Рус | Бел

Унікальны ліст XVІІ стагоддзя

22.03.2016      2131
Унікальны ліст XVІІ стагоддзя

346 гадоў таму бацька напісаў сыну ліст, тэкст якога актуальны і ў век інтэрнэту. Аказваецца, і тады дарослыя дзеці прасілі бацькоў дапамагчы грашыма. Апошнія, проста як цяпер, маглі і «адправіць далёка». Маўляў, сам зарабляй...

Унікальны дакумент знаходзіцца сярод захаваных актавых кніг полацкага магістрата ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Яго адшукаў і пераклаў з польскай мовы старшы навуковы супрацоўнік навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік» Максім Макараў.

Навуковец прадставіў чытачам «Звязды» магчымасць першымі прачытаць ліст. Але спачатку пра тых, хто пісаў і каму...

Спачатку адмовіў...

— Тое, што будзе ніжэй, пасля маіх каментарыяў, гэта ўстаўка прыватнага ліста ў полацкія магістрацкія кнігі. Выпадак унікальны, а для полацкай дакументальнай спадчыны адзінкавы... Падчас вайны 1654—1667 гадоў значная частка полацкага мяшчанства пакінула горад і перасялілася ў заходнюю частку ВКЛ. «Перасяленцы» аселі, у прыватнасці ў Вільні і Коўні (цяперашні Каўнас). Сярод іх быў Андрэй Казловіч. Ён пасля вайны пражываў у Коўне, — каментуе знаходку Максім Макараў.

Пра яго сына можна сказаць наступнае. Максім Андрэевіч Казловіч (Maxіm Andrzeіewіcz Kozlowіcz) згадваецца як полацкі лаўнік (прысяжны засядацель). У 1670 годзе ён піша ліст да бацькі з просьбай аб матэрыяльнай дапамозе. Атрымлівае адказ. Бацька так раз'юшыўся, што нават ужыў у дачыненні да сваіх дзяцей ненарматыўную лексіку. Але пасля ачуняў і вырашыў дапамагчы дзіцяці, — распавядае навуковец.

Бацька адмовіўся дапамагчы сыну грашыма. Але дазволіў яму прадаць частку сямейнай полацкай нерухомасці і выкарыстаць сродкі на ўласную патрэбу. Ён не перадаў адпаведнага натарыяльна засведчанага акта на нерухомасць праз чужога чалавека. Дарогі ў пасляваенны час былі вельмі небяспечнымі. Абяцаў даць адпаведны дакумент у выпадку асабістай сустрэчы.

— Таму, калі Максім быў вымушаны ў 1676 годзе прадаваць нешта з названай нерухомасці, яму была патрэбна дакументальная падстава — зафіксаванае на паперы права. І ён быў вымушаны размясціць у полацкіх магістрацкіх кнігах такі з'едлівы ў дачыненні да сябе ліст, — працягвае даследчык.

Дарэчы, пра Максіма Казловіча «Звязда» аднойчы паведамляла ў артыкуле, прысвечаным арганізацыі і дзейнасці полацкага магістрата. публікаваўся і роспіс малодшага Казловіча (на сценах Спаскай царквы ў Полацку). Паводле слоў Максіма Макарава, яго цёзка, магчыма, калі гэта накрэмзаў, быў падлеткам. А мо і вучыўся ў езуіцкім калегіуме. вядома, што Максім Казловіч памёр да 1682 года.

Прасіў 100 талераў і каня

Ліст быў упісаны ў актавыя кнігі 11 сакавіка 1676 года ў сераду. Упэўнены, што скарачаць тэкст не трэба. Бо дзе і калі яшчэ прачытаеце такое?

«Мой мілы пан сын, пан Максім. Добрага здароўя і ўсякага дабра ад Пана Бога Вашмосці (скарот ад Ваша міласць. — М. Макараў) і ўсей сям'і зычу як сабе самому. Атрымаў ліст праз пасланца Вашмосці, з якога зразумеў, што Вашмосць моцна настаўлены супраць людзей, што Вашмосці перашкоды чыняць. Як жа мне гэтаму даць рады? Не магу ў гэта ўмяшацца, і застаецца пакінуць гэта ўсё на Пана Бога. Пішаш да мяне, Вашмосць, просячы сто талераў і каня. Сам Пан Бог бачыць, што я стары, манеты рабіць не здольны, меніцы (манетнага двара. — М. Макараў) не маю, табуна коней не маю, адкуль іх браць. Да Вашмосці не маю чаго дасылаць.

А ці ж даўно гэта было, што Вашмосць у мяне два разы быў, без сына і з сынам? Атрымаў у мяне розных рэчаў і наяўных грошай больш чым на 500 злотых. Ці ўжо гэта глотка ўсё зжэрла?! А хто ж за вамі, п'яніцамі, угоніцца?! Двух вас зладзеяў-п'яніц маю, як цябе, старэйшага, так і гэтага скур**сына (скарочана рэдакцыяй) малодшага! Таму дай, таму дай, а трэці просіць! А што я маю даваць? Ці падданыя мне плацяць, ці, тым больш, спадчына якая на мяне звалілася? Штогод, штогод мушу Вашмосцям даваць! А сам на старасць пад акно з торбай? А хто Вашмосці парадзіў з такімі будынкамі звязвацца? Разумеў, што не збыць таго, што Пан Бог даў. Пачакай жа, мілы сын, пакуль абзавядуся ўласнай мяніцай, каб рабіць талеры. Як нараблю іх дастаткова, так Вашмосці і дашлю.

А цяпер, бо неадкладна патрабуеш грошай, дарую табе і дазваляю прадаць наступнае: месца крамнае, дзе пабудаваў краму; другое месца ў ятках (мясніцкія рады. — М. Макараў) паўтары сажні, дзе Арэфа мяснік сядзеў; а таксама два месцы, тры сажні, за крамамі пана Павуковіча і за месцкай крамай у самым канцы; агарод, што на Малай вуліцы, палова пляца, дзе сад быў; пляц цэлы сенажаці каля Святога Пятра (царква. — М. Макараў). Гэта ўсё прадай і сродкамі карыстайся. А я сабе на старасць, пакуль Пан Бог смерць дапусціць, пакідаю дамавы пляц, паўтрэці чвэрці; агарод на Вялікай вуліцы; два крамныя месцы, усяго чатыры сялібы. А калі хочаш прадаць дом, то сабе прадавай будынак, а зямля мая ўласная, нікому не прызнаная аж да смерці маёй. А па смерці гэтыя чатыры сялібы каму захачу, таму і адпішу. А што Вашмосць учыніў згадку пра месца крамнае, што каля пана райцы, на абмен, я гэтым мяняцца не жадаю. Няхай у маёй уласнасці застаецца да адпаведнага часу, бо ні ў кога хлеба не просіць. А што я павінен быў яшчэ напісаць, тое вусна пераказаў пасланцу Вашмосці, як мусіш сабе паводзіць і своечасова пра свае справы дбаць. За гэтым перадаю вас пад Боскую апеку. Дата з Коўна дваццатага красавіка 1670 года. Вам усякага дабра зычлівы бацька Андрэй Казловіч уласнай рукою».

А потым у тым жа лісце збоку і ніжэй пасля подпісу, той жа самай рукой пана Андрэя Казловіча тымі словамі напісана: «Вашмосці пану сыну перадаю пяць сяліб, а сабе пакідаю чатыры. Гэтым і павінен задаволіцца, а да тых ніякай найменшай справы не май. Права на гэтыя нерухомасці Вашмосці зараз не дасылаю, з-за небяспечнасці ў дарозе, каб не згубіў. Сам, калі ў мяне будзеш, то вам самому аддам».

— Як бачым, гумар жыхароў Беларусі другой паловы XVІІ і пачатку XXІ стагоддзяў дастаткова падобны. Напрыклад, «як з'явіцца ў мяне машынка для вырабу грошаў, надрукую і табе дашлю», — такое і сёння чуецца часта, — канстатуе навукоўца.

Аўтар: Аляксандр Пукшанскі

Яшчэ фота

Унікальны ліст XVІІ стагоддзя

Каментар да фатаграфіі

Фота з асабістага архіва Максіма Макарава

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар