Рус | Бел
Ігар Капылоў: «З мовай трэба працаваць далікатна»

Ігар Капылоў: «З мовай трэба працаваць далікатна»

31.03.2016      2316
Ігар Капылоў: «З мовай трэба працаваць далікатна»

Кіраўнік Інстытута мовазнаўства — аб справаводстве па-беларуску, сучасным варыянце «трасянкі» і пераемнасці з часоў ВКЛ.

У сферы даследаванняў беларускай мовы не так даўно адбылася знакавая падзея. У складзе Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры адноўлены Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа, які пэўны час быў аб'яднаны ў адным філіяле з Інстытутам літаратуры імя Янкі Купалы. Яго дырэктарам прызначаны Ігар КАПЫЛОЎ (добра вядомы чытачам «Звязды» па рубрыцы «Родныя тапонімы», а таксама як эксперт у многіх пытаннях, датычных лінгвістыкі). Мы сустрэліся з ім, каб першымі распытаць пра далейшыя планы развіцця інстытута і паразважаць пра сучасны стан беларускай мовы.

— Ігар Лявонавіч, як думаеце, з чым звязана рашэнне аднавіць Інстытут мовазнаўства? Магчыма, гэта тлумачыцца павышэннем цікавасці да мовы і імкненнем павысіць яе статус у грамадстве?

— Практычна ва ўсіх краінах СНД і большасці краін далёкага замежжа ёсць акадэмічныя мовазнаўчыя інстытуты. Да нас часта прыязджаюць вучоныя з-за мяжы і, натуральна, цікавяцца, чым жыве, у якім стане функцыянуе, як развіваецца адзін з вядучых нацыянальных інстытутаў краіны. Таму аднаўленне інстытута спрыяе пазітыўнаму іміджу краіны. Да таго ж мова — адзін з атрыбутаў нацыянальнай адметнасці, фактар самасвядомасці, найважнейшы элемент культуры, гарант незалежнасці.

У адным са сваіх выступленняў Прэзідэнт адзначыў: «Захаваем нацыянальную мову — значыць, захаваем нацыю, а захаваем нацыю, значыць, захаваем дзяржаву». Таму развіццё навуковых даследаванняў у гэтай галіне павінна быць адным з дзяржаўных прыярытэтаў.

— Ці плануеце штосьці мяняць у дзейнасці інстытута?

— Хацелася б захаваць лепшыя традыцыі і ўкараніць інавацыі. У наступным годзе плануем завяршыць выданне і апублікаваць апошні, 38-ы, том «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы». Гэтыя слоўнікі рыхтаваліся не адно дзесяцігоддзе і ў іх максімальна поўна адлюстроўваецца беларуская мова з XІV па XVІІІ стагоддзе — тая мова, што была дзяржаўнай у Вялікім Княстве Літоўскім. Многія старабеларускія словы не дайшлі да нашага часу, але захаваліся ў прозвішчах і народных гаворках. Другі, не менш важны праект — гэта завяршэнне выдання «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» ў 15-ці тамах (у якім разглядаецца паходжанне слоў). Да інавацый можна аднесці новы фундаментальны «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы», у якім будзе сабрана каля 170 тысяч слоў, «Зводны слоўнік беларускіх народных гаворак» (электронны), які адлюструе лексічнае багацце фактычна ўсіх рэгіёнаў Беларусі. У найбліжэйшы час будзе створаны «Нацыянальны корпус беларускай мовы» аб'ёмам каля 80 000 000 словаўжыванняў. Нацыянальны корпус тэкстаў створаны ва ўсіх вядучых краінах свету, у тым ліку ва ўсіх славянскіх краінах, за выключэннем Беларусі. Гэтая праца дапаможа аптымізаваць вучэбны працэс школ і ВНУ, працу выдаўцоў і рэдактараў. Акрамя таго, корпус знойдзе прымяненне пры вывучэнні матэматычных мадэляў мовы і далейшым стварэнні праграм аўтаматычнай апрацоўкі тэкстаў, праграм сінтэзу маўлення, пры стварэнні праграм аўтаматычнага перакладу.

— Вы неяк згадвалі пра намер пераводзіць справаводства іншых інстытутаў Нацыянальнай акадэміі навук на беларускую мову...

— Сама назва ўстановы прадугледжвае наяўнасць нацыянальнага кампанента, які, натуральна, пачынаецца з мовы. Таму мы выступілі з ініцыятывай перавесці справаводства на беларускую мову ў інстытутах гуманітарнай скіраванасці: інстытутах гісторыі, філасофіі, сацыялогіі, эканомікі і Цэнтры даследаванняў беларускай мовы і культуры. Тым больш неабходны вопыт ужо ёсць: на пачатку 1990-х гадоў справаводства вялося выключна па-беларуску не толькі інстытутамі гуманітарнага профілю, але і прыродазнаўчымі і нават тэхнічнымі. Вялікіх праблем не ўзнікала, бо тэрміналогія ў нас распрацаваная. Многія памылкова думаюць, што ў рускай мове яна больш дасканалая, чым у беларускай. Насамрэч большасць тэрмінаў, калі разгледзець іх паходжанне, мае інтэрнацыянальны характар. Таму не трэба баяцца справаводства на нацыянальнай мове.

— У 1990-х гадах існавала такая практыка, калі за запаўненне працоўных журналаў па-беларуску даваліся пэўныя грашовыя надбаўкі. Ці варта пераймаць такія захады папулярызацыі мовы?

— Гэтаксама даплачвалі настаўнікам, якія выкладалі на роднай мове свае прадметы. Чалавек прагматычны па сваёй натуры, а ў наш час тым больш. Я заўсёды кажу, што павінна быць матывацыя — і матэрыяльная падтрымка, натуральна, гэта вельмі добра.

Тут не трэба казаць пра дыскрымінацыю рускай мовы, бо за ёй усё ж стаяць магутная дзяржава, вялікія гісторыя і літаратура, шматмільённы народ. Таму, я думаю, у Беларусі руская мова ад гэтага зусім не пацерпіць, а сродкам падтрымкі беларускай мовы гэта было б абсалютна нармальным.

— Як бы вы ацанілі сучасны стан беларускай мовы, параўноўваючы яго з тым, што было раней?

— Стан мовы, натуральна, мяняецца. 20 гадоў таму мы часта ўжывалі тэрмін «трасянка», маючы на ўвазе жыхароў горада, якія прыязджалі з вёсак. Роднай для іх была акурат натуральная, жывая мова, але яны імкнуліся пераходзіць на рускую мову: нормы апошняй таксама добра не засвойвалі, але і ад мінулых адыходзілі — так і ўтваралася тая самая «трасянка». А цяпер гэты тэрмін мы можам ужываць у дачыненні да жыхароў сельскай мясцовасці, якія яшчэ 20 гадоў таму былі сапраўднымі носьбітамі беларускай мовы і яе дыялектаў. Бо сёння наша вёска мяняецца: ужо вырасла пакаленне, выхаванае на рускамоўным тэлебачанні і на рускамоўнай культуры. Беларуская літаратурная мова перамясцілася ў горад, але ўжо ў іншай якасці: сёння гэта мова творчай інтэлігенцыі, нацыянальнай эліты.

— Якія моўныя змены вы назіраеце?

— У сучаснай мове адбываюцца два супрацьлеглыя працэсы: тэндэнцыя да інтэрнацыяналізацыі (насычэнне запазычаннямі) і тэндэнцыя да нацыяналізацыі (узбагачэнне за кошт увядзення ва ўжытак дыялектнай лексікі, аднаўлення забытых слоў) .

Часам назіраецца суіснаванне двух, а то і трох варыянтаў — напрыклад, гарбата і чай, фактар і чыннік, вакацыі і канікулы, дача і лецішча, кіёск і шапік. Такіх варыянтаў налічваюцца нават сотні. Пройдзе час, і мова сама адбярэ тое, што ў ёй прыжывецца лепш. Аднак назіраюцца і непажаданыя моманты, калі беларускія словы замяняюцца запазычаннямі з іншых моў: напрыклад, тэлефонная трубка — слухаўка.

— Як жа адрозніць, з'яўляецца слова новатворам або здаўна выкарыстоўвалася ў мове?

— Каб даць належную ацэнку слову, трэба прасачыць яго гісторыю: ці было яно ў старабеларускай мове, ці існавала ў гаворках, ці зафіксавана ў слоўніках 1920-1930-х гадоў, калі ішла актыўная беларусізацыя, або гэта слова штучна з'явілася ў апошнія дзесяцігоддзі? Нам сёння не трэба непакоіцца з-за слоў з рускай, польскай, украінскай моў, бо іх параўнальна няшмат, але трэба баяцца англа-амерыканізмаў, якія вельмі імкліва пранікаюць у беларускую мову, выцясняючы спрадвечныя словы.

— У гарадскім асяроддзі сёння часта сталі ўжывацца словы кшталту «філіжанка, фатэль, майткі». Як да іх ставіцца?

— Многія з гэтых слоў прыйшлі да нас праз польскую мову. Аднак успрымаць гэтага трэба спакойна. Забараніць ужыванне пэўных слоў, натуральна, ніхто не можа. А калі з часам яны ўвойдуць у шырокі ўжытак, знойдуць прыхільнікаў не толькі сярод пэўнай сацыяльнай групы, але і ў больш шырокага кола людзей, то праблема ўвогуле будзе знятая і яны зоймуць сваё месца ў сучаснай мове. Лінгвісты павінны быць фактолагамі: фіксаваць моўныя з'явы, а не даваць ім ацэнку. Асабліва ўлічваючы, што наша мова знаходзіцца ў стане развіцця.

Напрыклад, многія кажуць, што «ровар» — гэта запазычанне, таму трэба казаць «веласіпед». Аднак апошняе слова таксама з'яўляецца запазычаннем — гэта лацінізм. Калі мы возьмем карту гаворак, то ўбачым, што палова нашага насельніцтва ўжывала першы варыянт, палова — другі. Таму абодва словы маюць права на жыццё.

— Калі казаць пра чысціню мовы і ўзгадаць той жа слоўнік старабеларускай лексікі, ці ёсць спосабы вяртання ў паўсядзённы ўжытак спрадвечных слоў?

— Нядаўна выкладчыца БДУ Ірына Гапоненка абараніла доктарскую дысертацыю, у якой даказала пераемнасць старабеларускай з сучаснай беларускай мовай. Бо да гэтага часам сцвярджалі: сувязі паміж мовай Вялікага Княства Літоўскага і беларускай літаратурнай мовай няма. Яна ж даказала, што пераемнасць ёсць. Іншая справа, што захавалася яна толькі ў вуснай форме. Нягледзячы на тое, што 300 гадоў мова афіцыйна не ўжывалася, народ яе ўсё-такі захаваў. Нават проста пагартаўшы «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», мы можам знайсці для сябе пэўныя лексічныя дыяменты. Спецыялісты абгрунтоўваюць увядзенне некаторых старабеларускіх слоў для называння сённяшніх рэалій і паняццяў.

Напрыклад, варта прыняць пад увагу такія словы, як лістоўня «ёмішча для захавання лістоў», літасцівец «носьбіт літасці», раскошнік «чалавек, схільны да раскошнага жыцця», цікавец «дапытлівы чалавек».

Неабходна папулярызаваць такія словы, бо гэта наша гістарычнае багацце. Аднак нічога не трэба навязваць. З мовай варта працаваць далікатна, бо яна павінна кансалідаваць грамадства і ні ў якім разе не прыводзіць да канфрантацыі.

— Атрымліваецца, сёння мова знаходзіцца на шляху свайго фарміравання. Але хто ж з'яўляецца яе захавальнікамі?

— Склаўся стэрэатып, што захавальнікамі беларускай мовы з'яўляюцца людзі сталага веку, што жывуць у вёсцы. Сапраўды, беларуская мова па-ранейшаму захоўваецца ў вёсцы. Аднак інтарэс да яе сёння моцна расце ў гарадской моладзі. На курсах, якія актыўна з'яўляюцца ў сталіцы, кшталту «Мова з імбрыкам», «Мова нанова», «Моваведа», яблыку няма дзе ўпасці. І гэта дае надзею: калі мовай цікавяцца маладыя, значыць, яна будзе жыць.

— На вашу думку, чаму маладое пакаленне так зацікавілася вывучэннем мовы?

— Па-першае, таму, што мы інтэграваны ў сусветную прастору. І моладзь, з'яўляючыся самай дынамічнай часткай грамадства, бачыць, як іншыя народы ставяцца да сваіх моў і таксама пачынае атаясамліваць сябе са сваёй краінай і нашымі адносінамі да нацыянальнай мовы. Па-другое, вельмі ўплывае мода. Сёння, пачынаючы са звычайна рэкламы, зробленай па-беларуску, сацыяльнай рэкламы кшталту «Смак беларускай мовы», яна робіцца папулярнай. Гэта набывае прывабнасць і ў бізнесе. На пасяджэнні беларускамоўных бізнесменаў прадстаўнікі аўтазаправак «А-100», якія перайшлі на выкарыстанне ў прафесійным ужытку роднай мовы, кажуць, што колькасць іх кліентаў павялічылася. Кіраўніцтва іншай заправачнай сеткі таксама задумваецца, ці не перайсці і ім на беларускую?.. Бо гэта цікава і вабіць многіх людзей.

Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі можа працаваць з рознымі міністэрствамі і ведамствамі, як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі, рыхтуючы для іх неабходныя навуковыя дапаможнікі і даведнікі. Таксама праводзіць лінгвістычныя экспертызы па запытах юрыдычных кантор і ЗАГСаў, вызначае ідэнтычнасць запісаў, кансультуе стваральнікаў упаковак прадукцыі, якая паступае ў гандаль, іншай беларускамоўнай рэкламы.

Аўтар: Ніна Шчарбачэвіч

Каментар да фатаграфіі

Фо­та Над­зеі БУ­ЖАН

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар