24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных дат«...Камандарм доўга сядзеў над кнігай «Дзяцінства і маленства», чытаў, думаў. Затым схадзіў у спальню, прынёс вялікі блакнот, пазваніў, сказаў веставому: «Чарніла, калі ласка» — і паволі стаў пісаць, думаючы над кожнай фразай. Напісаў адно пісьмо, перачытаў, абдумаў, заклеіў у канверт.
Другое пісьмо напісаў, абдумаў, заклеіў. І трэцяе пісьмо напісаў, вельмі кароткае. Пісаў, спяшаючыся — заклеіў, не перачытваючы. У вагоне — цішыня. Моўчкі стаіць вартавы ля падножкі. Заціхлі ў калідоры ардынарац і праваднік.
Прыціх, здавалася, час. Пісьмы доўга ляжалі перад камандармам, у белых пакетах, з ненапісанымі адрасамі. Тады камандарм узяў вялікі пакет, усе тры пісьмы запячатаў у яго і на пакеце напісаў: «Ускрыць пасля маёй смерці». І будзённа падняўся, каб пайсці спаць: зняў у спальні гімнасцёрку, хадзіў мыцца перад сном, распранаўся, лёг, патушыў святло. І гадзіны тры-чатыры вагон знаходзіўся ў змроку і поўнай цішы. Гэта быў час трэціх пеўняў. Калі б праваднік зірнуў тады ў купэ камандарма, ён убачыў бы там — нечакана для сябе — у тым месцы, дзе павінна была быць галава камандарма, чырвоны агеньчык папяросы, — нечакана для сябе таму, што звычайна камандарм не курыў».
«Аповесць непагашанай поўні» Барыса Пільняка была надрукавана ў часопісе «Новый мир» у маі 1926 года. Гэта вельмі дзёрзкі твор. Тут аўтар у мастацкай форме вырашыў прадставіць сваю версію смерці вядомага савецкага военачальніка, кандыдата ў члены Палітбюро ЦК РКП(б), старшыні Рэўваенсавета СССР і наркама па ваенных і марскіх справах Міхаіла Васільевіча Фрунзэ, згодна з якой той быў адпраўлены на смерць наўмысна таварышамі па Палітбюро пад выглядам аперацыі па выдаленні язвы страўніка. Прататыпы галоўных герояў у аповесці не названы па імёнах, аднак сучаснікі лёгка разгледзелі знаёмыя рысы. Тут Пільняк паказаў адзін з бакоў у механізме бальшавіцкага рэжыму — уласцівую рэвалюцыйным арганізмам жорсткую выканальніцкую дысцыпліну. Яе жалезны закон пераадольвае ўсе праявы здаровага сэнсу: галоўны герой адпраўляецца на непатрэбную з медыцынскага пункту гледжання аперацыю дзеля таго, каб выканаць адпаведнае рашэнне Палітбюро. Ваенны наркам, бясстрашны рэвалюцыянер, герой Грамадзянскай вайны пакорліва схіляецца перад воляй кіраўніцтва, бяссэнсава ахвяруе ўласным жыццём.
...Вы ўжо зразумелі. Далей гаворка пойдзе пра Міхаіла Фрунзэ. Імя, вядомае ў той ці іншай ступені кожнаму знаўцу савецкай гісторыі. Замяніўшы сабой Троцкага ў ваенным кіраўніцтве, ён тым не менш не з'яўляўся членам сталінскай групоўкі, застаючыся загадкавай і незвычайнай фігурай у партыйных вярхах. Што і прадвызначыла яго далейшы лёс.
Фрунзэ меў статус пераможцы Калчака, уральскіх казакоў, барона Урангеля, заваёўніка Туркестана, ліквідатара пятлюраўцаў і махноўцаў... Мала хто з камандзіраў маладой савецкай рэспублікі мог пахваліцца такім статусам. Ён — мог!
Міхаіл Фрунзэ нарадзіўся 2 лютага 1885 года ў горадзе Пішпеку (цяпер Бішкек) Сямірэчанскай вобласці ў сям'і фельчара-малдаваніна, які служыў у Туркестане, і варонежскай сялянкі. З залатым медалём скончыў гімназію, вучыўся ў Санкт-Пецярбургскім політэхнічным інстытуце, дзе вывучаў эканоміку. Студэнцкае асяроддзе сталіцы зрабіла ўплыў на фарміраванне палітычных поглядаў Міхаіла. Фрунзэ быў рамантыкам і ідэалістам. У яго перакананнях значную ролю мелі народніцкія погляды, вось толькі сваё хаджэнне ў народ ён бачыў не ў пераездзе ў вёску і ў рабоце там, а ў працы з пралетарыятам на заводах.
«Глыбока спазнаць законы, якія кіруюць ходам гісторыі, акунуцца з галавой у рэчаіснасць... у корані перарабіць усё — такая мэта майго жыцця. Я не шукаю ў жыцці лёгкага».
Погляды Фрунзэ з часам мяняліся. Дарэвалюцыйны перыяд яго дзейнасці можна назваць антыдзяржаўным і антыграмадскім (цікава, што гэта спалучалася ў яго і з патрыятычнымі поглядамі, напрыклад у перыяд руска-японскай вайны). Інстытут ён так і не скончыў, захапіўшыся рэвалюцыйнай барацьбой. У 1904 годзе ва ўзросце 19 гадоў уступіў у РСДРП. Прыняў удзел у дэманстрацыі 9 студзеня 1905 года ў Санкт-Пецярбургу («Крывавая нядзеля»), прычым быў паранены ў руку. Пад псеўданімам «таварыш Арсеній» (былі і іншыя падпольныя мянушкі — Трыфаныч, Міхайлаў, Васіленка) Фрунзэ ўключыўся ў актыўную антыўрадавую дзейнасць. У снежні 1905 года са сваімі баевікамі Фрунзэ ўдзельнічаў ва ўзброеным паўстанні ў Маскве на Чырвонай Прэсні. У 1906-м на ІV з'ездзе РСДРП у Стакгольме Фрунзэ (самы малады дэлегат з'езда) пазнаёміўся з Уладзімірам Ульянавым-Леніным.
Фрунзэ не цураўся тэрарыстычных актаў. Так, пад яго кіраўніцтвам былі арганізаваны ўзброены захоп друкарні ў Шуі 17 студзеня 1907 года, узброены напад на паліцэйскі патруль. За гэта рэвалюцыянер быў двойчы асуджаны да смяротнага пакарання, але пад ціскам грамадскасці (у тым ліку ў выніку ўмяшання знакамітага рускага пісьменніка У.Г. Караленкі) прысуд змякчылі. Ён трапіў на катаргу, пазней жыў у ссылцы ў Сібіры, з якой у 1916 годзе збег, перабраўшыся ў еўрапейскую Расію. Тут Міхаіл Васільевіч трапіў на фронт. І ўжо ў хуткім часе стаў займацца рэвалюцыйнай работай сярод салдат на Заходнім фронце (у тым ліку агітаваў за братанне з немцамі).
У гэты час ён жыве і працуе ў Мінску. 4 сакавіка 1917-га ў канцылярыі грамадзянскага каменданта Мінска быў выдадзены прававы акт, згодна з якім служачы Усерасійскага саюза М.А. Міхайлаў (тут ведалі яго пад такім псеўданімам) прызначаўся часовым начальнікам міліцыі ў горадзе. У гэты дзень атрады баявых дружын рабочых і міліцыі раззброілі былую царскую паліцыю, захапілі гарадское паліцэйскае ўпраўленне, архіўнае і вышуковае аддзяленні, узялі пад сваю ахову важнейшыя дзяржаўныя ўстановы, пошту і тэлеграф. Мінск, такім чынам, стаў цэнтрам стварэння міліцыі краю.
7 сакавіка ў газеце «Известия Минского Совета» быў апублікаваны зварот М.В. Фрунзэ да насельніцтва горада. У ім гаварылася: «Ахова грамадскай бяспекі павінна знаходзіцца ў руках рабочых... Верныя слугі старога ладу будуць рабіць спробы вярнуць для іх стары парадак. Трэба працоўнаму класу самому сачыць за імі, быць напагатове ў любы момант імгненна падавіць спробы цёмных сілаў».
Бальшавіцкая лінія ў дзейнасці рабочай міліцыі, якая праводзілася Міхайлавым-Фрунзэ, выклікала незадаволенасць у мясцовых уладаў. Паміж Фрунзэ і губернскім камісарам Часовага ўрада ўзніклі вострыя рознагалоссі. У жніўні 1917-га Фрунзэ і іншыя работнікі міліцыі напісалі на імя гарадской управы ліст, у якім адзначалі, што ўступілі ў міліцыю з чыста ідэйных меркаванняў і застаюцца верныя сваім цяжкім, часам непрыемным абавязкам. Але губернскі камісар навязвае міліцыі неўласцівыя ёй функцыі палітычнага вышуку. Яны ж бачаць сваю задачу ў падтрыманні рэвалюцыйнага парадку, а таму не будуць выконваць патрабаванні, якія не ўваходзяць у абавязкі міліцыі.
Дзейнасць Міхаіла Фрунзэ як аднаго з кіраўнікоў бальшавіцкай арганізацыі ў Беларусі не абмяжоўвалася працай у міліцыі. Ён актыўна ўдзельнічаў і ў вырашэнні іншых задач, пастаўленых перад партыяй яе лідарам Леніным. Савецкія гісторыкі ў сваіх даследаваннях лічылі, што Фрунзэ «належыць вялікая заслуга ў згуртаванні беларускага сялянства вакол бальшавіцкіх лозунгаў» — неўзабаве пасля перамогі Лютаўскай рэвалюцыі ён узначаліў работу па падрыхтоўцы з'езда сялянскіх дэлегатаў Мінскай і Віленскай губерняў.
Трэба нагадаць, што горад знаходзіўся фактычна ў прыфрантавой паласе. У прыфрантавых губернях Беларусі, перапоўненых воінскімі часцямі і бежанцамі, паўсюдна не хапала хлеба, солі, мяса. Зніжаліся запасы, да мінімуму скараціўся падвоз харчавання. Дастаткова сказаць, што для нармальнага забеспячэння насельніцтва Мінскай губерні ў кастрычніку—лістападзе 1916 г. патрабавалася 1188 вагонаў харчавання, фактычна ж было завезена толькі 211. У пачатку 1917 года выдача прадуктаў па картках жыхарам Мінска і іншых гарадоў неакупіраванай часткі Беларусі скарацілася да мінімуму і складала ў Мінску 4 кг жытняй і да 2 кг пшанічнай мукі і 400 г крупы, а ў лютым — усяго толькі 1 кг жытняй мукі. У Беларусі, як і ў найбуйнейшых прамысловых цэнтрах краіны — Петраградзе, Маскве, іншых гарадах — здарыўся моцны харчовы крызіс. Насоўваўся голад.
І сярод усёй гэтай мітусні і бязладдзя мы не сустракаем сёння ніякай інфармацыі аб тым, што ў горадзе быў хаос, што рабаваліся лаўкі, квітнеў бандытызм, разбой. Значыць, Фрунзэ змог наладзіць працу мясцовай міліцыі такім чынам, што яна вельмі хутка ўзяла сітуацыю пад кантроль і надзейна яе ўтрымлівала.
Што ж, у яго арганізатарскіх талентах мала хто сумняваўся. Прычым таленты гэтыя былі вельмі рознабаковыя.
У чэрвені 1917 года мінскія бальшавікі стварылі сваю самастойную бальшавіцкую арганізацыю і абралі Мінскі камітэт РСДРП(б). Стала выходзіць бальшавіцкая газета «Звезда». Яе арганізатарам і адным з першых рэдактараў быў Міхаіл Фрунзэ. У першую чаргу газета арыентавалася на салдат Заходняга фронту. Бальшавікі выдатна разумелі ролю прапаганды ў прасоўванні сваіх ідэй сярод такой колькасці ўдзячных чытачоў. Чаму ўдзячных? Таму што яшчэ ў пачатку 1916 года салдатам стала ясна, што вайна зацягнецца на нявызначаны тэрмін. Як сведчаць зводкі ваеннай цэнзуры, ужо ў красавіку ў сваіх пісьмах салдаты «мір нярэдка прымяркоўвалі да позняй восені, але выказвалася думка, што вайна працягнецца яшчэ год і больш». Асабліва характэрная была ў гэтым плане Нарачанская аперацыя.
Велізарнай стратай для рускіх войск у яе выніку з'явілася падзенне іх маральна-баявога духу. Салдаты, якія бачылі гібель мноства людзей — сваіх саслужыўцаў, таварышаў — шмат у чым абумоўленую крайне слабым забеспячэннем наступаючых часцей баявымі сродкамі, бесталковасцю распараджэнняў і загадаў вышэйшага камандавання, выказвалі сваю незадаволенасць. Асабліва гэта выяўлялася ў лістах, што неаднаразова адзначала ў сваіх зводках і ваенная цэнзура. Напрыклад, у адной з такіх зводак за сакавік 1916 года ваенны цэнзар адзначаў «прыгнечаныя лісты», у якіх салдаты «закраналі гэтыя баі, скардзіліся на вялікую колькасць у праціўніка кулямётаў і артылерыі». У зводцы за красавік адзначалася, што «яшчэ працягваюць сустракацца згадкі пра сакавіцкую аперацыю. У лістах з раёна Пастаў трапляліся выказванні незадаволенасці «нібыта дрэнным кіраўніцтвам баямі, а таксама намёкі на здраду, якая быццам бы тут мела месца».
Вось на гэтую, добра падрыхтаваную глебу і клалася зерне, кінутае са старонак фрунзенскай «Звезды» агітатарамі: «Мір — народам, зямлю — сялянам!»
Да гэтага часу ў Фрунзэ сярод бальшавікоў ужо была рэпутацыя ваеннага (хоць ваеннай адукацыі ён так і не атрымаў) чалавека, звязанага з баявымі падпольнымі арганізацыямі. Фрунзэ любіў зброю, пастаянна насіў з сабой рэвальвер. З прыходам бальшавікоў да ўлады радыкальна змяняецца характар дзейнасці Фрунзэ. Калі да 1917 года ён працаваў на разбурэнне дзяржавы і разлажэнне арміі, то цяпер стаў адным з актыўных будаўнікоў савецкай дзяржавы і яе ўзброеных сіл. У канцы 1917-га ён быў абраны дэпутатам Устаноўчага сходу ад бальшавікоў. Яшчэ праз пару месяцаў стаў старшынёй Іванава-Вазнясенскага губернскага камітэта РКП(б), затым — ваенным камісарам Яраслаўскай ваеннай акругі, якая ўключала ў сябе восем губерняў. Неабходна было аднаўляць акругу пасля нядаўняга паўстання ў Яраслаўлі, патрабавалася ў сціслыя тэрміны фарміраваць стралковыя дывізіі для Чырвонай Арміі. Тут пачалося супрацоўніцтва Фрунзэ з былым генерал-маёрам Ф.Ф. Навіцкім. Супрацоўніцтва працягнулася і з пераводам Фрунзэ на Усходні фронт.
«Ён валодаў дзіўнай здольнасцю хутка разбірацца ў самых складаных і новых для яго пытаннях, — пісаў Навіцкі. — Аддзяляць у іх істотнае ад другараднага і затым размяркоўваць работу паміж выканаўцамі адпаведна са здольнасцямі кожнага. Ён умеў і падбіраць людзей, як бы нюхам адгадваючы, хто на што здольны».
Фрунзэ не меў адпаведных ведаў па падрыхтоўцы і арганізацыі баявых аперацый. Аднак ён цаніў прафесіяналаў ваеннай справы, былых афіцэраў і аб'яднаў вакол сябе цэлую плеяду вопытных генштабістаў, з якімі стараўся не расставацца. Такім чынам, яго перамогі былі перадвызначаны актыўнай і высокапрафесійнай дзейнасцю калектыву ваенных спецыялістаў старой арміі, работай якіх ён кіраваў. Усведамляючы недастатковасць сваіх ваенных ведаў, Фрунзэ старанна вывучаў ваенную літаратуру, займаўся самаадукацыяй. Зрэшты, на думку старшыні Рэўваенсавета рэспублікі Льва Троцкага, Фрунзэ «захаплялі абстрактныя схемы, ён дрэнна разбіраўся ў людзях і лёгка падпадаў пад уплыў спецыялістаў, пераважна другарадных». Але гэта — думка Троцкага. Не больш.
Не падлягае сумненню, што Фрунзэ валодаў харызмай ваеннага кіраўніка, здольнага павесці за сабой чырвонаармейскія масы, асабістай адвагай і рашучасцю. Не выпадкова ён любіў знаходзіцца наперадзе войск, з вінтоўкай у руках у баявых парадках. Ён нават быў кантужаны ў чэрвені 1919-га пад Уфой. Аднак, перш за ўсё, гэта быў таленавіты арганізатар і палітычны кіраўнік, які ўмеў наладзіць работу штабоў і тылу ў надзвычайных умовах.
«Кожны дурань можа зразумець, што там, у лагеры нашых ворагаў, якраз і не можа быць нацыянальнага адраджэння краіны, што якраз з таго боку і не можа быць гаворкі пра барацьбу за дабрабыт нашага народа. Таму што не з-за цудоўных жа вачэй усе гэтыя французы, англічане дапамагаюць Дзянікіну і Калчаку — натуральна, што яны маюць на ўвазе, перш за ўсё, свае інтарэсы. Мы — не размазня накшталт Керанскага. Мы вядзём смяротны бой. Мы ведаем, калі перамогуць нас, то сотні тысяч, мільёны самых лепшых, стойкіх і энергічных у нашай краіне будуць вынішчаны, мы ведаем, што з намі не будуць размаўляць, нас будуць толькі вешаць, і ўся наша радзіма зальецца крывёю. Наша краіна будзе паняволена замежным капіталам. А што тычыцца фабрык і заводаў, то яны ўжо даўно прададзены...»
Непасрэдна франтавы досвед Фрунзэ атрымаў толькі ў 1919 годзе, калі заняў пасаду камандуючага 4-й арміяй Усходняга фронту і камандуючага Паўднёвай групай войск фронту, якая наносіла галоўны ўдар па наступаўшых войсках адмірала А.В. Калчака. Паспяховай аказалася ўся серыя аперацый чырвоных
войск — Бугурусланская, Белебейская і Уфімская аперацыі, праведзеныя з канца красавіка па другую палову чэрвеня 1919 года. Калчакаўцы ў іх выніку былі адкінуты з Паволжа на Урал, а ў далейшым апынуліся ў Сібіры. Фрунзэ камандаваў Туркестанскай арміяй і ўсім Усходнім фронтам. За поспехі на Усходнім фронце быў узнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцяга.
У верасні 1920 года Фрунзэ, які набыў рэпутацыю паспяховага военачальніка, прызначаюць камандуючым Паўднёвым фронтам, задачай якога быў разгром Рускай арміі генерала П.М. Урангеля ў Крыме. Перакопска-Чангарская аперацыя супраць арміі Урангеля з пераходам цераз Сіваш была распрацавана калектывам штабных работнікаў Паўднёвага фронту, які склаўся вакол Міхаіла Васільевіча яшчэ на Усходнім і Туркестанскім франтах. Непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы аперацыі прымалі галоўнакамандуючы С.С. Каменеў і начальнік Палявога штаба РВСР П.П. Лебедзеў.
Варта падкрэсліць, што Міхаіл Васільевіч усебакова ўлічыў вопыт генерал-фельдмаршала П. Ласі, калі рускія войскі пад яго камандаваннем двойчы, у 1737 і 1738 гадах, абыходзілі перакопскія ўмацаванні крымскага хана менавіта цераз Сіваш. У той час Ласі скарыстаўся часовай праходнасцю Сіваша. У выніку гэтай аперацыі ўрангелеўская армія была вымушана эвакуіравацца з Крыма за мяжу. Шырокамаштабная Грамадзянская вайна ў Савецкай Расіі на гэтым скончылася.
Пастановай УЦВК ад 25 лістапада 1920 года за праяўленую незвычайную энергію, за майстэрскае і правільнае асабістае кіраўніцтва войскамі і незвычайна хуткі разгром белагвардзейскай арміі барона Урангеля М.В. Фрунзэ быў узнагароджаны Ганаровай рэвалюцыйнай зброяй — шашкай з надпісам «Народнаму герою». Падкрэслім, што Ганаровая рэвалюцыйная зброя была асаблівым відам узнагароды ў Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі ў 1919-1930 гадах і прысуджалася УЦВК і РВСР «за асаблівую баявую доблесць» вышэйшым асобам дзеючай арміі. Усяго было ўзнагароджана 20 чалавек, сярод якіх такія вядомыя савецкія камандзіры, як М. Тухачэўскі, А. Ягораў, І. Убарэвіч, С. Будзённы.
Фрунзэ не быў жорсткім чалавекам. У Грамадзянскую вайну за яго подпісам выдаваліся загады аб гуманным стаўленні да палонных, што, напрыклад, выклікала незадаволенасць партыйнага лідара У.І. Леніна, які патрабаваў ваеннапалонных расстрэльваць на месцы. Як прыстойны чалавек ён быў дрэнным палітыкам. Не выпадкова В.М. Молатаў пасля адзначаў, што Фрунзэ для бальшавікоў не быў у поўнай меры сваім. Валодаючы асаблівым пачуццём адказнасці, ён быў хутчэй таленавітым выканаўцам распараджэнняў зверху, чым правадыром.
У 1925-м ён стаў старшынёй РВС СССР і наркамам па ваенных і марскіх справах. Фрунзэ актыўна ўзяўся за рэфармаванне Чырвонай Арміі. Рэформа заключалася ў спробе стварыць кадравую армію, арганізаваць тэрытарыяльную сістэму войск, павысіць якасць каманднага саставу і ўдасканаліць баявую падрыхтоўку.
Да 1924 года ўжо быў назапашаны некаторы вопыт пераходу да тэрытарыяльна-міліцыйных фарміраванняў у раёнах з найбольш згуртаваным пралетарскім насельніцтвам. Справа ў тым, што буйныя ваенныя выдаткі былі непасільнымі для эканомікі, тармазілі аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі, але і ў гэтых умовах трэба было забяспечыць надзейную ваенную абарону Савецкай дзяржавы. Вырашыць гэтую праблему можна было шляхам спалучэння кадравых і тэрытарыяльных фарміраванняў. «Наяўнасць тэрытарыяльна-міліцыйных фарміраванняў, — пісаў М.В. Фрунзэ, — дазваляе нам павялічыць колькасць прапускаемага цераз рады нашай арміі кантынгенту. Акрамя гэтага, мы лічымся і з тым, што гэтая сістэма дапускае нясенне ваеннай службы без доўгага адрыву ад гаспадаркі, што з'яўляецца вялікім выйгрышам для насельніцтва, і, нарэшце, з тым, што яна забяспечвае ў належнай меры і інтарэсы падрыхтоўкі. Вось чаму ў пытанні структуры нашых узброеных сіл мы сталі на пункт гледжання пастаяннай арміі плюс міліцыйныя фарміраванні. Іншага выйсця пры гэтых умовах і колькасці нашых мірных кадраў у нас няма і быць не можа».
21 сакавіка 1924 года ЦВК і СНК СССР зацвердзілі пастанову аб тэрмінах службы ў арміі і флоце, у якой рэгламентаваўся новы парадак праходжання вайсковай службы. Для ўсіх родаў сухапутных войскаў вызначаўся двухгадовы тэрмін службы, для спецыялістаў паветранага флоту — 3 гады і ваенна-марскога флоту — 4 гады.
Прызыў на абавязковую службу ўстанаўліваўся адзін раз у год, восенню. Прызыўны ўзрост быў павышаны да 21 года.
У канцы красавіка 1924 года пад старшынствам Міхаіла Васільевіча адбылося пасяджэнне Галоўнай статутнай камісіі, на ёй былі створаныя падкамісіі па распрацоўцы статутаў асобных родаў савецкіх войскаў. Было вырашана ўсім статутам родаў войскаў даць назву — «Баявы статут». Агульным для ўсіх родаў войскаў павінен быў стаць Палявы статут. І ўжо ў 1924 годзе Чырвоная Армія атрымала свае ўласныя статуты, якія (з некаторымі змяненнямі) праіснавалі аж да развалу савецкай краіны. У гэтым — яго заслуга.
Замяніўшы стаўленікаў Троцкага сваімі кадрамі, а пазней і самога правадыра РСЧА ў ваенным кіраўніцтве сабой, Фрунзэ тым не менш не з'яўляўся членам сталінскай групоўкі. Ён заставаўся незалежным і валодаў вялікім аўтарытэтам у войсках, што, вядома, не магло задаволіць партыйную вярхушку. Наўрад ці ў Фрунзэ былі якія-небудзь банапартысцкія намеры. Аднак для сваіх калег ён заставаўся загадкавай і незвычайнай фігурай, асабліва — у партыйных вярхах.
Заўчасная смерць 40-гадовага Фрунзэ на аперацыйным стале Салдаценкаўскай (Боткінскай) бальніцы да гэтага часу застаецца шмат у чым загадкавай. Версіі аб тым, што ён быў забіты падчас хірургічнай аперацыі па распараджэнні І.В. Сталіна, атрымалі распаўсюджанне ўжо з сярэдзіны 1920-х гадоў. Падліў «масла ў агонь» сам Сталін. 4 лістапада 1925 года на пахаванні Міхаіла Васільевіча ён гаварыў: «Гэты год быў для нас праклёнам. Ён вырваў з нашага асяроддзя цэлы шэраг кіруючых таварышаў. Але гэтага аказалася недастаткова, і спатрэбілася яшчэ адна ахвяра. Можа быць, гэта так менавіта і трэба, каб старыя таварышы так лёгка і так проста спускаліся ў магілу. На жаль, не так лёгка і далёка не так проста падымаюцца нашы маладыя таварышы на змену старым...» Сёння многія гісторыкі спрачаюцца, што меў на ўвазе Сталін, кажучы: можа, так і трэба, каб яны так лёгка і проста пакідалі нас? І што сталася б з Фрунзэ, калі б ён пражыў яшчэ гадоў 10—12? Але ўсё гэта — пустыя разважанні. Гісторыю не перавернеш.
Вядома адно: падрабязнасцяў аб раптоўнай смерці апублікавана не было. Былі чуткі. І толькі праз шмат гадоў, у час «хрушчоўскай адлігі» стала з'яўляцца дадатковая інфармацыя ў друку. Кніга сакратара Фрунзэ С.А. Сірацінскага «Шлях Арсенія» нічога новага пра прычыну смерці не сказала. В. Лебедзеў і К. Ананьеў у кнізе «Міхаіл Васільевіч Фрунзэ» (1957) пісалі: «Аперацыя М.В. Фрунзэ была зроблена са строгім захаваннем усіх патрабаванняў медыцынскай навукі, але пасля з'явіліся з'явы сардэчнай слабасці. Усе намаганні, усе старанні выратаваць М.В. Фрунзэ былі беспаспяховымі... Усё, што магла зрабіць тады медыцынская навука, — было зроблена. Але сэрца, змучанае шматгадовым турэмным зняволеннем, катаргай, ссылкай, разладжанае нечалавечым напружаннем у гады царызму, стомленае гіганцкай цяжкасцю ваенных гадоў, спынілася». І.К. Гамбург у кнізе «Так гэта было» (1965) усё выклаў у двух радках: «На М.В. Фрунзэ дрэнна дзейнічаў наркоз, ён доўга не мог заснуць. Прыйшлося павялічыць дозу. Сэрца не вытрымала вялікай дозы наркозу, і праз 1,5 сутак яно перастала біцца».
Але была і іншая версія — медыцынскае забойства. Фрунзэ быў у ліку тых, хто мог вырашаць найважнейшыя пытанні на любым узроўні. Папулярнасць яго ў краіне была велізарнай, аўтарытэт — бясспрэчным.
І Міхаіл Васільевіч рэальна меў шанц заявіць з часам свае правы на вяршэнства не толькі ў арміі — рэальнай сіле, з якой не магло не лічыцца сталінскае кіраўніцтва, але і на партыйнае лідарства.
Адстаўка Троцкага з ключавога паста ва ўрадзе, наркамваенмара і Старшыні РВС — адна з вырашальных перамог Сталіна. «Правадыр народаў» крок за крокам сканцэнтроўваў неабмежаваную ўладу ў сваіх руках, а пры набліжэнні да сябе кагосьці з паплечнікаў разглядаў яго з пункту гледжання асабістай адданасці. Фрунзэ не схіляў паслужліва галаву. І як толькі гэта было заўважана, з ім пачынаюць адбывацца надзвычайныя здарэнні. Толькі ў чэрвені—верасні 1925 года ён двойчы атрымлівае сур'ёзныя траўмы ў аўтамабільных аварыях.
А ўжо ў кастрычніку, за тыдзень да мяркуемай медыцынскай аперацыі, адзін з сямнаццаці ўдзельнікаў медыцынскага кансіліуму вельмі засумняваўся ў яе неабходнасці і накіраваўся ў Крэмль, дзе яго прыняў тэхнічны сакратар Сталіна, якому і былі выкладзены довады. Аб усім неадкладна данеслі начальству. Прафесара з удзячнасцю адправілі дадому на крамлёўскім аўтамабілі. На Вялікім Каменным мосце машына ўрэзалася ў парэнчы і ўпала ў раку. Шафёр застаўся цэлы і паспеў выбрацца на бераг, але няўдачлівы медык загінуў.
...Яго імя не было заплямлена абвінавачваннямі ў антыпартыйнай, антыдзяржаўнай дзейнасці, яго не называлі шпіёнам і дыверсантам, памагатым міжнароднага імперыялізму... Фрунзэ быў урачыста пахаваны каля Крамлёўскай сцяны. Яго сын Цімур стаў лётчыкам-знішчальнікам, загінуў у баі ў 1942 годзе, быў пасмяротна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
...Іншы лёс напаткаў пісьменніка Барыса Пільняка. Праз дванаццаць гадоў пасля апублікавання аповесці яго арыштавалі па стандартным абвінавачанні — шпіянаж на карысць Японіі. Ён быў у Японіі і напісаў пра гэта кнігу — «Карані японскага сонца». 21 красавіка 1938 года асуджаны Ваеннай калегіяй Вярхоўнага Суда СССР да смяротнага пакарання і расстраляны ў той жа дзень у Маскве.