Рус | Бел
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы

У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы

14.03.2019      1141
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы

Кажуць, калі зазірнуць за кулісы, то можна назаўсёды згубіць тое дзівоснае пачуццё «тэатральнай магіі». Яна ўступае ў сілу акурат пасля трэцяга званка і знікае, калі ў глядзельнай зале запальваюць святло. Карэспандэнт «Звязды» пазнаёмілася з закулісным побытам Палескага драмтэатра і зразумела, што часам за сцэнай магіі бывае куды больш, чым на ёй.

Вусы і гонар

— І не смейце называць наш тэатр правінцыйным! — папярэджвае актрыса Наталля Гусак. — Так і напішыце: ён сталічны, бо Пінск — сталіца Палесся. А ў гэтым годзе наш горад яшчэ і культурная сталіца Беларусі.

Чацвер, 17.00. Я сяджу ў адной з грымёрак тэатра і не магу адарваць вачэй ад «рабочых месцаў» тутэйшых артыстаў. Здаецца, кожнае люстэрка перадае ўнутраны свет уладальніка. У кагосьці яно ўпрыгожана фотакарткамі куміраў, нехта прыляпіў уласны здымак саракагадовай даўніны. Маладыя дзяўчаты ў сябе на сценах развесілі партрэты галівудскіх зорак: Джонні Дэпа, Брэда Піта, Тома Круза. «Мы так да Новага года рыхтаваліся. Мужчыны ў нас замест мішуры і гірляндаў былі, так і засталіся», — пасмейваюцца актрысы. Акрамя асабістых рэчаў, на кожным століку — шэрагі слоікаў, цюбікаў, скрыначак з касметыкай.

У Палескім драматычным дырэктар адначасова з'яўляецца мастацкім кіраўніком тэатра, а некаторыя рэжысёры — гэта яшчэ і акцёры. Кожны сам сабе грымёр і цырульнік. Таму ўсе супрацоўнікі ў прамым сэнсе незаменныя.

— Другога акцёрскага складу ў нас ніколі не было. Нехта захварэе — прыйдзецца адмяняць спектакль. Такое за апошнія шэсць гадоў здаралася толькі аднойчы, — прыгадвае дырэктар Аляксандр Лукашэнка. — А сёння ў нас ідзе «Пінская шляхта», дык у ёй практычна ўся трупа задзейнічана.

Сапраўды, у грымёрках аніводнага вольнага люстэрка. Па калідорах туды-сюды прабягае то адзін, то другі шляхцюк. Каля раскладу спектакляў на наступны тыдзень знаёмлюся з актрысай Вольгай Шэндэр. Яна адна з нямногіх у тэатры, хто не вучыўся на артыста. Затое мае за плячыма паўвекавы досвед выступленняў. Акцёрская натура Вольгі Міхайлаўны адчуваецца ў кожным грацыёзным жэсце, кожным какетлівым позірку.

— Я родам з Бранска, маю тэхнічную адукацыю, але большую частку жыцця правяла ў Пінску, неадрыўна ад тэатральных падмосткаў, — расказвае жанчына. — Пінчукі — людзі асаблівыя. Мне як прыезджай гэта добра відаць. Яны маюць гонар і ўмеюць трымацца на вышыні, нават калі за душой ні капейкі. Вы такіх больш нідзе не знойдзеце. Адным словам, шляхта!

Каб зразумець, пра што гаворыць Вольга Міхайлаўна, далёка хадзіць не трэба. Вось мужчынская грымёрка. Тут з рук у рукі пераходзіць бутэлечка з клеем. Акцёры таўкуцца каля люстэрак, прымацоўваючы пышныя русыя «шчоткі» над верхняй губой. «Вусы — чэсць, а барада і ў казла есць», — казалі палескія шляхцічы гадоў сто пяцьдзясят таму.

З чорным алоўкам у руках застаём рэжысёра і акцёра Паўла Марыніча. Пісулькін, якога ён грае на палескай сцэне, — той яшчэ хуліган. А Павел па жыцці зусім не такі. Пакуль наносіць грым, не раз падыходзіць да акна паглядзець, перад кім яму сёння выступаць. Адкуль дзеці на аўтобусе прыехалі, што там за пары каля ўвахода стаяць?

— Паша, апрача таго, што бліскучы акцёр, яшчэ і галоўны казачнік у нашым тэатры. Цікаўны, непасрэдны, вясёлы. Да такой ступені дзіця ўнутры, што ўсе спектаклі, якія ён ставіць, атрымліваюцца надзвычай шчырымі і яркімі, — расказваюць пра артыста калегі.

Шляхта, што ўжо загрыміравалася, у чаканні выхаду на сцэну адпачывае на канапах. Дзіўна назіраць, як акцёры ў вобразах трымаюць у руках смартфоны або п'юць ваду з пластыкавых бутэлек.

— Як я трапіў у тэатр? Папрасілі ў школе зайца сыграць, і панеслася. Можа, і хацеў бы спыніцца, але не магу: сцэна — гэта раз і на заўсёды, — раскрывае падрабязнасці біяграфіі Іван Вялічка.

Малады артыст, дарэчы, адзіны ў трупе, хто адважыўся і адгадаваў свае вусы. Калегі, асабліва жаночага полу, не ўпускаюць магчымасці пажартаваць з хлопца. А ён толькі і паспявае апраўдвацца: «Пакуль не самыя пышныя, затое свае. І ніякага раздражнення ад клею!»

Раптоўны антракт

Цікава, што пры сціплых заробках (лічба не далёка адышла ад «мінімалкі»), цякучкі творчых кадраў у тэатры няма. «Калектыў добры, публіка прыемная, што яшчэ трэба?» — тлумачаць акцёры. Тых, для каго Палескі драматычны быў толькі стартавай пляцоўкай, успамінаюць з цеплынёй. Напрыклад, Андрэя Сенькіна, які пачынаў акцёрскую кар'еру на пінскіх падмостках, а цяпер служыць на сцэне горкаўскага тэатра ў сталіцы і здымаецца ў кіно.

— Помню, мы зусім зялёныя стаялі разам перад выхадам на сцэну і планавалі, як паедзем спрабаваць свае сілы ў Мінску. Андрэй праз некаторы час сапраўды паехаў, а я пайшла ў дэкрэт, — расказвае Алена Андрэева. — Шкадаванняў наконт гэтага быць не можа. Дзеля чаго ідуць у акцёры?

— Дакладна не па славу і грошы, — іранічна адказвае на пытанне Наталля Гусак.

— І гэта таксама. Але кожны з нас марыў пра галоўныя ролі — фатальнай прыгажуні ці прынцэсы. Нікому не хочацца гадамі быць дрэвам ці мухаморам у трэцім шэрагу. Тут, у Пінску, мы граем тое, да чаго ў сталіцы маглі б проста не даслужыцца. Гэта дарагога варта! Плюс усе мы ў пэўнай ступені застаёмся вольнымі мастакамі. Хтосьці спрабуе свае сілы ў рэжысуры, нехта стаў тварам касметычнай лінейкі, нядаўна мы амаль усім калектывам зняліся ў серыяле... — здаецца, Алена казала нешта яшчэ, але яе словы перабіў трэці званок. Пачынаецца спектакль.

Хвілін праз дзесяць у адной з грымёрак чуваць лірычная мелодыя. Заглядваю ўнутр: «селянін» у вышытай кашулі ціхенька перабірае гітарныя струны і нешта напявае.

— Заходзьце, не саромейцеся, у нас тут раптоўны антракт, — запрашае шляхціч у капелюшы.

— Дык у п'есе ж адна дзея? — здзіўляюся я.

— Вы не зразумелі. Зараз сцэна без нас. А «Раптоўны антракт» — гэта назва музычнага гурта. Удзельнікі — уся наша грымёрка: Андрэй Бастунец, Андрэй Дзмітрычэнка, Паша Рыжоў, Саша Горбач і я, Сярожа Волкаў. Мы летам на гарадскіх святах выступаем на вуліцах. Хочаце паслухаць? — запытваецца акцёр і звяртаецца да калегі з гітарай: — Давай што-небудзь са свайго, час да выхаду яшчэ ёсць.

Андрэй Бастунец пачынае спяваць пра каханне. Беларускамоўны тэкст арганічна кладзецца на вобраз селяніна з пышнымі вусамі і русым чубам. І ўсё ж дзіву даешся: толькі што на сцэне чалавек быў мужыком з мінулага, а тут ён ператварыўся ў рамантыка з тонкім музычным густам. Праз некалькі імгненняў ён зноў становіцца беларусам узору ХІХ стагоддзя. Не трэба яму ні настройвацца па-асабліваму, ні ўваходзіць у вобраз перад люстэркам. Прафесіянал.

На чым стаім

Палескі драмтэатр хоць і малады зусім, але адкрыўся не на пустым месцы. Яго вялізныя архівы таму пацвярджэнне. Сотні чорна-белых фотаздымкаў, відэазапісы на касетах, пажоўклыя праграмкі спектакляў, пачынаючы з 70-х гадоў, захоўваюцца ў загадчыцы літаратурнай часткі Наталлі Базан. Тут жа ёсць поўная «бібліяграфія» — інтэрв'ю з артыстамі, рэцэнзіі на пастаноўкі, заметкі пра гастролі.

Сярод партрэтаў акцёраў і рэпартажаў з прэм'ер знаходзім цікавае фота. На ім героі адной п'есы ўцякаюць на лодцы ад героя іншай, які спрабуе дагнаць іх на катамаране.

— Здаецца, гэта «Пінская шляхта» і Пан Быкоўскі з «Паўлінкі». Фестываль «Зоры над Пінай», 80-я гады. Ён зарадзіўся яшчэ ў бытнасць Пінскага народнага тэатра. На тыдзень набярэжная ракі ператваралася ў адну вялікую сцэну, на якой выступалі дзясяткі самадзейных калектываў горада і раёна, — тлумачыць Наталля Феадосьеўна. — Мой муж Іван Іванавіч у 2006-м адкрываў наш тэатр і першы час узначальваў яго. Да гэтага кіраваў Пінскім народным, які пазней пераўтварыўся ў тэатр-студыю «Дыяген». Ён працаваў, а я ўсе ягоныя поспехі дакументавала на паперы. Бадай, самым складаным часам былі нават не 90-я, а першыя гады пасля адкрыцця прафесійнага тэатра. У акцёрскі склад тады ўваходзіла некалькі «дыягенаўцаў», але аснову складалі зусім юныя акцёры — учарашнія выпускнікі Магілёўскага каледжа мастацтваў. Яны размеркаваліся да нас цэлым курсам — восем чалавек. Дзіўна, што ў 50-я гады, калі скасавалі Пінскую вобласць і горад стаў райцэнтрам, трупа мясцовага прафесійнага тэатра амаль цалкам пераехала менавіта ў Магілёў. Ужо ў наш час лёс прымусіў магіляўчан вярнуць Пінску «пазыку». Складанасць была ў тым, што малады ўзрост артыстаў накладваў пэўны адбітак на рэпертуар. Прычым амаль усе адразу паступілі на завочнае ў Мінск, пастаянна ездзілі на сесіі. Аднойчы ў тэатры засталося толькі два акцёры, і тыя ва ўзросце. Але ж фінансавы план і зацікаўленасць гледачоў ніхто не адменіць. Прыйшлося выкручвацца: ставілі дзіцячую п'есу з двума героямі — ваўком і зайцам. Яна, дарэчы, даволі паспяховая была.

— Ёсць любімы спектакль у рэпертуары тэатра? — запытваюся ў жанчыны.

— Складана выбраць нешта адно, асабліва калі ты штодзень бачыш акцёраў не толькі на сцэне, але і па-за ёй. У душу западаюць нават не цэлыя п'есы, а ўрыўкі. Калі ставілі «Навальніцу» паводле Астроўскага, я кожны раз прыходзіла паглядзець на фінальную сцэну. Наша Волечка Ермалаева так пранікнёна грала Кацярыну, што вельмі хацелася сказаць ёй насуперак Станіслаўскаму — «Веру!».

Стаўка на прэм'еры

Не паспелі пасля «Пінскай шляхты» зачыніцца дзверы за апошнім гледачом, як у зале пачалася новая дзея. Толькі ў галоўных ролях не акцёры, а каманда работнікаў сцэны. Трое мужчын хуценька «выводзяць» штучнага каня некуды ўглыб і пачынаюць «пераапранаць» чорную прастору ў белае. Пад столь узмываюць адны, другія, трэція дэкарацыі. Па ходзе справы нешта чысціцца, падшываецца, прасуецца. Рэквізітар то за адной, то за другой кулісай акуратна раскладвае дзясяткі рэчаў, сярод якіх і хрустальныя туфлі на аксамітавай падушачцы, і плюшавы гарбуз з мышамі. Да чаго такі спех?

— Заўтра раніцай казка, а ўвечары п'еса для дарослых, — коратка тлумачыць загадчыца пастановачнай часткі Наталля Рагавая, якая разам з падначаленымі носіцца па сцэне, правяраючы, ці добра ўсё замацавалі.

Два спектаклі ў дзень — звычайная практыка ў Палескім драмтэатры, бо ён яшчэ і задачы ТЮГа выконвае.

— Таму ў рэпертуары так шмат пастановак для дзяцей. Яны, вядома, патрабуюць фантазійных, добра аформленых дэкарацый. З бутафорам і мастаком нам дужа пашанцавала — рукі ў іх залатыя. Вось толькі ўсю прыгажосць, якую яны ствараюць, захоўваць няма дзе. Будынак тэатра — гісторыка-культурная каштоўнасць, пашырыць яго нельга. Даводзіцца здымаць складскія памяшканні. Вось нашыя работнікі сцэны і прызвычаіліся цягаць усё туды-сюды, — расказвае дырэктар. — Да хуткасці схіляе і план — не менш за 300 пастановак у год, а значыць, 25—27 спектакляў у месяц. Не выканаем — не атрымаем фінансаванне з гарадскога бюджэту, якое цалкам ідзе на зарплаты ўсяго калектыву. Пры гэтым кожны сезон у тэатры адбываецца 6—8 прэм'ер. Многа? А інакш немагчыма. Пінск — горад невялікі. Паўгода, і ўсе, хто хацеў, спектакль паглядзелі.

Разам з тым надзвычай нізкім здаецца (мне, сталічнаму гледачу) кошт на білеты: 5,5 рубля — для дарослых, 4,5 — для дзяцей.

— Мінчане часта запытваюцца, чаму не зробім даражэйшымі. А мне не хочацца, каб атрымалася, як у тым анекдоце: «Білеты прадаюцца?» — «Прадаюцца. Толькі іх ніхто не купляе». Пінск не Мінск, тут у людзей зусім іншыя заробкі, ад гэтага і адштурхоўваемся, — працягвае Аляксандр Мікалаевіч.

Калі зірнуць на гастрольны графік тэатра за мінулы год, то паміж удзелам у міжнародных фестывалях і выездамі па райцэнтрах Брэсцкай вобласці знойдзем пастаноўкі на сталічных пляцоўках.

— Ведаю, што некаторыя калегі не ў захапленні ад гэтага. Хоць мы нават не думаем з імі канкурыраваць. Аднак не буду ўтойваць: нам прыемна, што пры тым вялікім выбары, які ёсць у Мінску, тамтэйшы глядач чакае сустрэч з намі. Найбліжэйшая, дарэчы, адбудзецца ў канцы сакавіка на сцэне Палаца культуры ветэранаў.

Аўтар: Ганна Курак

Яшчэ фота

У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы
У чым сакрэт папулярнасці тэатра ў глыбінцы

Каментар да фатаграфіі

Фота аўтара

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар