядзення выстаўкі работ Бакста і паплечнікаў у Мінску.
— Амаль два гады таму пачалася праца па арганізацыі экспазіцыі, столькі ж доўжылася і работа над кнігай. Паступова назапашваўся цікавы матэрыял, а паколькі ніводнай папулярнай кнігі пра Бакста дагэтуль не было (ёсць толькі мастацтвазнаўчыя работы, прызначаныя для спецыялістаў), вырашыў аформіць вынікі сваіх пошукаў у кнігу эсэ, — распавёў Уладзімір Рыгоравіч.
На думку аўтара, менавіта эсэ можна лічыць найлепшым жанрам для расповеду пра выдатныя постаці: яны заснаваны на пэўных фактах, але і пісьменнік выказвае сваю думку, стаўленне, пры гэтым не прэтэндуе на паўнату, вычарпальнасць апавядання. Крыніцы стараўся адшукаць у архівах: Нацыянальным гістарычным архіве ў Мінску і ў Гродне, біблітэяках. Шмат цікавых звеcтак пра Бакста змяшчае двухтомнік яго ўспамінаў і лістоў «Мая душа адкрыта», што выйшаў некалькі гадоў таму ў Маскве. Карыстаўся французскім часопісам Соmoedіa Іllustre, нумарамі часопіса «Мир искусства», дзе некаторы час працаваў сам Бакст. Дарэчы, гэтыя выданні захоўваюца ў нашай Нацыянальнай бібліятэцы. Чытаў шмат успамінаў пра Бакста, якія пакінулі яго сучаснікі, — Бенуа, Дабужынскі, Сомаў. Уладзімір Шчасны лічыць, што ў гэтым выпадку мемуары нават больш каштоўныя для даследчыка, чым некаторыя дакументы.
Той час, у які жыў і працаваў Леў Бакст (канец ХІХ — пачатак ХХ ст.), можна назваць эпохай мастакоў-універсалаў. Яны ў адной асобе спалучалі мноства талентаў, былі жывапісцамі, графікамі, сцэнографамі, мастацтвазнаўцамі, літаратарамі, удзельнічалі ў напісанні лібрэта да балетаў і опер, над сцэнічным увасабленнем якіх працавалі, пакінулі выдатныя ўспаміны і нават літаратурна-мастацкія творы. Дарэчы, і сам Леў Бакст выдаў некалькі кніг.
— У 1924 годзе ён напісаў выдатны аўтабіяграфічны раман «Першае жорсткае каханне», не так даўно ён быў апублікаваны ў Маскве, — зазначае Уладзімір Шчасны. — Гэтая кніга расказвае пра юнацтва Бакста і яго трагічны раман з французскай актрысай Марсель Жасэ. Бакст вельмі цікава апісвае атмасферу Пецярбурга канца ХІХ ст. Цікава, што для стварэння вобразу свайго героя ён карыстаецца ўласным імем і прозвішчам, імёны ж усіх астатніх персанажаў, якія мелі рэальных прататыпаў, хавае за псеўданімамі. Бакст напісаў і нарыс пра паездку з Сяровым у Грэцыю, ён апублікаваны ў Берліне ў 1923 годзе.
Сямейныя таямніцы і творчыя клопаты, жыццё пецярбургскай, парыжскай творчай багемы і выданне часопіса «Мир Искусства», мноства фотаздымкаў, эскізаў, рэпрадукцый работ... За кнігай «Леў Бакст: Жыццё пяром Жар-птушкі» чытач прыемна прабавіць не адну гадзіну. Як кажа сам Уладзімір Шчасны, цікавасць публікі, яе жаданне знаёміцца з кнігай і будзе найлепшай пахвалой.
Ён распавядае:
— Калі пабачыла свет мая першая кніга «Мастакі Парыжскай школы з Беларусі», неяк мне патэлефанаваў прафесар Адам Мальдзіс і сказаў: я пачаў кнігу чытаць увечары і скончыў раніцай. Спадзяюся, што гэтую работу таксама чакае добры лёс, што чытач не засне на пятай старонцы і прачытае калі не за адзін раз, то да канца.
Сёння Уладзімір Шчасны, крыху стомлены Бакстам, распрацоўвае канцэпцыі новых выставачных праектаў. Спадзяёмся, яны гэтак жа моцна захопяць аўтара, і аматары мастацтва атрымаюць некалькі новых цікавых кніг.