Рус | Бел
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром

Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром

13.04.2019      1261
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром

Алесь Чумакоў вядомы многім прыхільнікам сярэднявечнай музыкі — ён стала выступае ў складзе гурта «Стары Ольса» і ў сольных праектах, выконвае старадаўнія беларускія і ірландскія песні, іграе на мностве інструментаў, ад гітары да колавай ліры, дуды, цытры, жалейкі... А яшчэ ён не адзін год вырабляе гуслі і, здаецца, можа сыграць на іх што заўгодна, ад хіта «Еўрабачання» да фальклорных матываў, ад рок-балад да папулярных танцавальных мелодый. Пры гэтым у Алеся няма завершанай музычнай адукацыі (наогул па ўніверсітэцкім дыпломе ён — інжынер па аўтаматычным кіраванні), затое ёсць глыбокі даследчыцкі падыход і апантанасць ідэяй.

...Мы сядзім у майстра дома і на ўсе вочы разглядаем міні-музей музычных інструментаў. Зрэшты, зусім не музей — усе змешчаныя на сценах гітары, дуды, гуслі цалкам рабочыя.

— Я разумею, як студэнт БДУІР трапіў у клуб аўтарскай песні — сярод вядомых бардаў даволі шмат «фізікаў», якія аказваюцца яшчэ тымі лірыкамі. А вось як адбыўся пераход да сярэднявечнай музыкі, старадаўніх песень?

— У аўтарскай песні мне заўсёды не хапала інструменталу — лічыцца ж, што ў гэтым жанры гітара ідзе як суправаджэнне добрых вершаў. Вырашыў пашукаць, адкуль наогул пайшлі барды, — і сцежка якраз прывяла мяне да ірландцаў, з якіх і пачалася традыцыя аўтарскіх спеваў. Тады пачаў выконваць не толькі свае песні, творы класікаў і сучаснікаў бардаўскай песні, а яшчэ ірландскія. Адчуў, што адной гітары для гэтага мала, і тут мы вельмі ўдала сустрэліся з флейтысткай Кацярынай Радзівілавай, ды і я сам засвойваў новыя інструменты накшталт ірландскіх віслаў.

У 2005-м пад ірландскія песні з'явіўся гурт Сеіlіdh Сеоl, але я меркаваў, што спяваць па-англійску нецікава — хоць вялікі працэнт людзей зразумее, аб чым песня, але іх не кранае змест. А кранаць павінен, бо беларуская і ірландская культура настолькі падобныя — яны спяваюць пра сваіх народных герояў, пра каханне, пра рэкрутаў (самая вядомая песня Dаnnі Bоу — яна ж цалкам наская па змесце, у ёй дзяўчына праводзіць хлопца ў рэкруты і не ведае, ці будзе жывая, здаровая і закаханая, калі ён вернецца, — гэта вельмі кранальна гучыць па-беларуску). Таму варта спяваць ірландскія песні па-беларуску, бо гэта ўсё пра нас.

Уступ. З чаго пачынаецца музыка

Вучыўся іграць Алесь самастойна, на слых — «у дзяцінстве хадзіў у музычную школу па скрыпцы, але навучыўся мала чаму, хіба што атрымаў культурную базу, а потым кінуў». Недзе ў пятым класе прайшоў курсы ігры на гітары, навучыўся ствараць нізкі акордаў для розных танальнасцяў, зразумеў асновы гармоніі, а потым ужо з гэтым досведам нарошчваў базу.

Ірландскія спевы слухачоў зацікавілі, і Арына Вячорка, якая кіравала на той час клубам гістарычнай рэканструкцыі «Вялікае княства» ў цэнтры пазашкольнай работы «Маяк», запрасіла Алеся Чумакова на канцэрт. Пасля яго мусіў выступаць дудар — тады таксама мала каму вядомы Зміцер Сасноўскі. І так здарылася, што якраз у той вечар ён пасварыўся са сваім бубначом, і танцавальная вечарына была пад пагрозай. Папрасіў Алеся дапамагчы задаць рытм — і, відаць, экспромт атрымаўся настолькі добры, што праз некалькі дзён Сасноўскі прапанаваў стварыць гурт — уласна, з гэтага пачаўся «Стары Ольса».

— На першай сустрэчы былі, акрамя мяне, Ілья Кубліцкі і Андрэй Апановіч. І вось Зміцер выклаў перад намі на стол калекцыю інструментаў і гаворыць: «Выбірайце, хто на чым будзе іграць». Ілья, як студэнт Акадэміі музыкі па класе гітары, выбраў больш блізкія для сябе струнныя — цытры, лютні. Андрэй сказаў, маўляў, я барабаншчык, нічога іншага не засвою. А я сказаў: «А мне ўсё цікава, таму буду іграць на ўсім астатнім, што не пазабіралі гэтыя прафесіяналы, — колавая ліра, гуслі, мандаліна». І тут Сасноўскі нас агарошыў, што ў канцы тыдня ў нас выступленне... на «Рок-каранацыі», на той момант самым буйным у краіне рок-фестывалі! Хлопцы нават сказалі, што, відаць, дарэмна мы прыйшлі, гэта ж вар'ят нейкі, — са смехам успамінае Алесь.

Ён, дарэчы, перакананы, што ў справе засваення сярэднявечных інструментаў кансерваторская адукацыя не дапамагае, а нават шкодзіць: «Пэўны досвед — гэта карысна, але некаторыя прафесійныя навыкі, даведзеныя да аўтаматызму, не падыходзяць для ігры на народных і сярэднявечных інструментах». Сам Алесь — жывы доказ гэтай тэорыі, ён мультыінструменталіст, які іграе на жалейках, беларускай, ірландскай і шатландскай дудзе, гуслях, банджа, мандаліне, гудках, варганах, акарынах, перкусіі, на музычнай піле — «Вы не піліце? Я папільваю» — і яшчэ крыху на скрыпцы.

— «Стары Ольса» непарыўна звязаны з рэканструктарскім рухам і рыцарскімі фэстамі. Помніце свой першы фэст?

— Гэта было яшчэ да «Старога Ольсы», але не скажу дакладна, ці ў Мінску на «Белым Замку» ў Палацы дзяцей і моладзі, ці на фэсце ў Наваградку. «Заслаўскі набат», «Нясвіжскі фэст» — гэта ўсё было вельмі цікава, на пачатку 2000-х гэтыя фестывалі праходзілі адзін за адным, і вялізная колькасць людзей пачала цікавіцца рэканструкцыяй, цэлымі аўтобусамі прыязджалі. У Нясвіжы насельніцтва горада за адзін дзень улетку 2003-га павялічылася ў дзясяткі разоў за кошт прыезджых і не вельмі шырокая сцежка ад касцёла да палаца ператварылася ў адну суцэльную людскую плынь... Але ўсё было добра, ніхто не пацярпеў у цісканіне, і канцэрт таксама атрымаўся круты. А вось цяпер, праз 20 гадоў, нашы канцэрты і запісы — не толькі чысты драйв, але і прафесійны падыход, каб не гучала ніводнай лішняй ноткі.

Куплет. Ад гісторыі да сучаснасці

— Гуслі мяне ўразілі найбольш з усіх інструментаў — менавіта самой фізікай фарміравання гуку, як неверагодна захлынае гэта хваля, — з пяшчотай праводзіць па струнах майстар. Да знаёмства з інструментам ён падышоў грунтоўна, вывучаючы гісторыю пытання, — многія чамусьці дагэтуль перакананыя, што гуслі — «небеларускі інструмент», штосьці там пра Садко і Дабрыню Мікіціча, ну, яшчэ Ваўка з «Ну, пачакай!».

Насамрэч гуслі ў розных мадыфікацыях — шлемападобныя, ліра- і крылападобныя, кантэле — і пад рознымі назвамі існавалі на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Украіны, Літвы, Латвіі (кокле), Эстоніі (канэль), Польшчы, Фінляндыі (кантэле) і некаторых іншых еўрапейскіх краін. Археолагі знайшлі падобныя інструменты на раскопках пабудоў Х—ХІІІ стагоддзяў, у прыватнасці ў Гданьску і Аполе (Польшча), Ноўгарадзе (Расія). Першыя згадкі пра гуслі на Беларусі сустракаюцца ў Кірылы Тураўскага — у ХІІ стагоддзі! Праўда, з развіццём мануфактур, а таксама з прыходам на нашу зямлю спусташальных войнаў народная гусельная традыцыя была амаль страчана, мадэрнізаваныя аркестровыя гуслі вялікага распаўсюду не атрымалі, і толькі ў канцы мінулага стагоддзя навукоўцы і энтузіясты-аматары распачалі аднаўленне менавіта народных гусляў.

— Інфармацыі пра гэты інструмент так мала, што проста катастрофа, — уздыхае Алесь. — Іна Назіна ў сваёй манаграфіі 1982 года выдання згадвае і даследуе гуслі менавіта як беларускі народны музычны інструмент. Раней вывучэннем пытання займаліся этнамузыколагі Еўдакім Раманаў і Мікалай Прывалаў, якія апісалі знаходкі менавіта беларускіх гусляў на мяжы тэрыторый Беларусі, Латвіі і Расіі. Абодва інструменты, «раманаўскі» і «прывалаўскі», я знайшоў і паглядзеў нажыва ў Рускім этнаграфічным музеі ў Санкт-Пецярбургу, таксама «раманаўскія» гуслі выстаўляліся ў нас у гістарычным музеі. Яны дзяўбаныя, не надта вялікія, дзевяціструнныя. Корпус з вольхі, дэка яловая, калкі з больш шчыльнай драўніны — садовых дрэў альбо дубу, ясеню. Абодва інструменты аб'яднаныя адной традыцыяй, адрознай ад расійскіх, літоўскіх, эстонскіх, ад фінскіх кантэле, блізкія хіба да латгальскай традыцыі, што на самым усходзе Латвіі. Знайшоўшы ўсё гэта, я пачаў прапагандаваць, што ў нас ёсць «свае», адметныя гуслі — у беларускім інструменце, напрыклад, строй без сёмай ступені (калі казаць прасцей, у гаме до мажор адсутнічае нота «сі»). І так зацікавіўся, што са Змітром Сасноўскім тады ж зрабіў свае першыя гуслі — трынаццаціструнныя кантэлькі ў мяне захоўваюцца якраз з таго часу, ім амаль 20 гадоў.

Потым захапленне перайшло ў нешта большае, і Алесь заснаваў гуслярную майстэрню. «Колькі ўжо вырабіў інструментаў? Недзе паўтары сотні, і яны разышліся па ўсім свеце, — расказвае майстар. — Замаўляюць і прафесійныя музыкі, і рэканструктары, і аматары даўніны, якім хочацца проста мець старадаўні артэфакт у руках. Многім цікава навучыцца самім іграць, таму з мінулага года я пачаў праводзіць майстар-класы па ўласнай методыцы: за чацвёра заняткаў цалкам магчыма даць вучню ўсё тое, што ведаю я. Насамрэч інструмент вельмі просты для засваення, у адрозненне ад той жа гітары, дзе шмат гадзін і нават месяцаў трэба аддаць, каб навучыцца правільна ставіць пальцы, каб атрымаць чысты гук. Нам нічога не трэба ціснуць або напружваць, і ў гусляроў няма такіх прафесійных хвароб, як у многіх іншых музыкаў — скрыўлення пазваночніка, зашчымлення нерваў, запалення суставаў і г. д. Ты проста расслаблена сядзіш, іграеш і атрымліваеш задавальненне. Напэўна, з усіх народных інструментаў гэта самы прадуманы і зручны».

У знак доказу Алесь лёгка найграе нам песняроўскую «Маладосць мая...» (відэа — на сайце «Звязды») і расказвае, што ёсць беларускамоўны варыянт гэтай песні ў перакладзе Сержука Сокалава-Воюша.

Прыпеў. Без пантоў

— Гучанне ў добрых гусляў роўнае, цёплае, нечым нагадвае тэмбр чалавечага голасу. У літоўцаў і латышоў нават лічылася, што гуслі — інструмент не столькі музычны, колькі рытуальны, яго выкарыстоўвалі як сродак размовы з памерлымі сваякамі...

Старыя людзі ўспамінаюць, што ў вёсках майстры абыходзіліся без лішніх складанасцяў: якая дошка спадабалася, з тае і рабілі, хоць бы і з сырой елкі. А вось сучасныя майстры часам набіваюць сабе цану, расказваючы, што робяць гуслі з ангарскай сасны ці іспанскай драўніны. «Гэта смешна насамрэч, народныя інструменты вырабляліся з нашых, звычайных дрэў, — заўважае Алесь. — Бярэш музейныя гуслі ХІХ стагоддзя, зробленыя з вольхі, і адчуваеш, што інструмент выкшталцоны, у цябе Страдзівары ў руках, і не трэба ніякіх пантоў. Калі ж злоўжываць сучаснымі матэрыяламі і тэхналогіямі, будзе гучанне ненатуральнае, як у гучнага, але разладжанага фартэпіяна».

— Алесь, у вас падрастаюць два сыны — ці падхапілі яны бацькава захапленне?

— Для іх старадаўнія інструменты не маюць «вау-эфекту», яны знаёмыя з дзяцінства, а таму, відаць, не надта цікавыя. Магчыма, калі пасталеюць і зразумеюць: хто на музычных інструментах іграе, на таго дзяўчаты паглядаюць, тады да мяне звернуцца, навучу.

Р. S. Паслухаць гуслі і спевы Алеся Чумакова можна як у сацсетках майстра, так і жыўцом — напрыклад, на сумесным канцэрце з электронным фольк-гуртом РАWА, што пройдзе 30 мая ў сталічным клубе «Бруге».

Аўтар: Вікторыя Целяшук, Ганна Занкавіч

Яшчэ фота

Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром
Інжынер-праграміст стаў вядомым музыкам і майстрам-гусляром

Каментар да фатаграфіі

Ганны ЗАНКАВІЧ

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар