24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датДоўгія-доўгія гадзіны вандровак па знакавых мясцінах, гутарак з экспертамі і пошукаў у архівах... Кансультацыі са спецыялістамі, праца з крыніцамі і ўласныя разважанні... І як вынік такой грунтоўнай працы журналіста, краязнаўца, экскурсавода Віктара Корбута — новая кніга «Ад Мінска да Вільні. Гісторыя Беларусі ў журналісцкіх нататках», што пабачыла свет у выдавецтве «Беларусь» і гэтымі днямі з'явіцца ў кнігарнях.
Імя Віктара Корбута ўжо досыць добра вядомае айчыннаму чытачу. Яго публікацыі, прысвечаныя мінуўшчыне нашага краю, часта з'яўляюцца на старонках перыёдыкі: газеты «СБ. Беларусь сегодня», часопіса «Беларуская думка», іншых выданняў. Больш за тое, у 2013 годзе ў Выдавецкім доме «Звязда» выйшла Віктарава кніга, прысвечаная гісторыі сучаснай беларускай сталіцы «Мінск. Найлепшы від на гэты горад». А летась спадар Корбут звярнуў увагу на супольную з літоўцамі сталіцу гістарычную і прадставіў камплект паштовак «Vіlnіus — Вільня. Сталіца Літвы ў гісторыі Беларусі».
Думаецца, новая кніга можа разглядацца як спроба «прымірыць» абодва цэнтры, разгледзець агульную гісторыю гэтых знакавых для беларускай культуры гарадоў у больш шырокім кантэксце мінуўшчыны Беларусі і суседніх краін. Аўтар тлумачыць выбар такога кірунку даследавання:
— Парадаксальна, але дагэтуль не было напісана работы, дзе асвятлялася б гісторыя Вільні ў кантэксце гісторыі Беларусі, калі не лічыць даведніка-спадарожніка Лявона Луцкевіча «Вандроўкі па Вільні». У сталіцы Літвы здаўна, яшчэ з XІV стагоддзя, жылі нашы продкі. «Хто працуе пільна, у таго ў хаце Вільня», — народная прымаўка сведчыць, што для многіх беларусаў Вільня на працягу стагоддзяў была важным горадам. Тут нашы продкі спрадвеку жылі разам з літоўцамі, палякамі, яўрэямі і іншымі народамі. Горад акружаюць вёскі, дзе гучала і яшчэ гучыць беларуская мова, і невыпадкова менавіта адсюль родам бацькі сучаснай беларускай літаратуры і беларускай граматыкі — Францішак Багушэвіч і Браніслаў Тарашкевіч. На пачатку ХХ стагоддзя ў Вільні развіваліся і ўзаемадзейнічалі два нацыянальныя рухі — беларускі з літоўскім, пачыналася культурнае і дзяржаўнае адраджэнне двух народаў. І ўсё гэта адбывалася на фоне панавання польскай культуры, расійскіх і яўрэйскіх уплываў. Уявіць без Вільні гісторыю Беларусі немагчыма. Але няма і Літвы без Вільні. Гэты горад нас яднае.
У сваёй новай кнізе аўтар расказвае пра ўзнікненне Вільні і паходжанне яе назвы. Падрабязна апісвае найстаражытнейшую частку горада — замкі, касцёлы, цэрквы, палацы Радзівілаў ды іншых арыстакратаў, Вострую браму, універсітэт. Выкладае жыццяпісы і канкрэтызуе адрасы беларусаў у Вільні: Францішка Скарыны, Пятра Мсціслаўца, Францішка Багушэвіча, Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, Кастуся Каліноўскага, Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Вацлава Ластоўскага, Цёткі, Браніслава Тарашкевіча, Адама Мальдзіса, Уладзіміра Караткевіча, Генадзя Кісялёва.
Не засталіся без увагі і ўраджэнцы Беларусі — дзеячы польскай культуры: Адам Міцкевіч, Фердынанд Рушчыц, Станіслаў Манюшка, звязаныя лёсам з Беларуссю Міхал Клеафас Агінскі, літоўскі выдавец Марцін Кухта і іншыя.
Віктар Корбут падрабязна расказвае пра дзейнасць беларускіх нацыянальных арганізацый у Вільні ў пачатку ХХ стагоддзя: газет «Наша ніва», «Гоман», Беларускага музыкальна-драматычнага кружка, беларускіх гімназіі і музея. У канцы кнігі змешчаны даведнік пахаванняў вядомых беларусаў, а таксама звязаных з беларускай культурай палякаў і літоўцаў на віленскіх могілках.
Аб'ём журналісцка-дакументальнага даследавання, што змясцілася пад вокладкай кнігі «Ад Мінска да Вільні», уражвае: амаль паўтысячы старонак і столькі ж ілюстрацый, багаты фактаграфічны матэрыял па гісторыі беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Каб правесці такую працу, аўтару спатрэбілася больш за дзесяцігоддзе! Кнігу склалі раней публікаваныя журналісцкія нататкі, інтэрв'ю, паасобныя матэрыялы, дапрацаваныя і дапоўненыя новымі звесткамі. Выданне стала вынікам грунтоўнай і планамернай працы па даследаванні мінуўшчыны Мінска, Вільні, а таксама знакавых для нашай краіны рэгіёнаў паміж гэтымі гарадамі. Аўтар дзеліцца сваёй творчай задумай:
— Мне хацелася даць шырокую панараму гісторыі Беларусі і адказаць на вечнае пытанне, з чаго пачынаецца наша Радзіма? Куды паглыбляюцца карані радаводу нашай нацыі? Можна пачуць, яны — у Вялікім Княстве Літоўскім, што, вядома ж, так. Дзеcьці ў тую пару фарміравалася беларуская мова, выяўляліся асаблівасці, якія адрозніваюць нас цяпер ад суседзяў, замацоўваліся за нашымі землямі назвы «Белая Русь», «Беларусь». Але зазірнём глыбей. І ўбачым яшчэ больш раннюю цывілізацыю Русі, якая аб'ядноўвала продкаў многіх народаў Усходняй Еўропы. Спыняцца не будзем. Спусцімся глыбей у нетры гісторыі і выявім у назвах рэк, азёр, вёсак, гарадоў сведчанні пра тое, што тысячу і больш гадоў таму тэрыторыю сучаснай Беларусі, як і захаду Расіі, усходу Польшчы, засялялі плямёны, якія гаварылі не на славянскіх мовах, а на роднасных сучасным літоўскай і латышскай. Але што нас найперш вылучае сярод іншых народаў? Наша мова. Беларусь, знаходзячыся на стыку Заходняй і Усходняй Еўропы, лацінска-каталіцкай (рымскай) і візантыйска-праваслаўнай (грэцкай) цывілізацый, увабрала абедзве традыцыі. У гэтым наша і перавага, і бяда: быць мостам і стаяць на ростанях. Але гэта і наша сутнасць, ад якой нікуды не дзецца. Яе застаецца пазнаваць, каб зразумець продкаў, а значыць і сябе: чаму мы такія, а не інакшыя. У кнізе «Ад Мінска да Вільні» вы знойдзеце адказ на гэтае пытанне. Мы, беларусы, нягледзячы на падабенства да суседзяў, усё ж адметны народ.
Разам з аўтарам па старонках новай кнігі мы вандруем з Полацка ў Оршу, з Ружан праз Ваўкавыск накіроўваемся ў Гродна, спыняемся ў старажытным Мсціславе і наведваем Белавежскую пушчу. Наша падарожжа выходзіць і за межы Беларусі: шукаем сляды дзейнасці землякоў у Санкт-Пецярбургу, Парыжы... І паўсюль — мноства загадак, версій, міфаў, якія журналісту-даследчыку, нібы сапраўднаму дэтэктыву, трэба разгадаць...
З гісторыяй на «вы»
Варта адзначыць удалы выбар жанру журналісцкіх нататак, зроблены Віктарам Корбутам для размовы пра мінуўшчыну. Цікава, што журналіст і сам эксперт: ён мае адукацыю музеязнаўца, спецыяліста па ахове помнікаў гісторыі і культуры, багаты досвед экскурсавода, але ж пільнуецца законаў жанру і дае слова шаноўным экспертам, прызнаным спецыялістам: культуролагам, мастацтвазнаўцам, гісторыкам, сярод якіх кандыдат гістарычных навук Вадзім Лакіза, доктар філалагічных навук Арсень Ліс, доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк, кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч, кандыдат культуралогіі Алесь Суша. Усе яны выступілі яшчэ і ў ролі рэцэнзентаў кнігі Віктара Корбута, дзякуючы чаму яна набыла вагу як грунтоўнае навукова-папулярнае выданне.
Кніга з'явілася ў свет дзякуючы падтрымцы ідэі яе выдання Міністэрствам інфармацыі краіны і загадчыкам літаратурнай рэдакцыі выдавецтва «Беларусь» Сяргеем Пешыным.
Сам аўтар застаецца верны гістарычнай праўдзе, не філасофствуе і не стварае новых міфаў і тэорый. Хутчэй наадварот: спрабуе тыя ж міфы «адсеяць» ад фактаў, прадставіць найбольш верагодныя версіі развіцця падзей у мінуўшчыне. Віктар Корбут далікатна падыходзіць да разгляду самых вострых тэм:
— Прапаную чытачу новыя факты пра паходжанне беларускай дзяржаўнасці, нацыянальнай сімволікі. Я прымушаю чытача задумацца. На мой погляд, да Гісторыі трэба звяртацца на «вы», вельмі асцярожна, стрымліваючы эмоцыі. Тады толькі можна ад пані Кліа атрымаць дакладныя адказы на самыя складаныя пытанні.
Знаёмячыся з кнігай «Ад Мінска да Вільні». вельмі лёгка ўявіць яе патэнцыйнага чытача: цікаўны старшакласнік, захоплены мінуўшчынай Беларусі; студэнт, які атрымлівае прафесію журналіста, экскурсавода, музейшчыка; экскурсавод-практык, нават літаратуразнаўца (тут многа адрасоў беларускіх пісьменнікаў) і гісторык, які шукае падарунак для сваякоў і сяброў...
А на якога чытача арыентаваўся аўтар? На людзей, якія хочуць пазнаць непрыхарошаную, а складаную і адначасова цікавую, багатую гісторыю Бацькаўшчыны:
— Я ўсвядоміў сябе беларусам у 1990-я гады на хвалі нацыянальнага адраджэння таго часу. У тым ліку дзякуючы папулярным кнігам па гісторыі. На жаль, у выданнях таго часу было шмат недакладнасцяў, а то і перакручаных фактаў, бо аўтары імкнуліся прышчапіць грамадзянам пачуццё гонару за сваю краіну за кошт перацягвання коўдры — прысвойвання беларусам спадчыны, якая належыць не толькі нам, але і нашым суседзям. У сваёй кнізе я акцэнтую ўвагу на той спадчыне, якая бясспрэчна належыць беларусам і адначасова расказваю пра агульныя традыцыі з суседзямі.
Кніга «Ад Мінска да Вільні» — не апошняя праца Віктара Корбута. Цяпер ён рыхтуе даведнік мясцін Вільні, звязаных з жыццём і дзейнасцю ўраджэнцаў Беларусі, складае кнігу, прымеркаваную да 950-годдзя першай згадкі пра Мінск у летапісе, што будзе адзначацца ў 2017 годзе. Журналіст разважае, ці не стаць яму на сур'ёзны навуковы шлях — пайсці ў аспірантуру, абараніць кандыдацкую дысертацыю. Стымул ёсць — данесці да суайчыннікаў свае веды пра мінуўшчыну роднага краю: «Бо без разумення ўсім народам складанага гістарычнага шляху Беларусі ў мінуўшчыне не можа быць вызначана правільная дарога ў будучыню».