Рус | Бел
Аб'яўлены конкурс «Мы — будучыня літаратуры»

Аб'яўлены конкурс «Мы — будучыня літаратуры»

11.02.2016      1938
Аб'яўлены конкурс «Мы — будучыня літаратуры»

Гэтая падзея стала адным з асноўных акцэнтаў семінара маладых літаратараў Беларусі і Расіі, што прайшоў учора ў межах ІІ Міжнароднага сімпозіума «Пісьменнік і час: пераемнасць у літаратуры». Арганізатары і ініцыятары конкурсу — Міністэрства інфармацыі краіны, Выдавецкі дом «Звязда», выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Прыняць удзел у гэтым творчым спаборніцтве могуць аўтары ва ўзросце да 30 гадоў.

Празаічныя тэксты, невялікія па аб'ёме, напісаныя ў жанрах апавядання, нарыса, навелы, эсэ на беларускай ці рускай мовах, будуць прымацца на конкурс з 1 сакавіка да 30 кастрычніка 2016 года (палажэнне аб ім хутка з'явіцца ў друку).

Дзясятку пераможцаў, чые творы пабачаць свет на старонках адмысловага зборніка ці літаратурна-мастацкай перыёдыкі, экспертны савет назаве роўна праз год — падчас наступнай Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу.

Думаецца, што конкурс «Мы — будучыня літаратуры», а таксама ўдзел у семінары літаратараў — выдатная магчымасць для маладых творцаў заявіць пра сябе, пазнаёміцца з калегамі і атрымаць парады ад вопытных пісьменнікаў. Гаворачы пра мэты новага конкурсу, першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Ігар ЛУЦКІ падкрэсліў, што малады ўзрост — яшчэ не падстава для сціпласці і не перашкода на шляху да шырокага прызнання. Як прыклад — творчы лёс пісьменніка Міхаіла Шолахава, які першыя тамы сваёй знакамітай эпапеі «Ціхі Дон» апублікаваў ужо ў 23 гады. І хоць сёння папулярнасць мастацкай літаратуры невялікая, гэта не змяншае ролі пісьменніка ў гісторыі. Варта працаваць так, каб да слова творцы прыслухоўвалася грамадства, а на выдатных раманах і аповесцях выхоўваліся новыя пакаленні.

Пра важнасць працы з маладымі аўтарамі распавёў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Дарэчы, летась сябрамі саюза сталі 11 маладых творцаў, і на думку Мікалая Іванавіча, саюзу сёння варта арыентавацца менавіта на іх творчыя здабыткі, перабудоўвацца з улікам новага мыслення і актуальных тэндэнцый у літаратуры. Гэтыя аўтары ўжо маюць мноства публікацый, праводзяць сустрэчы з чытачамі, іх творы выдаюцца і ў адмысловай кніжнай серыі «Мая першая кніга».

А самім маладым аўтарам, цікава, патрэбна ўдзельнічаць у семінары літаратараў і творчым конкурсе? На думку ўдзельніцы семінара, празаіка Алены Тулушавай з Расіі, супраца са старэйшымі калегамі, абмеркаванне з імі твораў — адзін з самых перспектыўных спосабаў заявіць пра сябе, «дастукацца» да чытача праз публікацыі ў літаратурна-мастацкай перыёдыцы. У гэтым маладым расійскім аўтарам сёння дапамагае вопытны празаік, намеснік галоўнага рэдактара часопіса «Наш современник» Аляксандр Казінцаў. Пачаткоўцам вельмі цяжка знайсці сваю аўдыторыю і пры гэтым не стаць выхаванцам публікі, не схіліцца да белетрыстыкі нізкага гатунку. Публікацыя ў інтэрнэце, дзе і так змешчана мноства тэкстаў рознага ўзроўню, — не выйсце, а вялікая папулярнасць сацыяльных сетак, дзе людзі пішуць па некалькі радкоў амаль кожны дзень, не спрыяе крышталізацыі таленту: даводзіцца рабіць выбар на карысць факта, а не прыгожых апісанняў, вобразнасці, як мяркуе Алена.

Так, конкурсу для маладых літаратараў «Мы — будучыня літаратуры» дадзены старт. Пройдзе год — і чытачы даведаюцца прынамсі пра дзясятку новых таленавітых аўтараў, а самі творцы пабачаць сваіх калег, побач з якімі ім працаваць у літаратуры не адно дзесяцігоддзе — сачыць за поспехамі і спаборнічаць.

Аўтар: Марына Весялуха

Каментар да фатаграфіі

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар