24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датЦі лёгка выдаць і прадаць кнігу на беларускай мове? Ці паспела ў нас сфарміравацца пакаленне маладых аўтараў, пра якіх упэўнена можна сказаць, што яны трымаюць руку на пульсе сучаснасці і што іх чытаюць? І калі пакуль не, што варта зрабіць для таго, каб яны з'явіліся? На гэтыя і іншыя пытанні падчас тыдня роднай мовы разам шукалі адказы ўдзельнікі круглага стала «Кнігавыданне па-беларуску. Актуальнае, няпростае, запатрабаванае?» Ён праходзіў у прэс-цэнтры Дома прэсы па ініцыятыве Выдавецкага дома «Звязда». Яго ўдзельнікамі сталі дырэктар — галоўны рэдактар «Звязды» Павел Сухарукаў, дырэктар выдавецтва «Беларусь» Сяргей Пешын, загадчык аддзела беларускай літаратуры «Цэнтральнай» кнігарні Алена Холад, загадчык рэдакцыі літаратуры, мастацтва і культуралогіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Вольга Давідовіч, дырэктар кнігарні «Акадэмкніга» Вольга Глухоўская.
Павел Сухарукаў: — Унутры мяне нібы дзве асобы. Першая — гэта выдавец: я назіраю, як прадаецца кніга, як яна ідзе да пакупніка... У нас невялікае выдавецтва — мы выпускаем каля 40 кніг у год, многа гэта ці мала — мяркуйце самі. Другая — я проста грамадзянін, бацька. І тут хачу звярнуць увагу на крызіс чытання. Аднак памятаеце, як казалі ў папулярным савецкім фільме «Масква слязам не верыць»: «Хутка не будзе ні тэатра, ні кінатэатра — адно тэлебачанне...» Аднак усё гэта па-ранейшаму ёсць. Добра было б, каб нашы дзеці чыталі хоць дзесьці — ці папяровую кнігу, ці электронную. Часта яны наогул нічога не чытаюць. Хутка прабягаюць вачыма толькі першыя чатыры радкі. У выніку можна атрымаць кліпавае мысленне маладога пакалення. Сумна і тое, што кнігі выдаюцца невялікімі тыражамі. Таму мяне хвалюе, што ж будзе заўтра? Ці захаваем мы цікавасць да друкаванага, у тым ліку беларускага, слова?
Алена Холад: — Мне падаецца, што з кожным годам усё больш моладзі цікавіцца беларускім словам і літаратурай. З'явілася шмат сем'яў, якія паміж сабой кантактуюць на беларускай мове. Аднак у гэтым сэнсе літаратуры не хапае. Для таго каб дзіця вырасла і размаўляла на мове, патрэбна больш слоўнікаў, больш дзіцячай літаратуры для настаўнікаў, цікавых наглядных выданняў. З кожным годам расце цікавасць да замежнай літаратуры, перакладзенай на беларускую мову, — як дзіцячай, так і дарослай. У нас шмат пісьменнікаў, якіх ведаюць, імі цікавяцца. Напрыклад Людміла Рублеўская — пісьменніца, якую любяць і чытаюць ва ўсе часы. Шмат выдаюць і Уладзіміра Караткевіча — і выдавецтва «Беларусь», і «Папуры». Яны робяць як кішэнны фармат кніг, так і шыкоўныя падарункавыя выданні. Таму ёсць шэраг людзей, якія чытаюць і цікавяцца беларускай літаратурай. Трэба згадаць і пра Святлану Алексіевіч, якую чытаюць увесь час. Выданні пра нашы арнаменты, вышыванкі, агулам беларускую культуру — гэта тое, на што ёсць попыт.
Вольга Давідовіч: — Варта расказаць пра «Беларускую мову для школьнікаў і студэнтаў», якая не так даўно пабачыла свет у «Беларускай Энцыклапедыі». Гэта выданне, якое было падрыхтавана выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Яно выбудавана на аснове праграмы для старшых класаў і для першага курса ўніверсітэта. Кніга зроблена па прынцыпе класічнай энцыклапедыі — артыкулы змешчаны ў алфавітным парадку. Усе асноўныя моманты, якія датычацца вывучэння беларускай мовы, там адлюстраваныя. Гэта сапраўды цікавае выданне для чытання — выкладчыкі педагагічнага ўніверсітэта вельмі добра пішуць. У ім не толькі правілы і пунктуацыя, таксама апісаны ўсе працэсы, якія адбываюцца ў беларускай мове. Напрыклад «аканне» і «яканне», характэрныя для беларускай мовы, сінонімы і антонімы і многае іншае.
Выданне разышлося вельмі добра — у продажы ўжо няма. Прадалося гэтаксама хутка, як і тлумачальныя слоўнікі. Такая спецыфічная літаратура знаходзіць пакупніка надзвычай добра.
Варта згадаць і серыю «Таямніцы беларускай мовы» для малодшых школьнікаў. У яе межах выйшлі кнігі «Знаёмыя незнаёмцы: літары беларускага алфавіта», «Словы-дзедкі і словы- дзеткі: гістарызмы і неалагізмы» і іншыя адметныя выданні. Усе яны таксама аказаліся надзвычай запатрабаваныя.
Сяргей Пешын: — Беларускамоўнае кнігавыданне, безумоўна, запатрабаванае. Магчыма, мне лягчэй гэта сцвярджаць, бо выдавецтва «Беларусь» мае ярка акрэсленую культуралагічную скіраванасць. Мы выдаём кнігі пераважна па культуры, мастацтве, гісторыі Беларусі. Можна сказаць, сам Бог наканаваў, каб была беларуская мова. Выданні разыходзяцца даволі добра. Нават магу параўнаць: некалькі кніг мы рабілі паралельна, адначасова на рускай і беларускай мовах. Напрыклад такім чынам выдавалі вялікі альбом «Белавежскае дзіва». Беларускамоўны варыянт разышоўся хутчэй, попыт на яго быў большы. У аднолькавым афармленні мы выдавалі падарункавы варыянт «Дзікага палявання караля Стаха» Уладзіміра Караткевіча — у арыгінале на беларускай мове ён, натуральна, ідзе лепш. Мы выдалі і па-руску, бо ёсць такая запатрабаванасць, цікавіцца расійскі чытач. Вядома, частку кніг пра беларускую культуру мы выдаём і на рускай мове. Але гэта выданні, арыентаваныя на турыстаў, на замежнікаў. Яны вылучаюцца і зместам — можна сказаць, больш павярхоўныя, служаць для таго, каб пазнаёміць з краінай. Што датычыцца сур'ёзнай інфармацыі пра культуру, гісторыю, яна ідзе па-беларуску. Таксама вялікая частка кніг робіцца адразу на трох мовах.
Мяне ў жах кідае, калі я рэгулярна чую фразу, што мы жывём у эпоху інтэрнэту. Можа, хтосьці ў ёй жыве. Мы ж жывём у эпоху дзікунства: многія кнігі проста крадуць і выкладаюць у сеціва. Здзіўляе, што, калі параўноўваць з той жа Расіяй, у ёй вельмі шмат сайтаў з самвыдатам — людзі пішуць і публікуюцца там. З'яўляецца пэўны папулярны твор, ён робіцца раскручаным. На яго падставе ствараюцца фанфікі — новыя тэксты па сусвеце іншага аўтара. Гэта з'ява адбываецца вельмі масава. З сотні такіх самадзейных пісьменнікаў можна выявіць аднаго-двух таленавітых. Такім чынам выдавецтва можа знайсці патэнцыйных творцаў, якіх можна раскруціць... А дзе фанфікі, напісаныя па-беларуску? Трэба напісаць новыя творы новых кірункаў. Мы прапускаем цэлыя жанры ў беларускай літаратуры.
Пытанне пра тое, ці чытаюць людзі, не залежыць ад выдавецтваў. Ёсць пэўныя праблемы з аўтарамі. Калі шчыра казаць, узрост нашых аўтараў 50+. Здзіўляе эпахальная аморфнасць моладзі. Даводзіцца шукаць маладых людзей, якія працуюць з сучаснай літаратурай. Так, можна сказаць, што ёсць той і той пісьменнікі — Але гэта адзінкі. У асноўным жа мы паўтараем тыя ж прозвішчы — Караткевіч, Рублеўская... А ці з'явіўся за год дзясятак новых імёнаў? Не з'явіўся. І, на жаль, не з'явіцца.
Я здзіўляюся адной рэчы: там, дзе ў людзей даўно бізнес, у нас усё яшчэ асветніцтва. Да нашай літаратуры падыход ад часоў Скарыны не змяніўся. У тых жа палякаў, рускіх следам за пэўнымі літаратурнымі творамі выходзіць прома-прадукцыя: майкі, кубкі, нават камп'ютарныя гульні. Бізнес цягне за сабой кнігу, кніга цягне за сабой бізнес. Такі культурны сімбіёз, калі адзін від творчасці падтрымлівае іншы від творчасці — і ідзе пэўнае развіццё, якое складае масавае развіццё.
Мы ж у кнігавыданні працягваем класічныя традыцыі. Тое, што ад прадзедаў спакон вякоў нам засталося спадчынай, мы ўсё перавыдаём і перавыдаём...
Вольга Глухоўская: — Дзесяць гадоў, што я працую дырэктарам «Акадэмкнігі», спрабую звярнуцца да выдаўцоў, каб яны ўлічвалі попыт нашых наведвальнікаў. На жаль, не вельмі атрымліваецца ў нас супрацоўнічаць, пісьменнікі не ўмеюць пісаць на замову. Сёння ўсе хочуць пабачыць літаратуру, напісаную пра сучаснае жыццё. Людзям цікава чытаць пра тое, што робіцца з намі сёння. Ёсць выданні, якія мы нават былі б гатовыя набываць па перадаплаце. Для гэтага трэба, каб кніга стала падзеяй, праектам. Якім бы цудоўным ні быў аўтар сёння, яму трэба быць медыйнай персонай, здольным прывабіць, зачапіць нечым. Ён павінен быць вядомы патэнцыйным пакупніком, — гэта яго праца.
Пажадана, каб аўтограф-сесія супадала са стартам продажаў. Кнігарня працуе, гандляры працуюць. Месца для аўтограф-сесіі арганізоўваць не трэба — яно ёсць. Рэкламу даць — не складана, не такія вялікія гэта расходы. Зрабіць вялікі плакат на вітрыну — максімум 200 рублёў. Расходы не вельмі значныя — а кніга ў кнігарні будзе прадстаўлена, і гэта эфектыўна. Калі ў аўтара, выдавецтва ёсць жаданне зрабіць аўтограф-сесію, мы заўсёды ідзём насустрач. І нават калі мы не прададзім 300 кніг, як у некаторых вядомых беларускіх аўтараў, а прададзім 20 кніг — гэта не так дрэнна. А без пэўных мерапрыемстваў яна прададзена не будзе.
Алена Холад: — У «Цэнтральнай» кнігарні таксама час ад часу адбываюцца аўтограф-сесіі. Аднак не настолькі перыядычна, як у «Акадэмкнізе», бо памяшканне кнігарні не вельмі прыстасаванае для гэтай мэты. У ёй заўсёды шмат людзей, а месца для аўтограф-сесіі не зусім дастаткова.
Калі ў аўтара прыгожа пастаўленае маўленне, ён можа добра распавядаць, усё атрымліваецца выдатна. Да нас завітваюць Раіса Баравікова, Вольга Батракова. Анатоля Бутэвіча таксама публіка сустракае надзвычай добра. Мяркую, патэнцыйнаму пакупніку можна падрыхтаваць пэўныя падарункі на прэзентацыі — усё павінна адбывацца як свята.
Павел Сухарукаў: — Натуральна, выдаўцы павінны вывучыць рынак, знайсці перспектыўнага аўтара і выдаць яго. У нас вельмі рызыкоўны бізнес. Выданне мастацкай літаратуры, часопісаў, газет — гэта няпростая справа, калі падыходзіць да яе як да бізнесу, а не як да сацыяльнага праекта. Гэта вельмі доўгі працэс пошуку аўтара, яго раскруткі, распаўсюджвання праз рознічныя пункты (продаж праз інтэрнэт — увогуле асобная размова). Большасць нашых кніг рэалізуецца не юрыдычным асобам (бібліятэкам), перш за ўсё мы павінны арыентавацца на простага чытача, які рублём галасуе за тое ці іншае выданне, за таго ці іншага аўтара. Таму вывераная методыка, маркетынгавыя хады — гэта найперш наша задача.
Вольга Давідовіч: — Трэба знаходзіць цікавыя тэмы для кніг. А на якой мове яны будуць напісаны — справа другая — галоўнае, пра што напісана. Здараецца, што ёсць цікавыя і аўтары, і тэмы, аднак яны на нас ніяк не выходзяць, застаюцца зачыненымі ў сваім свеце. Падаецца, мала кніг выходзіць па краязнаўстве — яны часта з'яўляюцца ў прыватных выдавецтвах, аднак да дзяржаўных пакуль не даходзяць (праўда, на вялікія наклады ў гэтай тэме не варта разлічваць).
Вольга Глухоўская: — Трэба разварушыць маладое пакаленне аўтараў. Варта даваць ім гранты — каб яны паспрабавалі адчуць, што такое сапраўдная літаратура.