24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЁн любіў гуляць у шахматы, а на дачы ў Ждановічах вырошчваў кукурузу. Быў добрым псіхолагам і заўважаў нават самыя маленькія дробязі. Усё жыццё пісаў байкі, п'есы, раманы на адной нямецкай друкарцы «Фартуна», дзе нямецкія літары былі замененыя на беларускія, і цягам чвэрці стагоддзя займаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі.
Кандрат Крапіва (сапр. Кандрат Атраховіч) — на працы — строгі, нават суровы кіраўнік, мудры настаўнік і вядомы драматург, байкапісец, дома быў ласкавым мужам, клапатлівым бацькам і ўважлівым дзедам. Вось такога Кандрата Кандратавіча — не схематычнага, не забранзавелага, а роднага і блізкага — мы сёння, у дзень 120-годдзя класіка, ўспамінаем з яго ўнучкай Аленай Атраховіч. Менавіта яна цяпер з'яўляецца ўладальніцай аўтарскіх правоў на творы дзеда, апякуецца яго духоўнай спадчынай і марыць пра стварэнне музея Крапівы.
З гадамі постаці, вобразы вядомых людзей ператвараюцца проста ў схемы: знікаюць рысы індывідуальнасці, за пералікам творчых дасягненняў, узнагарод адыходзіць у цень характар. Алена Ігараўна кажа, што сёння сваю ролю бачыць у тым, каб шырока, маштабна расказваць пра дзеда, каб у гісторыі застаўся цэласны вобраз чалавека. Напрыклад, яго звычкі.
— Звычкі Кандрата Кандратавіча можна назваць... сялянскімі. Ён жа сам з сялянскага роду, прадзед, дзед былі прыгоннымі, нават бацька нарадзіўся яшчэ пад прыгонам, — расказвае Алена Атраховіч. — Ён і вырас у вёсцы. Такой сялянскай звычкай магу назваць працавітасць, неверагодную працаздольнасць. Дзядуля з дзяцінства зведаў гэтую долю. Шмат было сялянскай працы, вельмі цяжкай. Ён успамінаў, як яшчэ малога маці брала яго ў поле, а калі быў падлеткам — ужо і сам за плугам хадзіў. У бацькоў не было асаблівай сістэмы выхавання — дзеці выхоўваліся працай. Гэта засталося на ўсё жыццё. Колькі я памятаю свайго дзядулю, ён увесь час працаваў. Мог сядзець за пісьмовым сталом дапазна, казаў так: «Не трэба чакаць натхнення, трэба садзіцца і працаваць. Тады і натхненне з'явіцца».
Дарэчы, гэтая звычка стала добрым прыкладам і для дзяцей, унукаў. Бачылі, што ў сям'і не толькі адпачываюць, тэлевізар глядзяць, але і працуюць. Прыйдзе дзед дахаты, адпачне гадзіну-другую — і зноў за пісьмовы стол. І так усё жыццё. Практычна да апошніх дзён. Нават калі ён пайшоў з жыцця, то на пісьмовым стале засталіся нататкі. І ва ўзросце 95 гадоў яшчэ строіў планы, марыў стварыць слоўнік беларускіх прыказак і прымавак. Але ў чарнавіках засталіся толькі прыклады на літару «А»...
Звычку многа хадзіць Алена Ігараўна таксама называе ў ліку вясковых. Калі Крапіва быў малады, то на вучобу ў Стоўбцы з Нізка, што на Уздзеншчыне, нярэдка хадзіў пешкі. Пазней перавёўся ў вучылішча ў Койданаве (сёння Дзяржынск) — і туды таксама хадзіў. А гэта і няблізкі, і няпросты шлях: праз лясны гушчар. Унучка ўспамінае, што ў Крапівы была лёгкая паходка і ён з задавальненнем выпраўляўся на доўгія прагулкі.
— У дзядулі быў яшчэ адзін любімы занятак, але ўжо хутчэй гарадскі, — дадае Алена. — Крапіва заўсёды ўважліва вывучаў прэсу, выпісваў шмат газет. І вельмі любіў чытаць «Звязду», нават сам публікаваў у «Звяздзе» свае байкі, шмат гадоў сябраваў з газетай.
У лёсе кожнага чалавека маюць ролю не толькі прафесійныя дасягненні, абставіны грамадскага жыцці, але і сям'я. Той, хто крочыць па жыцці побач, — не менш важная частка асабістага сусвету творцы. Якія жанчыны цягам яго доўгага жыцця суправаджалі выдатнага пісьменніка, натхнялі на творчасць? На гэтае пытанне Алена Атраховіч адказвае ахвотна і падрабязна: было ў Крапівы і рамантычнае першае каханне, і шчаслівы шлюб, які доўжыўся больш за 40 гадоў... Але пачалося ўсё з маці.
— На жаль, яго мама, Пелагея Данілаўна, доўга не пражыла. Яна памерла, калі дзеду было 10 гадоў, — кажа Алена Ігараўна, — Але ён памятаў сваю маму, расказваў пра яе. Яна была вельмі сціплая і добразычлівая жанчына, вельмі ахайная. Мне здаецца, што менавіта ад яе дзядуля пераняў гэтую неверагодную акуратнасць, амаль педантычнасць. Яна была ціхая, сціплая, вельмі добра спявала беларускія песні. У яе было аж дзевяцёра дзяцей, але выжылі толькі двое — Кандрат Кандратавіч і старэйшая сястра Ганна.
З Ганнай Крапіва сябраваў усё жыццё. Калі маці памерла, то менавіта яна дапамагала яго даглядаць, пакуль не выйшла замуж. Старэйшая сястра пражыла звычайнае спакойнае жыццё. Выгадавала двух сыноў. Ведала шмат старажытных беларускіх песень.
— Мая мама ўспамінае, як на іх з татам вяселлі яна неверагодна прыгожа спявала. Я таксама добра памятаю цётку Ганну. Была высокая, стройная, з прыгожымі рукамі — з доўгімі пальцамі і вузкімі шляхетнымі далонямі, — дадае Алена Атраховіч.
Але была ў лёсе Крапівы адна жанчына, якая адыграла адмоўную ролю, — мачаха Домна. Калі маці памерла, бацька ажаніўся спачатку з адной жанчынай, але яна была кволая і доўга не пражыла, а пасля з'явілася другая. Здаровая, моцная, гаспадарлівая, ды характарам злосная, крыклівая. Вельмі не любіла, калі Крапіва чытаў кніжкі, лічыла, што гэта панскі занятак, чытаць можна, толькі калі больш няма чаго рабіць. Нават крычала: «З кнігі ты хлеба есці не будзеш».
— Дзядуля з цеплынёй распавядаў гісторыю свайго першага кахання, і гэта яшчэ не была мая бабуля, — інтрыгуе Алена Атраховіч. — Гэта проста рамантычная гісторыя, якая здарылася ў юнацтве, але мела цікавы працяг у сталасці.
А было ўсё вось як: ішла імперыялістычная вайна. 1915 год, Крапіву прызвалі на ваенную службу ў царскую армію. Ён скончыў Гатчынскую школу прапаршчыкаў і быў накіраваны на службу ў горад Асташкаў на прыгожым возеры Селігер. Там служыў вясну і лета 1916 года. Асташкаў — горад, вядомы сваім культурным асяродкам; тут быў славуты тэатр, дзе ставілі п'есы Грыбаедава, не папраўленыя цэнзурай, а таксама багатая бібліятэка. І вось менавіта ў бібліятэцы Крапіва пазнаёміўся з гімназісткай Кацярынай, дачкой заможнага купца. Яны разам чыталі кнігі, абмяркоўвалі іх, а пасля і закахаліся адно ў аднаго, пачалі сустракацца. Марылі, што кожны з іх зробіць нешта важнае для краіны.
Але сталася так, што бацька Кацярыны паабяцаў выдаць яе замуж за багатага унтэр-афіцэра. Як яна ні плакала, як ні прасіла — воля бацькі была выкананая. Кацярына выйшла замуж... Восенню прыйшла вестка, што Крапіву адпраўляюць на румынскі фронт. Кацярына, хоць ужо была замужняй, прыбегла да яго ў часць, каб развітацца, і падарыла талісман-сімвал — сярэбраны рубель з выявай імператрыцы Кацярыны. Іх сцежкі разышліся.
Кандрат і Кацярына больш ніколі не пабачыліся, але... перапісваліся да самай смерці. Алена Ігараўна раскрывае інтрыгу:
— Цікава, што ўжо ў другой палове ХХ ст. Кацярына знайшла Крапіву. Пачула пра яго па ўсесаюзным радыё і праз Маскву, Саюз пісьменнікаў, даведалася адрас, напісала ліст. Як Крапіва здзівіўся, калі пабачыў на канверце, што прыйшла вестка з Асташкава! Не адразу, але адказаў, завязалася перапіска на доўгія гады. Кацярына была вельмі актыўная, пасля рэвалюцыі працавала старшынёй саўгаса. А калі ёй споўнілася 90 гадоў, Крапіва павіншаваў сяброўку і напісаў «У нашым палку доўгажыхароў прыбыло!».
Слухаючы пра такое неверагоднае завяршэнне гісторыі першага кахання Крапівы, здзіўляюся: у яго на той час ужо была сям'я, няўжо жонка Кандрата Кандратавіча і бабуля Алены Ігараўны не раўнавала мужа?
— Ды не, — смяецца спадарыня Алена, — яны нават разам чыталі лісты Кацярыны, а перапіска была надзвычай цырымонная: паважаны Кандрат Кандратавіч, шаноўная Кацярына Пятроўна. Ды і мая бабуля Алена Канстанцінаўна была, бадай, самай галоўнай жанчынай у жыцці Крапівы. Нейкага бурнага кахання паміж імі не існавала, але было вельмі глыбокае, спакойнае пачуццё, узаемная згода і разуменне. Ды і гісторыя іх сустрэчы вельмі простая.
Быў 1918 год. Крапіва дэмабілізаваўся з войска, прыехаў у родны Нізок. Там убачыў дзяўчыну Алену, прыгожую, гарэзлівую, вясёлую. Даведаўся, што яна з сям'і прыезджых з суседняй вёскі пагарэльцаў. Алена яму вельмі спадабалася, ажаніўся з ёй нават насуперак волі бацькі, той быў супраць шлюбу, бо дзяўчына не мела ніякага пасагу. А пазней нават паўтарыў яе вобраз у рамане «Мядзведзічы» — вельмі аўтабіяграфічным творы, дзе апісваюцца жыхары Нізка, розныя гісторыі з іх жыцця. Вось як апісвае Крапіва гераіню Зосю: «Прыгожая ды прыветная. Засмяецца — здаецца, сонца выбліснула ў хмарны дзень. Аж усярэдзіне цёпла ад гэтай усмешкі. За хараство і вось гэтую цёплую ўсмешку і ўзяў яе ў жоны».
— Гэта якраз пра маю бабулю! — падкрэслівае Алена Атраховіч. — Яна так сонечна ўсміхалася, была вясёлая, гаваркая, многа смяялася. Менавіта яна прынесла ў жыццё дзядулі гэты сонечны праменьчык. Крапіва вельмі любіў, калі ў сям'і ўсё па-добраму, можна і пагутарыць, і пасмяяцца. Так разам яны пражылі больш як 40 гадоў. Але, на жаль, бабуля цяжка захварэла і досыць рана пайшла з жыцця. Першы год пасля яе смерці Крапіва кожны дзень, едучы з працы, наведваў яе на могілках. І цягам дзесяці гадоў пасля спачыну бабулі ў дзень яе смерці збіраў усю сям'ю дома. Мы разам успаміналі яе. Неаднаразова дзед атрымліваў прапановы зноў ажаніцца, але адмаўляў, казаў: «У мяне ўжо ёсць сям'я».
Ёсць у Крапівы п'еса «На вастрыі» — пра ўрачоў, калектыў супрацоўнікаў бальніцы. Адну з галоўных гераінь завуць Зоя. Яна старшая медсястра аддзялення. Вельмі ўважлівая да пацыентаў, добрая і клапатлівая. У гэтай гераіні таксама ёсць прататып — нявестка, урач па прафесіі, якую завуць таксама Зоя.
— Так, гэта мая мама, Зоя Мікалаеўна, — расказвае Алена Ігараўна. — У пасляваенныя гады яны з татам — сынам Крапівы Ігарам — спачатку пазнаёміліся як суседзі, пачалі сябраваць. А ўжо потым сталі сям'ёй, і Крапіва ставіўся да яе як да дачкі, з цеплынёй прыняў. Калі дзядуля ўжо стаў старэнькі, яго апанавалі хваробы, дык мая мама вельмі клапатліва яго даглядала, дапамагала змагацца з хваробамі, падтрымліваць здароўе ў належным стане, выконваць рэжым дня.
Была ў Кандрата Кандратавіча і любімая дачка Людміла. Алена Ігараўна ўспамінае, што яна была вельмі прыгожая, зграбная і надзвычай таленавітая, добра спявала і марыла стаць актрысай. Але цяжкая хвароба не дазволіла здзейсніць задумкі і рэалізаваць талент. Людміла памерла досыць рана, сам Крапіва скрушна казаў: «Адмучылася мая дачушка...»
Кандрат Кандратавіч вельмі любіў дзяцей. З ахвотай пазычаў суседскім школьнікам кнігі з хатняй бібліятэкі, а калі вярталі — абмяркоўваў з імі прачытанае. Таму і да ўнукаў, праўнукаў ставіўся з неверагоднай цеплынёй.
— Мая дачка Варвара, праўнучка Крапівы, была не толькі яго добрай сяброўкай, але і натхніла на напісанне новай кнігі, — кажа Алена Атраховіч. — Варвара вельмі любіла з дзядулем гуляць у словы. Ён чытаў ёй уголас і прыдумляў філалагічныя гульні. Праз некаторы час з іх атрымалася кніга «Загадкі дзеда Кандрата».
Дарэчы, сёння Варвара ўжо гадуе свайго сына, працуе над кандыдацкай дысертацыяй па паліталогіі ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. А сама Алена Ігараўна загадвае кафедрай мадэлявання касцюма ў Інстытуце сучасных ведаў імя А. Шырокава. Напэўна, у свой час Крапіва ганарыўся поспехамі ўнучкі. Таму пытаюся, чаму яна так сціпла абышла ўвагай сябе, не вызначыла ўласную ролю ў жыцці славутага дзеда?
— Спадзяюся, што я не падвяла дзядулю: добра ў свой час вучылася, навукай займалася, як ён мне раіў, кандыдацкую дысертацыю па мастацтвазнаўстве абараніла. Не расчаравала пры яго жыцці, — адказвае Алена Ігараўна. — Але і сёння бачу сваю вельмі значную грамадскую ролю — займаюся яго духоўнай спадчынай, вывучаю яго жыццё па дакументах, пішу кнігу пра дзеда.
Цікава, а ці з'яўляецца дзень нараджэння дзеда святам для сям'і Атраховіч? Ці згадваюць яго? Унучка кажа:
— Мы яго і так памятаем, часта наведваемся на Усходнія могілкі, дзе дзядуля пахаваны. Ведаеце, калі пабудзеш на яго магіле, то неяк лёгка становіцца на душы. Ён быў вельмі светлы чалавек. Таму і ўспамінаем мы яго ў сям'і з вельмі светлым пачуццём. Ён у душы быў добразычлівы, хоць і строгі, магчыма, нават суровы. Натуральна, штогод усёй сям'ёй адзначаем дзень нараджэння Крапівы.