Рус | Бел
Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!

Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!

06.03.2019      1089
Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!

Ён вырас у Брэсце ў музычнай сям’і, атрымаў адпаведную адукацыю ў сталічным каледжы мастацтваў і рэгулярна выпрабоўваў удачу ў шматлікіх творчых конкурсах. Але першую гучную вядомасць Міхаілу прынеслі нават не яны, а ўкраінскае тэлешоу «Ліга смеху» — своеасаблівы працяг КВЗ, куды хлопец трапіў амаль выпадкова, праз студэнцкія знаёмствы, але ў складзе каманды «Чайка» стаў «зоркай» праекта. Потым быў поспех у вакальным шоу «Голас краіны», зноў жа ўкраінскім, а сёлета Міхаіл — дакладней, Mіchael Soul, пад такім сцэнічным псеўданімам ён працуе апошнім часам, — упэўненым цёмным конікам ускочыў у фінал нацыянальнага адбору на «Еўрабачанне».

«Я вельмі ўдзячны сваёй маме, якая ніколі не забараняла мне паспрабаваць сілы ў тым ці іншым занятку. І таму я пераспрабаваў шмат захапленняў: займаўся журналістыкай, цыркавым майстэрствам, танцамі, тэатрам, плёў нейкія фенечкі, ды чаго толькі не рабіў! І цяпер думаю, што, напэўна, гэта самы правільны падыход: прыслухоўвацца да дзіцяці, пытацца, чаго яно хоча, кім сябе бачыць. Бо калі дзіця сапраўды марыць чагосьці дасягнуць, яно даб’ецца найлепшых вынікаў, чым з самымі прасунутымі педагогамі», — разважае 22-гадовы спявак.

У родным Брэсце Майкл Соўл, які ўжо прызвычаіўся да артыстычнага жыцця на чамаданах, апошнім часам бывае рэдка, раз на паўгода-год. Але, гаворыць, калі запросяць выступіць, то гатовы хоць заўтра: «Там столькі цудоўных пляцовак — напрыклад, у Цэнтры маладзёжнай творчасці, дзе я доўгі час займаўся. Тым больш публіка ёсць, толькі маіх сваякоў і сяброў чалавек сто набярэцца!». Зрэшты, на найбліжэйшы час планы ў яго ўсё ж больш глабальныя.

— У падлеткавым узросце вы многа ўдзельнічалі ў рэспубліканскіх вакальных конкурсах, але потым вектар рэзка змяніўся. Чаму менавіта Украіна?

— Яшчэ ў дзяцінстве я двойчы атрымаў Гран-пры конкурсу «Юныя таленты Беларусі», удзельнічаў у беларускім адборы на дзіцячае «Еўрабачанне». Потым спрабаваў свае сілы ў расійскіх праектах — быў вопыт удзелу ў шоу «Хачу да Меладзэ», на кастынгу ў расійскі «Голас». Але там мне адмаўлялі, хоць пазней, гледзячы на канкурсантаў, якія трапілі ў праект, я разумеў, што вакальна мацнейшы за іх... Так ці інакш, але з расійскім кірункам не складвалася, а вось Украіна заўжды мяне вабіла і цікавіла, бо ў іх вельмі моцны шоу-бізнес і наогул тэлебачанне, медыя — напрыклад, калі я працаваў у Казахстане, там арыентуюцца менавіта на ўзровень украінскага «Голасу», настолькі якасна гэта зроблена і настолькі моцны фідбэк атрымліваюць яго ўдзельнікі. Мяне ва Украіне цяпер пазнаюць, бяруць аўтографы, хоць я нават не дайшоў да фіналу праекта. Разумееце, там зусім іншае стаўленне да падобных талент-шоу — на ўзроўні і арганізатараў, і ўдзельнікаў, і гледачоў.

— Хутка завяршаецца нацыянальна адбор на «Еўрабачанне», і вы ў шчаслівым дзясятку фіналістаў. Сёлета гледачы не ўдзельнічаюць у выбары пераможцы адбору, так што пераканаць у сваёй «самасці» трэба будзе толькі журы. Чым будзеце ўражваць?

— Шмат каму здаецца, што калі без стразаў, пер’я і феерверкаў — то гэта не шоу. Але ў мяне нічога гэтага не будзе. Затое на экране будзе прыгожая, чароўная карцінка, якая падкрэсліць дэталі, але не будзе замінаць успрымаць песню. Наогул, на мой погляд, любыя дэкарацыі павінны дапамагаць пранікаць у атмасферу выступлення, а не перашкаджаць.

— Раней вы гаварылі ў інтэрв’ю, што «Еўрабачанне» — не самамэта, яго і так было шмат у жыцці. А на справе, атрымліваецца, уваходзіце ў гэту раку ўжо тройчы: спачатку ў складзе хлапечага дуэта «The ЕМ» (2016), потым на бэк-вакале ў «Navіband» (2017) і вось цяпер сольна... Дык усё ж мэта ці дадатковы спосаб раскруткі?

— Гурт — гэта быў, па шчырасці, такі чыста прадзюсарскі ход, і спачатку мы мусілі быць квартэтам з яшчэ дзвюма дзяўчатамі, але зладжаны ансамбль з нас не атрымаўся, і я маліўся, каб мы толькі не выйгралі і нікуды не паехалі — такая вялікая адказнасць для штучна створанага праекта, навошта гэта? Як дуэт мы таксама праіснавалі нядоўга, хоць з Ягорам Шаранковым дагэтуль захоўваем цудоўныя адносіны, але кожны з нас хоча развівацца сольна. Што да выступлення з «Navіband», то не сакрэт, што для любога «дапаможнага» артыста гэта перадусім добры спосаб заробку. Нават пра карысны вопыт у гэтым выпадку гаварыць не выпадае, бо на саму сцэну «Еўрабачання» мы не выйшлі — стаялі пад сцэнай, побач, але ў цені... І сёлета я не браў бы ўдзел у нацыянальным адборы, каб не напісаў песню, з якой не сорамна прадставіць краіну, з якой мне ёсць, што сказаць вялікай аўдыторыі. Бо, на жаль, у нас артысты пераважна пішуць больш ці менш стэрэатыпныя песні для таго, каб выйграць адбор, а не для таго, каб выйграць «Еўрабачанне», а многія крытыкі нават не ўслухоўваюцца ў тэкст, не разумеюць, каму і пра што артыст расказвае. Я ж у сваёй конкурснай песні нясу не толькі эмоцыі, экспрэсію, але і пэўную думку, хачу сказаць пра штосьці вельмі важнае, што ў Еўропе могуць зразумець. Калі «на пальцах», то я звяртаюся да слухачоў з заклікам капнуць крыху глыбей, вярнуць сваю чалавечнасць, бо ў цяперашні няпросты час многія сталі няўважлівыя адзін да аднаго, цынічныя, бяздушныя... Чалавечнасць — тая базавая каштоўнасць, якая зараз у дэфіцыце, і якую кожнаму з нас вельмі важна вярнуць.

— Мяркуеце, «Еўрабачанне» — тая пляцоўка, дзе гэты заклік не згубіцца паміж фрык-шоу і будзе пачуты?

— Насамрэч фрыкі проста больш заўважныя, іх усе бачаць у першую чаргу і таму атаясамліваюць конкурс з імі. Але ж выйграюць не яны! Перамагала Джамала з Украіны з глыбокай, поўнай сэнсу песняй, перамагаў Сальвадор Сабрал з Партугаліі, Марыя Шэрыфавіч з Сербіі, Ларын са Швецыі — мноства таленавітых музыкантаў! І леташняя пераможца Нета з Ізраіля — таксама не фрык, яна стварыла эпатажны вобраз, але ж спявала, і добра спявала, і запаміналася з першых нот. Штогод сярод больш чым сарака ўдзельнікаў ёсць сапраўдныя дыяменты. І калі «Еўрабачанне», за якім я сачу з самага дзяцінства, на сёння з’’яўляецца самым буйным у свеце неспартыўным шоу, на якім можна прадставіць сваю краіну і сваю музыку, то хіба трэба шукаць лепшую пляцоўку. Вось і я хачу прадэманстраваць Еўропе сваю музыку, паказаць, што ў Беларусі яе ўмеюць рабіць — якасную і сучасную.

— Жаданне пахвальнае. Але чаму артыст, які хоча прадставіць сваю краіну на міжнародным узроўні, зноў выбірае для гэтага не беларускую, а англійскую мову?

— Я магу пісаць неблагія беларускія песні, але ці трэба гэта? Ёсць два вельмі важныя моманты. Першы — што я часцей выступаю перад еўрапейскай публікай, для якой родная мова — англійская, а не беларуская. І другі — ці гучу я, як спявак, па-беларуску? Калі б я «гучаў» у шансоне, быў у ім бездакорны, то без ніякіх згрызот сумлення спяваў бы яго. Я з вялікім задавальненнем магу перарабіць на сучасны лад беларускія народныя песні, у каледжы з нашым педагогам Аленай Атрашкевіч было даволі многа такога вопыту. І пазней я сам спрабаваў пісаць па-беларуску, але, на мой погляд, атрымліваецца не тое — штучна, дысгарманічна.

Рабіць штосьці дзеля кан’юнктуры — гэта будзе няшчыра ў дачыненні да слухачоў і да сябе самога. Ёсць «Navіband», якія гэтым жывуць, дыхаюць — і тое, што яны робяць, выдатна і цалкам натуральна. Ёсць беларускамоўныя песні «J:Mopc» — я чуў іх даўным даўно, яшчэ па «Першым музычным» тэлеканале, і захапляўся да глыбіні душы. Але ў мяне свой шлях, абазначаны ў тым ліку сцэнічным імем, няма жадання падабацца ўсім і гучаць з кожнага праса — мне толькі 22 гады, і пакуль на гэта ёсць час і сілы, я хачу знайсці свайго слухача, ствараць тое, за што мне не будзе сорамна ні цяпер, ні пасля.

Аўтар: Гутарыла Вікторыя Целяшук

Яшчэ фота

Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!
Mіchael Soul: Хачу паказаць, што ў Беларусі ўмеюць рабіць сучасную музыку!

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар