24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датНават разумеючы, што ў ёй нешта зроблена не так, як хацелася б, не дацягвае яна месцамі да запланаванага мастацкага ўзроўню. Ды ўсё ж кніга — жывы голас аўтара да сучаснікаў, яго «выклік» і крытыкам, і шырокаму грамадству. Пачуйце, узважце, выкажыце меркаванне, пахваліце, пакрытыкуйце! А можа не проста гучным выклікам яна стане, а падзеяй у жыцці роднай літаратуры, замежжа. Хто ведае?
Поўны салодкага чакання, выношваў ідэю ўласнай кнігі і Максім Багдановіч. Добра ўсведамляў, што першая кніга можа стаць апошняй... Можа таму так старанна і прадумваў логіку размяшчэння вершаў, кампазіцыю, змястоўнае напаўненне. Планаваў зборнік у трох частках (пазней Алег Лойка знойдзе ў гэтым гармонію дантаўскага прынцыпу траічнасці): «Малюнкі і спевы», «Мадонны», «Каханне і смерць». На жаль, пры падрыхтоўцы выдання была адкінута апошняя частка. У нечым згубіўся, такім чынам, філасофскі зварот Багдановіча да чытача. Бо малады, невылечна хворы Максім жадаў, відавочна, закончыць сваю кнігу ўсё ж на ноце трагічнай, што была такой блізкай яго жыццёваму шляху. Але ж не будзем марна наракаць на выдаўцоў. Яны падарылі паэту шырокае гучанне яго песні, таму і паміраў ён «не самотны».
Калі б не намаганні «нашаніўцаў», адзіная прыжыццёвая кніга сапраўды геніяльнага паэта магла б так і не пабачыць свет. Сям'я Багдановіча на той час мела вялікія матэрыяльныя цяжкасці, пра якія сведчыць ліст Максіма ў рэдакцыю ў пачатку 1913 года: «Што да выдання кніжкі, дык бачу, што яно спыняецца галоўным чынам праз недахват грошы, але ніяк не прыдумаю, як Вам памагчы. Сам я не зарабляю, у бацькі прасіць, дык ён многа даць не можа, бы жыве ад 20-га да 20-га, да таго ж і вінен шмат каму. Але вось што: калі я ачуняю, дык я паспрабую заняць пад кніжку ў розных сваіх знаёмых грошы». Ды цяжкасці не спынялі энтузіястаў. І вось у 1914 годзе (на тытуле стаіць 1913 год, але тады выдаць не паспелі) зборнік «Вянок» дайшоў-такі да чытача. У віленскай друкарні Марціна Кухты яго выпусцілі накладам 2000 асобнікаў. У выданні прыняло ўдзел Беларускае выдавецкае таварыства. Між іншым, адзінае на той час, якое выплачвала аўтарскія ганарары. Фінансавую падтрымку аказала і Марыя Магдалена Радзівіл (народжаная Завіша). У знак вялікай удзячнасці на тытульным аркушы кнігі змешчаны герб роду Завішаў — «Лебедзь»...
«Вянок», які змяшчаў 92 вершы і дзве паэмы, з'явіўся выключна арыгінальнай творчай падзеяй.
Пры некаторай змястоўнай блізкасці, ён усё ж даволі значна адрозніваецца ад зборнікаў Цёткі, Янкі Купалы, Якуба Коласа... І тэхнікай вершавання, і вобразнасцю. Багдановіч выкарыстоўвае больш за 20 вершаваных памераў, актыўна звяртаецца да класічных формаў верша, выкарыстоўвае нечаканыя рытмічныя магчымасці. І гэта пры тым, што і лірычныя малюнкі прыроды ў яго чароўна адухоўленыя, і інтымныя пачуцці выяўляюцца абаяльна шчымліва, і пра грамадзянскія пытанні паэт не баіцца гучна прамовіць. Знаходзіць тое гарманічнае суладдзе, аб якім мараць многія сталыя творцы, — вось што часцяком удавалася рабіць маладому Багдановічу.
А. Луцкевіч красамоўна выказаўся пра зборнік наступным чынам: «Багдановіч умее ўсё ажывіць, ператварыўшы па-свойму. І лёгка льюцца яго вершы кунштоўнай філіграннай работы, а кожын формаю падходзіць да думкі. Думак тых — багата, і вось бачым у вянку вершы такой формы, такой будовы, — часта вельмі рэдкай, — якой могуць пахваліцца толькі найбольш культурныя народы з найвышэй развітай літаратурнай мовай». А цікавая інтэрпрэтацыя старажытных міфалагічных вобразаў, яскравая каларытнасць у «Вянку» — шчырае і несумненнае імкненне Багдановіча наблізіць да сябе любую «краіну-браначку», па-сапраўднаму адчуць сябе яе сынам, хоць і на адлегласці. Бацька паэта пасля смерці сына справядліва казаў: «Яму хацелася паказаць, што няма такіх памераў, няма такіх формаў, якія былі б чужыя беларускай мове. Якія цяжкасці ён пераадолеў на гэтым шляху, сведчаць яго рукапісы і сшыткі... Які з паэтаў, што ўвассаў беларускую мову з матчыным малаком, узнімаў гэту цяжкую карпатлівую працу? А ён, слабагруды, кволы, узняў».
«Вянок» назваў сваю кнігу Максім Багдановіч, бо прысвяціў яе сябру па пяры, які таксама рана пайшоў з жыцця, — Сяргею Палуяну. Гэта вянок на яго слаўную магілу. «Красу і светласць, і прастор шукаў», — пісаў пра Палуяна Багдановіч. І гэтыя словы магічным чынам характарызуюць і самога Максіма-Кніжніка...
Пасля былі і іншыя «Вянкі». Дапоўненыя, факсімільныя, перакладныя. Ужо ў 1927 годзе з'явіўся аднайменны зборнік, прымеркаваны да 10-й гадавіны смерці паэта з некаторымі рэдактарскімі праўкамі ў творах. Выдавецтвам «Мастацкая літаратура» прадстаўлена факсімільнае выданне класічнага зборніка. Перыядычна з'яўляліся і пераклады кнігі на іншыя мовы свету. Перакладчык «Вянка» на ўкраінскую мову М. Драй-Хмара тлумачыў сваё жаданне пераўвасабляць творы Багдановіча на роднай мове: «Па-першае, ён з'яўляецца адным з тых пісьменнікаў-класікаў, што стварылі аснову беларускай мастацкай літаратуры; па-другое, ён з'яўляецца выдатным майстрам слова, які чула адгукаўся на ўсе праявы нацыянальнага і сацыяльнага вызвалення беларускага народа; па-трэцяе, ён з надзвычайнай любоўю ставіўся да ўкраінскай культуры ўвогуле і да літаратуры асабліва».
Так наш шчыры, інтэлігентны Максім Багдановіч са сваёй кнігай у руках крочыць і сёння па вялікім свеце... Слухае чужое, ды пяе сваё.
* * *
Цветы последние милей
Роскошных первенцев полей.
А. Пушкін
Плакала лета, зямлю пакідаючы;
Ціха ліліся слязінкі на поле.
Але прыгожаю восенню яснаю
Там, дзе упалі яны, вырасталі
Кветкі асеннія, кветкі, ўспаённыя
Тугаю, горам, слязінкамі лета.
Кветкі асеннія, родныя, бледныя!
Выраслі вы, каб ураз жа і згінуць.
Можа, таму-то душа надарваная
Гэтак любоўна вянок з вас сплятае.