Рус | Бел
«Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.» прэзентаваны ў Мінску

«Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.» прэзентаваны ў Мінску

12.03.2016      2191
«Канкарданс беларускай мовы ХІХ ст.» прэзентаваны ў Мінску

Канкарданс... гэтае слова гучыць, як назва еўрапейскага сярэднявечнага танца. Праўда, у рэчаіснасці яно зусім не мае дачынення да танцавальнага мастацтва, але свае вытокі бярэ ўсё ж у Сярэднявеччы. Першы канкарданс — слоўнік-даведнік, складзены на падставе пэўнага корпуса тэкстаў — быў створаны ў Еўропе ў XІІІ стагоддзі і грунтаваўся на Бібліі. Цікава, што ў тыя часы над яго распрацоўкай шчыравалі ажно 500 манахаў.

Стварэнне канкарданса было справай вельмі працаёмкай і доўгатэрміновай (варта ўлічыць усе словы, якія ўжываюцца ў тэкстах, што вывучаюцца, прывесці іх кантэкст і паказаць месца згадкі ў творы), таму першыя падобныя працы прысвячаліся самым значным кнігам — Бібліі, Карану, «Ведам» і творам Уільяма Шэкспіра.

Стварэнне сучаснага «Канкарданса беларускай мовы ХІХ ст.» пачалося ў Інстытуце мовазнаўства Акадэміі навук Беларусі яшчэ ў 1979 годзе. І ХІХ стагоддзе для такога падрабязнага вывучэння мовы было выбрана не выпадкова. Гэта надзвычай цікавы, але і вельмі недаследаваны з пункту гледжання мовы час. Тады наша нацыя існавала насуперак палітыкам паланізацыі і русіфікацыі, а беларуская мова афармлялася як мова мастацкай літаратуры.

— Грунтоўны канкарданс — унёсак у справу развіцця роднай мовы, яе папулярызацыю, рэпрэзентатыўнасць сярод моў свету. Гэтая праца — важкі навуковы здабытак для нашай краіны, — падкрэсліў дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі акадэмік Аляксандр Лакотка.

«Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя» пабачыў свет у Выдавецкім доме «Беларуская навука» ў выглядзе электроннага выдання на кампакт-дыску. Такое рашэнне можна патлумачыць неверагодна вялікім аб'ёмам інфармацыі, што змяшчае работа: калі раздрукаваць усе даведнікі, якія ў яго ўваходзяць, на паперы, атрымаецца каля 20 тамоў!

Ніна Сянкевіч, малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, якая шмат гадоў працавала над распрацоўкай канкарданса (яна праграміст па адукацыі) і яго напаўненнем, расказала:

— Калі праца над канкардансам толькі пачыналася, навукоўцы не мелі поўнага корпуса тэкстаў, напісаных аўтарамі ў ХІХ стагоддзі. Першапачаткова аналізавалася толькі 283 творы. Але работа над гэтым грунтоўным выданнем падштурхнула і да выяўлення новых тэкстаў, пошуку рукапісаў і больш поўных варыянтаў твораў. І сёння ў корпусе канкарданса — 497 тэкстаў. Гэта як вядомыя нам творы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Каруся Каганца, Аляксандра Ельскага, Кастуся Каліноўскага, іншых аўтараў, так і зусім новыя тэксты.

Каго можа зацікавіць такое выданне? Натуральна, спецыялістаў-мовазнаўцаў, лексікографаў, якія працуюць над складаннем новых слоўнікаў. Але «Канкарданс беларускай мовы ХІХ стагоддзя» можа быць цікавым і простаму чытачу, захопленаму гэтым часам: апроч непасрэдна слоўнікаў і канкардансаў мовы асобных аўтараў, на дыску можна знайсці і спісы твораў ХІХ стагоддзя, і самі тэксты, напісаныя ў той час.

Але мне бачыцца яшчэ адзін аспект выкарыстання гэтага канкарданса: ён можа быць надзвычай карысным для пісьменнікаў і драматургаў, бо дапаможа ўзнавіць стылістыку, лексічны складнік мовы таго часу, дазволіць дакладна стварыць характары герояў, якія жылі ці маглі жыць на Беларусі ў ХІХ ст.

Аўтар: Марына Весялуха

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар