Рус | Бел
Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай

Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай

22.12.2018      1092
Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай

12 лістапада пайшоў з жыцця геній нацыянальнага музычнага мастацтва Ігар Міхайлавіч Лучанок. Ён быў адзначаны многімі ўзнагародамі і званнямі народнага артыста СССР і Беларусі. Але ці не самае галоўнае, што вызначала гэтага ўнікальна адоранага чалавека, — ён быў па-сапраўднаму НАРОДНЫ КАМПАЗІТАР БЕЛАРУСІ.

...Гэта інтэрв'ю адбылося больш як 20 гадоў таму назад, у кастрычніку 1996 года. Эпоха велізарных змен і ўзрушэнняў, час станаўлення маладой суверэннай Беларусі. Я працавала карэспандэнтам аддзела культуры «Звязды». Акурат тады шырока абмяркоўваліся магчымыя варыянты Гімна Рэспублікі Беларусь, а Ігар Міхайлавіч Лучанок на той час ужо 15 гадоў узначальваў Саюз кампазітараў краіны. Падрыхтаванае да друку інтэрв'ю не было апублікавана: чыста тэхнічна не ўдалося ўзгадніць тэкст з суразмоўникам. Без аўтографа Маэстра змяшчаць матэрыял палічыла немагчымым. Жыццё газетчыка заўсёды напружанае, падзеі накатвалі адна за адной. Так атрымалася, што гэтае інтэрв'ю апынулася-згубілася сярод іншых матэрыялаў у творчым архіве-дасье.

Адыход Ігара Міхайлавіча Лучанка ўскалыхнуў успаміны пра тую даўнюю сустрэчу. Адшукала інтэрв'ю... З таго часу шмат вады сплыло. Аднак, прачытаўшы рукапіс, калега параіла яго апублікаваць — як адлюстраванне і эпохі, і пазіцыі творцы ў памежнай сітуацыі «на ростанях». Можна было б крыху падрэтушаваць матэрыял, але перадаю яго ў рэдакцыю без купюр, з нязначнымі скарачэннямі. Хай даруе Ігар Міхайлавіч «няўзгодненасць» публікацыі наўздагон яго памяці: геніяльнасць выказванняў кампазітара «завізавалі» Гісторыя і Вечнасць.

Музыкі адыходзяць — іх музыка гучыць.

Сказаць, што Лучанок узрадаваўся званку журналіста, было б вялікім перабольшаннем. «Колькі пісалі ўсяго — а толку?! Ды я гатовы заплаціць журналістам, толькі каб яны не бралі ў мяне інтэрв'ю!» — вельмі эмацыянальна, надзвычай імпульсіўна гаварыў кампазітар. Пачуццё гумару выратавала сітуацыю: удакладніла, колькі ж Лучанок гатовы заплаціць. Суразмоўнік усміхнуўся: «А, ладна, прыходзьце, пагаворым»...

Добрая 4-пакаёвая кватэра ў прэстыжным раёне сталіцы — утульная, акуратная, з густам абстаўленая: дзяржава клапацілася пра таленты, наш нацыянальны гонар і багацце.

Размова пачалася больш чым нетрадыцыйна: Лучанок наладзіў мне... экзаменоўку:

— Вось вы культурны чалавек, у вас вышэйшая адукацыя... А вы ведаеце, што напісаў кампазітар Вэбер? А кампазітар Вэберн? А Шонберг?

Пасыпала галаву попелам. Але... «Ці ў тым рэчышчы мы размаўляем, Ігар Міхайлавіч, гэта ж ваша прафесія».

— Няпраўда, у культурных дзяржавах усе займаюцца музыкай, спяваюць у харах... Людзі там цывілізаваныя. Вы ж ведаеце, скажам, што напісаў Шэкспір, Пушкін, Дастаеўскі, — любы чалавек павінен ведаць не толькі літаратуру, але і выяўленчае мастацтва, і музыку.

Сапраўды, аксіёма. Аднак... Калісьці я таксама вучылася ў музычнай школе. І зараз, як успомню, ледзянее спіна: гэта была катарга, бо не было прызвання. Дык, можа, не варта ўсіх без разбору вучыць музыцы?

— Не, музыцы трэба вучыць усіх — у школах выкладаць не толькі гісторыю літаратуры, але і гісторыю музыкі. Каб чалавек не блытаў Чайкоўскага з Бетховенам... Я не думаў, што стану кампазітарам, проста бацькі мяне старанна, сур'ёзна вучылі. Я прафесійны цымбаліст, цудоўна іграю на акардэоне, ну а на фартэпіяна — проста маэстра. Аднак гэта разумеюць не заўсёды і не ўсюды. Татальная музычная неадукаванасць!

— Хіба гэта асноўнае, што вызначае чалавека?

— Канешне! Калі дзіця нараджаецца, яго выхоўваюць. Пра што гаварыць з чалавекам, які не ўмее чытаць?!

— Вялікі філосаф Сакрат не напісаў ніводнага радка. Дакладна невядома, ці ўмеў ён чытаць...

— Ён быў геніем, а мы — не геніі. Таму, калі мне прыносяць дрэнныя вершы, гавару: «У Ленінградзе мяне вучылі: пішы толькі на добрыя вершы, тады людзі будуць цябе разумець, мы ж не геніі. А дрэнныя вершы цябе будуць апускаць». У нас журналісты, як правіла, музычна неадукаваныя, і таму яны не гавораць аб якасці твора, а вышукваюць нейкіх «птушачак». Размаўляць на прафесійнай мове з журналістамі я не хачу!.. Напэўна, калі б свой «Паланэз» Агінскі напісаў у наш час, таксама не гаварылі б пра музыку, а толькі — які Агінскі палітык, пан ён ці не пан.

— Як, дарэчы, вы ставіцеся да прапаноў зрабіць «Паланэз» гімнам Беларусі?

— Гэта інструментальная п'еса, гімн будуецца па сваіх законах, мае пэўныя традыцыі, адметнасці. Гэта трэба разумець.

* * *

— Найлепшыя песні вы стварылі на вершы беларускіх паэтаў?

— Як паглядзець... «Майскі вальс» ведае ўся краіна (маю на ўвазе СССР), «Мой родны кут» — не. Мяне крытыкуюць беларускія паэты, але я пішу і на рускія вершы, і на ўкраінскія, літоўскія, польскія: не хачу быць абмежаваны тэрытарыяльна.

У нас ёсць сімфанічны аркестр, харавая капэла — гэта твар нацыі. На жаль, на ўсю рэспубліку — усяго адзін оперны тэатр, а, напрыклад, у Балгарыі (насельніцтва нашых краін прыкладна аднолькавае) — 5 ці 6 оперных тэатраў.

— Лічбы красамоўныя.

— Я пяць гадоў (у час вайны) жыў у горадзе Сальску Растоўскай вобласці, гэта мая другая радзіма. У Сальску ёсць сімфанічны аркестр. У райцэнтры! Назавіце хоць бы адзін райцэнтр у Беларусі, дзе ёсць сімфанічны аркестр.

— Саюз кампазітараў — арганізацыя вялікая?

— Крыху больш за сто чалавек: кампазітары, музыказнаўцы. У апошнія гады некаторыя ўцяклі ў ЗША, Ізраіль... Прафесія музыканта ў нас — непрэстыжная.

— Вы таксама збіраецеся куды-небудзь?..

— А навошта, я ж беларус. Але я не хачу, каб мяне тут эксплуатавалі! Я магу цэлымі днямі рабіць інтэрв'ю, аднак вечарам жонка спытае: дзе грошы? На стале ляжыць рахунак на некалькі мільёнаў рублёў, сын вучыцца на юрыста. Жонка зарабляе па-жабрацку, хоць скончыла два музвучылішчы (як вакаліст і тэарэтык), у музшколе працуе.

* * *

— Які ганарар вы атрымліваеце за песню?

— Ніякага.

Лучанок расказвае пра шматлікія цяжкасці, якімі выпрабоўвае час творцу. І раптам: «Усе думаюць, як бы капеечку на Лучанку зарабіць».

— А як на Лучанку можна зарабіць?

— Вельмі проста, у мяне ж сувязі. Даведаліся, што Кабзон — мой сябар, і адразу пісьмы пайшлі: дапамажыце. А Кабзон сказаў: «Ігар, мне вельмі доўга дурылі галаву, я дапамагаю толькі дзецям». Ён займаецца бізнесам, і правільна робіць. А што, хочаце, каб творца быў жабраком?!

— Распаўсюджаны стэрэатып: ёсць мастацтва масавае і ёсць элітарнае. Масавае мастацтва — яно быццам бы і не мастацтва...

— А тэма Хатыні, Курапатаў — гэта якое мастацтва? А «Если б камни могли говорить»?.. Можна напісаць сімфонію на 40 хвілін — але ўплыў яе будзе меншы, чым ад песні-балады. Мне дасылаюць шмат пісьмаў — людзі плачуць пад песню.

Ігар Міхайлавіч паказаў адзін з лістоў, ад Ахрэмчык-Лазаравай з Горкаўскай вобласці. Жанчына паглядзела па тэлевізары творчы вечар кампазітара, што праходзіў у Маскве, і напісала: «Я толькі што прыехала з Курапатаў, там быў расстраляны наш бацька 1 кастрычніка 1938 года... У бацькі было 8 дзяцей... Я апынулася ў Расіі ў лагеры, маіх братоў і сясцёр разаслалі па розных лагерах... Беларусь — мая дарагая радзіма, але мне не давялося жыць на радзіме. Усё жыццё пакутую, што я такая няшчасная...»

Лістоў, у якіх людзі пішуць аб самым патаемным, балючым, прыходзіць да кампазітара шмат.

А вось яшчэ адзін ліст — з Чыкага, ад Майкла Моргулса:

«Ну вось, дарагі Ігар, Гасподзь зноў звёў нашы шляхі. Калісьці, калі ты скончыў кансерваторыю, а я ўніверсітэт, мы напісалі ў Гомелі песню пра раку Сож, а потым нашы дарогі разышліся. І не бачыліся мы амаль 30 гадоў. У нас за плячамі шмат перажытага, перамог, паражэнняў, любові і слёз. Наогул, жыццё. Я вопытны чалавек, ды і па волі Госпада многае разумею, і таму гавару табе, што птушка адзіноты назаўсёды звіла гняздо ў тваім сэрцы. Ды і ў маім таксама. Я сустракаўся і маліўся з пяццю прэзідэнтамі Амерыкі, двума прэзідэнтамі СССР (Расіі), з многімі вядомымі людзьмі. І нішто не прыносіла мне доўгай радасці. Радасць прыходзіла ад іншага: ад выпадковага погляду, кінутага на мяне, ад таго, што здолеў разгадаць адну з таямніц жыцця, ад рэалізаванай мары. Жывучы па розныя бакі акіяна, мы параненыя асколкамі адной бомбы. Будзем памятаць гэта».

* * *

— Ігар Міхайлавіч, вы шмат займаецеся грамадскай дзейнасцю, а калі вы паспяваеце працаваць?

— І сёння раніцай працаваў. Міхаіл Фінберг з салістамі запісаў 15 маіх песень.

— Гавораць, некаторым кампазітарам мелодыі прыходзілі нават у сне.

— Разумееце, Гасподзь даў мне мелодыю — гэта асобная размова. У кансерваторыях вучаць гармоніі, поліфаніі, аналізу формы, аранжыроўцы, інструментоўцы... Але няма курса меладызму: мелодыі навучыць нельга.

Мелодыі навучыць нельга, гэта Божы дар. Пра Моцарта гаварылі: «Гуляка нічым не заняты»... Але за 15 хвілін ён мог напісаць такую музыку, якую Сальеры, бадай што, не пад сілу стварыць і за месяц. Мелодыі навучыць нельга: Божы дар...

— Як ставіцеся да таго, што вас называюць класікам беларускай песні?

— Які я класік? Я вам зараз «папсу» сыграю!.. Самае галоўнае ў песні — мелодыя. Наша беларуская народная песня — вось класіка, там багацейшая мелодыя. Гэта — аснова, бясцэнны дар. Шырма, Цітовіч, Чуркін, Мажэйка гэта разумелі. Я і сам быў у фальклорных паездках, Мулявіна вазіў... З прафесійных песень народную традыцыю працягваюць «Бывайце здаровы», «Выпьем за Родину». А творы Уладзіміра Алоўнікава, Юрыя Семянякі, Леаніда Захлеўнага, Эдуарда Зарыцкага, Уладзіміра Будніка, Алега Чыркуна, Валерыя Іванова, Дзмітрыя Далгалёва, Уладзіміра Мулявіна, Мікалая Сацуры...

— Дзе і як вы ствараеце?

— У кожнага свае сакрэты... Вось вы пыталіся, чаму я зараджаны палітыкай. Я з 1969 года актыўна супрацоўнічаю з камсамолам, з'яўляюся лаўрэатам першай прэміі камсамола. На працягу многіх гадоў быў членам ЦК ВЛКСМ. Не магу быць староннім назіральнікам!

— Вы і зараз называеце сябе камуністам — а вас называюць «чырвоным кампазітарам». Менавіта таму «дэмакратычная плынь» вас асабліва не шануе?

— Мяне?! Я сябрую і з камуністамі, і з дэмакратамі. Мы напісалі цудоўную песню з Зянонам Пазняком — «Аве, Марыя». Толя Сабчак у мяне дома начаваў... Лічу, што творца павінен стаяць НАД ПАЛІТЫКАЙ.

...У рабочым кабінеце Лучанок дастаў з шафы зборнік вершаў Анатоля Лук'янава — таго самага, «путчыста». Адзін з вершаў, які палітык-паэт напісаў, будучы вязнем «Матроскай цішыні», прысвечаны І. М. Лучанку. Заканчваецца гэты верш наступнымі радкамі:

Белорусско-русская земля,

Ты моя надежда и отрада.

Заклинаю: береги себя

Песнями языческого лада.

Ігар Міхайлавіч сеў за раяль, паказаў новую песню — «Занесеныя ветрам». Пранізлівая балада пра тое, што ўсе мы апынуліся занесенымі ветрам — чарнобыльскім, палітычным. І ветрам перамен...

Аўтар: Таццяна ПАДАЛЯК

Яшчэ фота

Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай
Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай
Ігар Лучанок: Лічу, што творца павінен стаяць над палітыкай

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар