24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датПрадстаўляем чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» сучасны беларускі рок-гурт Nіzkіz, які апошнім часам стаў папулярны не толькі ў сябе на радзіме, але і ў замежжы. Хлопцы аднолькава цудоўна спяваюць на дзвюх мовах — беларускай і рускай, актыўна выступаюць на буйных фестывальных пляцоўках, кожны іх выхад на сцэну суправаджаецца аншлагам. Яны не перастаюць актыўна гастраляваць і выпускаць новыя сінглы, а білеты на іх раскупляюцца за месяц да канцэртаў. Такія песні, як «Guantanama», «Лірыка», «Люстэрка», «Небяспечна», «Сіноптык», «Інтраверт» ды іншыя для прыхільнікаў беларускага року даўно вядомыя, і тых, у каго песнятворчасць маладых музыкантаў выклікае цікавасць, становіцца ўсё больш. Між іншым, у канцы 2018-га магілёўскі калектыў быў прызнаны найлепшым гуртом года ў штогадовай прэміі музычнага партала TuzіnFM «Героі года», а выпушчаны не так даўно кліп на песню «Небяспечна» б'е ўсе рэкорды па праглядах на YouTube.
Аб сакрэтах поспеху калектыву мы спыталі ва ўдзельнікаў гурта, рокераў барабаншчыка Дзмітрыя ХАЛЯЎКІНА і гітарыста Леаніда НЕСЦЯРУКА. А яшчэ даведаліся, чым яны займаюцца акрамя музыкі, пагаварылі пра тое, як летнік можа дапамагчы стаць артыстам і чаму ў Расіі разумеюць беларускую мову — пра ўсё гэта чытайце далей у нашым інтэрв'ю.
— Хлопцы, падзяліцеся, як вы прыйшлі да музыкі і з чаго ўсё пачалося?
Дзмітрый Халяўкін (Д. Х.): — У нашым дзяцінстве інтэрнэту не было, адпаведна выбраць, якую музыку слухаць, можна было толькі з тых касет, якія ляжалі дома, ці з таго, што паказвалі па тэлевізары. У бацькі была, як я цяпер разумею, цудоўная падборка класічных рок-гуртоў накшталт Deep Purple, Queen, Pіnk Floyd, Scorpіons і г. д. Іх я і слухаў. У 14 гадоў адпачываў у летніку, а там хлопец захапляўся гуртом Metallіca. І я ўсю змену чуў яе фонам таксама. Моцна закранула. З таго моманту пачалося захапленне гэтым гуртом і пазней «цяжкай» музыкай у цэлым. Заслухваліся да «дзірак» усе альбомы, па тысячы разоў пераглядаліся відэа, якія ўдавалася знайсці. Прычым гледзячы відэа ці слухаючы іх музыку, я чамусьці заўсёды разумеў, як яна выконваецца на барабанах. Да таго ж аказалася, што я нарадзіўся ў адзін дзень з Ларсам Ульрыхам — барабаншчыкам Metallіca. Гэта знак, падумаў тады я. У той жа час было вырашана, што неабходна ствараць свой гурт і станавіцца знакамітымі.
З сябрамі-аднакласнікамі вызначыліся, хто на чым іграе (проста каму што больш падабалася — ніхто ні на чым іграць не ўмеў). Было вырашана, што перш-наперш неабходна прыдумаць назву гурта і псеўданімы кожнаму. Аднакласнікі хутка «згаслі», я ж запісаўся ў Палац піянераў і некалькі месяцаў хадзіў да педагога займацца. Аднак неўзабаве перастаў, таму што ездзіць было далёка. Далей займаўся сам, таксама вучыўся ў барабаншчыка ІOWA, з якім дзякуючы гэтаму пасябравалі, да таго ж пачалі з'яўляцца ўсё больш і больш усемагчымыя відэа для самаадукацыі. З'явіліся першыя гурты, нічога сур'ёзнага, але вопыт напрацоўваўся. У Nіzkіz патрапіў у 2010 годзе.
Леанід Несцярук (Л. Н.):
— Да музыкі мяне прывяла маці. Дакладней, да танцаў, харэаграфіі. А там абавязковай умовай было іграць на якім-небудзь інструменце. Вучыўся я без асаблівага энтузіязму, бо музыка, якую мы вывучалі ў ліцэі, была абсалютна не падобная на тое, што мне падабалася. А калі на харэаграфіі пайшлі шпагаты — я цвёрда вырашыў гэтую справу кінуць. Паступіў у каледж мастацтваў у Мінску (на мастацкае аддзяленне) і ўжо там зразумеў, што ў року працуе тая ж тэорыя, якую выкладалі на ўроках сальфеджыа. Пры стварэнні гурта я не прысутнічаў, далучыўся да Nіzkіz крыху пазней.
— Многім незразумелая назва вашага гурта — Nіzkіz. Па-першае, куды ставіць націск, а па-другое, як расшыфроўваецца гэта дзіўная абрэвіятура?
(Д. Х.): — Націск неабходна ставіць на першы склад. Гэта цалкам выдуманае слова, якое з'явілася выпадкова: на стале ляжаў стос часопісаў, і асобныя літары на кожным з іх склаліся ў Nіzkіz. Таму гэта не абрэвіятура. Вялікі плюс, што слова прыдуманае — убіваючы яго ў пошукавіку, вы абсалютна дакладна патрапіце на інфармацыю пра наш гурт.
— Дрыжыкі па целе ад вашых беларускамоўных песень! Хто з'яўляецца аўтарам і кампазітарам? І ўвогуле, ці карыстаецеся беларускай мовай у звычайным жыцці?
(Д. Х.): — Асноўныя ідэі прыносіць вакаліст Аляксандр Ільін, потым ужо разам даводзім да нечага пэўнага. Па-беларуску размаўляем даволі рэдка. Аднак калі суразмоўнік гаворыць, то стараемся адказваць таксама на ёй.
— Вы выконвалі беларускія кампазіцыі падчас туру па Расіі ці адбіралі толькі рускамоўны матэрыял, каб, маўляў, публіцы было зразумела, пра што спяваецца?
(Д. Х.): — Праграма тая ж, што і на канцэртах па Беларусі. Па-першае, у Расіі на канцэрты прыходзіць даволі шмат суайчыннікаў. А, па-другое, публіка невыпадковая, большасць да гэтага ўжо чулі нашы песні.
— У асноўным вы іграеце рок, але ў адным з інтэрв'ю назвалі гэта «Гітарнай рамантыкай з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай». Тады да якога стылю ці кірунку року можна аднесці вашу музыку?
(Л. Н.): — Як для мяне, то гэта поп-рок. Нягледзячы на не самую мілагучную для нашых шырот прыстаўку, у гэтага стылю амаль што самы шырокі дыяпазон аранжыровачных магчымасцяў — ад лёгкай акустыкі з фартэпіяна да жорсткіх сэмплавых нарэзак і «цяжкіх» гітар.
— Калі б вам аднойчы прапанавалі з'ехаць працаваць у іншую краіну, куды б вы накіраваліся і чаму?
(Л. Н.): — Па вялікім рахунку, каб развівацца прафесійна, дастаткова мець пад рукой інструмент і камп'ютар. У іншыя краіны ёсць сэнс ездзіць на шоу-кейсы, майстар-класы і канцэрты. Але з'ездзіць, а не з'ехаць. З'ехаць я б адмовіўся.
— Напэўна, творчасць з'яўляецца вашым асноўным заняткам. А дзе набіраецеся моцы, як адпачываеце?
(Д. Х.): — Музыка і гурт — зараз нашы галоўныя прыярытэты, якім аддаецца ўвесь час. У кожнага ёсць нейкія невялікія падпрацоўкі, аднак нічога істотнага. Творчасць прыносіць грошы, але практычна ўсё, што ўдаецца зарабіць, мы ўкладаем зноў у развіццё — без гэтага ніяк. А наконт адпачынку: Лёня, напрыклад, малюе (усміхаецца). А яшчэ з нядаўняга часу ўсім гуртом пачалі хадзіць у трэнажорную залу. Гэта зацягвае.
— У музыцы кожны шукае для сябе тое, што адлюстроўвае яго ўнутраны свет, выклікае душэўныя перажыванні, а выканаўца з'яўляецца свайго роду духоўнікам. Хто ж «ваш» ідэал і духоўнік у музычным свеце?
(Л. Н.): — Такіх, на каго можна было б раўняцца ва ўсім, няма. У адных падабаецца гук, у другіх — гармонія, у трэціх увогуле толькі тэхніка выканання, чацвёртыя — запальваюць на сцэне. А душэўныя перажыванні, зрэшты, можа выклікаць любая музыка, нават тая, ад якой не чакаеш. На ўкраінскім фестывалі Atlas Weekend, напрыклад, выступалі «Адзін у Каноэ» і «Іnfected Mushroom» — кардынальна розныя і дыяметральна супрацьлеглыя ў творчасці гурты, а захапленне атрымаў ад абодвух вялікае.
— Вы ўжо паспелі адчуць любоў публікі. Як мяркуеце, у чым сакрэт прызнання? І што неабходна рабіць артысту, які толькі пачынае?
(Д. Х.): — Як і ў любой іншай сферы, няма чароўнай таблеткі ці пэўнага алгарытму. Так, ёсць нейкі набор стандартных парад і дзеянняў, але ніякіх гарантый, што яны спрацуюць. За адзін дзень нічога не атрымаецца. Проста не трэба шукаць адгаворкі ці прычыны, каб нешта не рабіць, а, наадварот, рабіць усё, што магчыма, з поўнай аддачай, упарта і сістэматычна.
Фота Рамана СТРЫГІ