Рус | Бел
Усё, што трэба ведаць пра гуканне вясны

Усё, што трэба ведаць пра гуканне вясны

10.03.2019      1241
Усё, што трэба ведаць пра гуканне вясны

Калі хто з вас чуў хоць аднойчы, як гукаюць вясну, то ніколі аб тым не забудзецца. Гэта ні з чым не параўнальна. Да вас ізноў вернецца адчуванне юнацтва — быццам бы ўсё наперадзе. Вясна – яна ж заўсёды маладая і прыгожая! У яе вянок на галаве і сінія, як пралескі, вочы. Вясна заўсёды нясе спадзяванне на лепшае. Вясна — гэта і пра каханне.

Вясне-Вяснянцы належыць самы прыгожы і светлы вобраз у народнай творчасці з даўніх часоў. Яе малююць заўсёды маладой прыгажуняй у зялёным убранні, усю ў кветках і з усмешках на вуснах.

Няма нікога і нічога жывога на Зямлі, што б не імкнулася да святла і цяпла, і таму, каб паскорыць іх прыход, трэба паклікаць, або загукаць, Вясну "вяснянкамі". Іх прынята спяваць, радуючыся нараджэнню веснавога сонца, надыходу цяпла, пачатку палявых работ, Новаму году, які даўней пачынаўся ў славян менавіта веснавой парой. Вядомы этнограф Адам Багдановіч, вывучаючы ў канцы ХІХ ст. абрадавую культуру беларусаў у Слуцкім, Барысаўскім, Мінскім паветах, заўважаў, што, па ўспамінах старажылаў, “вяснянкі” неперапынна спявалі нават падчас Вялікага посту, збіраючы моладзь на вольных ад снегу пагорках.

Цяпер веснавыя спевы, як і многія старадаўнія звычаі і магічныя абрады, беспаваротна забытыя. Зразумела, час ідзе, уносячы карэктывы ў сучаснае жыццё. Зрэшты, цяпер мы не так, як нашы продкі-земляробы, залежым ад дароў зямлі.

І ўсё ж мудрасць пакаленнняў, іх духоўны і матэрыяльны вопыт, хараство мастацкай народнай культуры прыцягваюць нас да сябе. Да ўсяго гэтага трэба беражліва ставіцца. Цяпер шмат хто бярэцца адраджаць старыя звычаі, толькі не ўсім гэта па сілах. Тут патрэбны глыбокія веды і густ. Штучна створаныя абрадавыя святы хутка перастаюць існаваць. А ёсць такія, заснаваныя на мясцовых звычаях, дзеля якіх едуць з розных куткоў Беларусі.

Гэта маё любімае народнае свята. Адрадзіўшыся ў сярэдзіне 1980-х, яно шырыцца год ад году. Цікава адбываецца свята ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту, што пад Мінскам (не раз прымала ўдзел у ім і я). Гукаюць вясну і ў іншых культурных установах Беларусі.

Гукаючы вясну, дзяўчаты шукалі высокае месца і, сабраўшыся разам, прызывалі вясну, прамаўлялі вяснянкі: "Агууу, вясна, агууу, красна! Што ты нам прынясла?.." Гэта "агууу" ляцела далёка і часам было чуваць у суседняй вёсцы. А адтуль таксама можна было пачуць той жа адказ. Калі ўзгорку не было, спеўнай пляцоўкай станавілася страха адрыны, хлева ці звычайны плот.

Я ж апошнім часам палюбіла ездзіць з сяброўкай на свята ў Вязынку. Калі хачу рамантыкі, саджуся на электрычку і сярод спяваючай моладзі еду, прыхапіўшы ссабойку, на радзіму Я. Купалы. Усяго гадзіна -- і мы на месцы. Прырода, рака, жаўрукі і надзвычайная атмасфера, якую не можа сапсаваць ні мароз, ні снег з дажджом, якія часам бываюць гэтай парою.

У гэты дзень у Вязынцы на тэрыторыі музея можна пабачыць і пачуць шмат цікавага: паспяваць разам з фальклорнымі гуртамі “вяснянкі”, прыняць удзел у розных майстар-класах для дзяцей і дарослых, пахадзіць у адмысловых карагодах, набыць сувеніры ад народных майстроў, пачаставацца народнымі стравамі, пагушкаццы на арэлях.

Гуканне вясны ў Вязынцы ладзіцца сумесна з маладзёжнай арганізацыяй "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства". Гэта людзі, якія імкнуцца захаваць беларускую традыцыйную культуру і актуалізуюць яе ў сучасным гарадскім асяроддзі. Сярод іх -- этнографы, рамеснікі, людзі розных прафесій і адукацый, зацікаўленая моладзь. У таварыства вялікі вопыт па стварэнні абрадавых свят. Дзейнасць па захаванні і папулярызацыі традыцыйнай культуры не засталася не- заўважанай: з 2014 г. "Студэнцкае этнаграфічнае таварыства" з'яўляецца акрэдытаванай установай пры ЮНЕСКА як кансультант па пытаннях нематэрыяльнай спадчыны Беларусі.

Цікава? Тады раю далучыцца да гэтага свята. Дарэчы, па рашэнні Міжнароднай арганізацыі ЮНЕСКА, музей Я. Купалы ўключаны ў міжнародны турыстычны маршрут, і яго варта наведаць. Упэўнена, вашым набыткам будзе добры настрой. Да сустрэчы, і нясумных вам дзён!

Птушкі на вярбе

Ці ведаеце вы, як вызначыць пачатак вясны на слых? Вельмі проста. Для гэтага трэба выехаць за горад і пастаяць хоць паўгадзінкі ў полі, каб пачуць жаўруковыя спевы.

На Паазер'і існаваў цудоўны звычай, калі дзеці босымі (быццам бы ўжо цёпла) з печывам у форме розных птушак выбягалі на праталіны, слухалі жаўрукоў і крычалі: "Сорак мучанікаў, прылятаець, сорак мучанікаў, прылятаець!"

22 сакавіка ў нас святкуюць Саракі — Дзень сарака пакутнікаў Севасцейскіх, якія пакутвалі ў Севасційскім возеры. У драматычная гісторыі расказваецца пра воінаў, якія адмовіліся прынесці ахвяру ідалам падчас праўлення імператара Лікінія. За непаслушэнства іх пад аховай пакінулі на ноч на лёдзе Севасційскага возера, якое знаходзіцца ў Арменіі. Пакутуючых ад холада людзей спакушалі тым, што на беразе была натопленая лазня. Адзін з сарака воінаў не вытрымаў, пабег да лазні, але памёр на яе парозе. Тады адзін з вартаўнікоў, уражаны мужнасцю і верай пакутнікаў, далучыўся да іх.

Каму і калі прыйшло ў галаву звязаць дзень памяці сарака пакутнікаў з прылётам птушак, цяпер нам не дазнацца. Народ жа, як заўсёды, удала спалучыў у сваёй свядомасці святкаванне веснавага раўнадзенства з падзеямі хрысціянскай гісторыі. Фігуркі птушак з паперы або цеста на Саракі прынята вешаць па дрэвах.

Жаўрукі пры чым тут? Па народных уяўленнях, душы людзей-пакутнікаў пераўтварыліся ў жаўрукоў. Самі ж воіны сталі апекунамі земляробства. Маленькая птушка прылятае з выраю ў наш край, калі яшчэ даволі холадна, а часам на палетках яшчэ ляжыць снег. Аднак цэлы дзень гучна спявае жаўрук песню сонейку, а ў начным змроку мерзне на скаванай марозам чорнай зямлі. Пакутнікі, што і казаць! З цягам часу нават абрадавае печыва ў выглядзе птушак пачалі называць "мучанікамі".

Абрадавае печыва

Уяўленне аб тым, што на Саракі прылятае сорак "птушак-пакутнікаў", пасля чаго надыходзіць вясна, распаўсюджана амаль па ўсёй Беларусі і асабліва на яе поўначы. Свята практычна прыпадае на веснавае раўнадзенства, калі дзень і ноч бываюць роўныя па часе. У народзе пра тое так і казалі: "На Сорак мучанікаў дзень з ноччу мераецца".

Раўнадзенства - заўсёды чароўны час! Гэта перыяд, калі ўсё аднаўляецца ў прыродзе, абуджаецца ад сну, адраджаецца наноў. Асабліва ў гэты дзень нікому не можна жадаць злога.

Згодна павер'ям, у гэты час гаспадыні выпякалі з цеста 40 жаўрукоў -- 40 маленькіх піражкоў, галушак, лапуноў і іншыя стравы. Печаныя фігуркі птушак раздавалі дзецям, сваякам, суседзям. Было прынята падкідаць іх угару, сочачы за тым, каб "птушачка" падлятала як найвышэй. Так варажылі на здароў'е. Чым вышэй птушка падляціць, тым здаравейшы будзеш на працягу года.

Крошкі ад печыва гаспадыні сыпалі хатнім птушкам, каб добра несліся, не хварэлі, вяліся. Для вясковых дзяцей яйкі заўсёды былі ласункам, паколькі іх гаспадыні звычайна прадавалі на кірмашы, каб папоўніць сямейны бюджэт. Таму хлопчыкі даўней часта адпраўляліся шукаць яйкі ў лес і поле. На Саракі яны павінны былі ўстаць да ўсходу сонца і, заплюшчыўшы вочы, падабраць на двары сорак трэсак і высыпаць іх пад печ. Хто выканае гэта, той вясною знойдзе 40 птушыных гнёздаў.

Каб быць паспяховым на рыбалцы, трэба было зрабіць тое самае, толькі трэскі пакласці ў рыбалоўную снасць "ват", якая нагадвае сеткавы мяшок, прымацаваны да квадратнай рамы, і добра іх патрэсці. Казалі: "Будзець рыба сільна лавіцца ў гэтую ватку!”

Каб добра рос лён, малыя і дарослыя гушкаліся на арэлях. А яшчэ дзяўчаты варажылі на лёс. Пры выпяканні булачак у сырое цеста ўкладалі: пярсцёнак — да вяселля; манету — да дабрабыту; ключ — да новай хаты; пацерку — на цяжарнасць; гузік — да новай вопраткі; завушніцу — знойдзеш суджанага. Калі надыходзіў вечар, кожны браў па булачцы -- і кожнаму выпадаў свій прадмет-лёс.

Рэцэпт посных булачак-птушачак.

Цеста: вада — 0,5 літра, дрожджы свежыя — 30г, цукар — 0,5 шклянкі, соль — 1 ч. лыжка, алей — 0,5 шклянкі, мука — 6-8 шклянак, некалькі разынак птушкам для "вочак".

Спосаб прыгатавання: Зрабіць дражджавое цеста, раскатаць у валік і падзяліць яго на 40 роўных частак. З кожнага кавалачка зрабіць кілбаску даўжынёй у 15 см. Завязаць яе вузлом і сфармаваць з аднаго канца галоўку з дзюбкай і вочкамі, а з другога -- хвост. Яго варта расплюшчыць і зрабіць некалькі надрэзаў нажом. Вочкі робяць з пакрышанай на дробныя кавалачкі разынкі, а калі разынак няма, то можна скарыстаць зярняткі грэчкі. Цяпер на нашмараваную алеем бляху выкласці булачкі і паставіць у цёплае месца, каб жаўрукі крыху падраслі.

Пасля гэтага змазваем булачкі алеем, ставім бляху з печывам у прагрэтую духоўку на 20-25 хвілін і выпякаем пры тэмпературы 180°С.

Гатовую выпечку здымаюць з бляхі, злёгку пырскаюць вадой, накрываюць ільняной сурвэткай і пакідаюць на 10-15 хвілін.

Час прыйшоў рабіць шпакоўню

Не ведаю, як для вас, а для мяне сапраўдная вясна пачынаецца, калі прылятаюць з выраю шпакі і на двары пачынаецца жыццё. Птушкі чысцяць старую шпакоўню, у якой зімой кватаравалі вераб'і (таму смецця назбіралася багата). Час ад часу птушыныя шляхцюкі ў чорна-зялёных фраках вылятаюць на агляд тэрыторыі, шпарка ходзяць па зямлі, вышукваючы казюлек, якія зазяваліся. А яшчэ весела пасвістваюць, седзячы на галінках старой яблыні.

Гэты посвіст, як і спевы жаўрука ў полі за вёскай, нараджаюць у душы беспрычынную радасць.Слухаючы іх, можна доўга стаяць, падставіўшы твар веснавому сонцу, і ні пра што не думаць. Сапраўдная птушкатэрапія. Пасля такіх працэдур (прынамсі, ў мяне) з'яўляецца творчы настрой, і справы ідуць неяк весялей. Сяброўка Люба пра шпакоў склала вершык: "Свет ваш музыкай напоўню. Час прыйшоў рабіць шпакоўню". Актуальна!

Дарэчы, не так даўно кожны хлопчык мог зрабіць хатку для птушак. Гэтаму навучалі на ўроках працы ў школе, а шпакоўні, зробленыя рукамі вучняў, падчас суботнікаў развешвалі ў гарадскіх парках. Шкада, што гэтая карысная справа прыпынілася. Вось і застаецца цяпер адно — ісці па шпакоўню на кірмаш. Бо спрадвеку клопат гаспадароў быў пра тое, каб прыгожым птушкам на падвор’і было ўтульна!

Аўтар: Ларыса МЯТЛЕЎСКАЯ

Яшчэ фота

Усё, што трэба ведаць пра гуканне вясны
Усё, што трэба ведаць пра гуканне вясны

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар