Рус | Бел
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея

Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея

10.05.2022      861
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея

Вайна, генацыд, Вялікая Перамога — тэмы, якія ўзрушвалі творцаў усіх жанраў: пісьменнікаў, паэтаў, кампазітараў, мастакоў, скульптараў... У фондах Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі захоўваецца шмат шэдэўраў на гэтую тэму... Што нельга абысці ўвагаю? Для нас праводзіць віртуальную экскурсію вядучы навуковы супрацоўнік музея мастацтвазнаўца Надзея Усава.

Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Зноў расцвіла вясна (Па слядах разбітага ворага).1947 г.

Пачнем з патрыярха беларускага выяўленчага мастацтва, які ў 1944 годзе стаў першым жывапісцам — народным мастаком БССР. У 1947 годзе ён з жонкай прыехаў у Беларусь з Масквы па асабістым запрашэнні Панамарэнкі. У гэты год за два месяцы на Белай дачы ім была створана серыя з 23 эцюдаў «Беларусь. Мінскія наваколлі».

— Але самая галоўная карціна таго перыяду — «Зноў зацвіла вясна», якая адразу трапіла ў Траццякоўскую галерэю. Бялыніцкі-Біруля пісаў у сваёй кнізе «З творчага досведу»: «Маю карціну «Зноў расцвіла вясна» (Па слядах разбітага ворага)» я ўбачыў у натуры, хоць яна напісана на падставе эцюдаў. Гэта было вясной, я праязджаў па Слуцкай шашы. На краі каля абрыву дарогі, каля квітнеючых яблынь ляжаў падбіты танк; удалечыні рассцілаліся нашы беларускія палі. Вядома, веданне роднай прыроды дапамагло мне стварыць яе пейзажны вобраз. Але матыў цалкам спісаны з натуры». Цікава, што адзін з запісаў у дзённіку Якуба Коласа ад 8 чэрвеня 1947 года амаль цалкам супадае з апісаннем карціны Бірулі: «...Многіх знаёмых месцаў проста не пазнаю... Лясы, якія прылягаюць да шашы, запар высечаны. Уздоўж дарогі валяюцца драбы пабітых танкаў, машын, мноства разнастайнага жалезнага крышана. Усё гэта зарастае травой. Сыходзіць у зямлю...»

Міхаіл Савіцкі. Пакаранне смерцю. 1968 г.

Ваенная тэма — вядучая ў творчасці народнага мастака СССР, Героя Беларусі Міхаіла Савіцкага. На пачатку 1960-х гадоў мастак пачынае працаваць над цыклам «Гераічная Беларусь», ці «Беларусь партызанская». За гэтыя гады ён напісаў 14 буйных карцін, якія адносяцца да найвышэйшых дасягненняў яго ранняй творчасці.

— «Пакаранне смерцю» — адна з самых трагічных карцін серыі. Фашысты практыкавалі публічныя пакаранні партызан для запалохвання насельніцтва. Героі карціны — цяжарная жанчына, падлетак, двое мужчын, стары — стаяць перад шыбеніцай у чаканні страты. Кожны чалавек у майстра — тып, за якім чытаецца зрэз яго жыцця. Гатоўнасць да ахвяры, вера ў адплату ўвасоблены ў іх постацях. «Пакаранне смерцю» дзівіць сваёй унутранай напругай, закладзенай і ў драматургіі, і ў пластычным рашэнні палатна. Глядач бачыць нібы «застылае», пазачасавае дзеянне, яно нагадвае і евангельскі сюжэт чакання пакарання Хрыста, і ўвасабленне вобраза рэспублікі-партызанкі, якая паўстала ўсім светам — ад малога да вялікага — на сваю абарону ад знешняга заняволення. У карціне супрацьпастаўлены дзве сілы гісторыі: з аднаго боку, нявінныя ахвяры вайны, з другога — бязлітасна-жорсткі фашызм. Гэтае супастаўленне надае карціне агульначалавечае гучанне. Калі глядзіш, мімаволі ўспамінаецца фільм Ларысы Шапіцькі «Узыходжанне» з выдатнымі акцёрскімі работамі Барыса Плотнікава, Уладзіміра Гасцюхіна і Людмілы Паляковай. Савіцкі стварыў карціну-трагедыю, якая нясе ў сабе боль гісторыі, але сцвярджае непераможнасць добрага, чалавечнага, прыгожага. Гэта мастацкі помнік пакутнікам і героям вайны, гарачая перасцярога, накіраваная супраць аднаўлення сіл фашызму і мілітарызму, звернутая да народнай памяці і сумлення.

Лазар Ран. Хворая маці. 1970-80 гг.

Лазар Ран быў вучнем Юдаля Пэна, у якога пераняў асновы майстэрства. Як і настаўнік, Ран стаў абсалютным рэалістам. Уся сям'я мастака — маці, жонка, трое дзяцей, сястра — загінулі ў адным з самых перапоўненых і страшных у Еўропе Мінскім гета.

— Рану стала вядома аб страшным лёсе сваіх родных толькі ў 1944 годзе, калі ён вярнуўся ў Мінск. «Сам ён ацалеў таму, што пачатак вайны заспеў яго ў Маскве, куды ён быў выкліканы ў камандзіроўку. Гэта мучыла яго ўсё жыццё, прымушала адчуваць пачуццё віны, і ён увесь час думкамі вяртаўся да гэтай трагедыі», — успамінаў сын Рана, Станіслаў. У 1950-х ён пачынае серыю афортаў «Мінскае гета» і працаваў над ёй на працягу 20 гадоў. Кожная работа нараджалася ў пакутах. Мастак успамінаў: «Гэта афорт... Вытруціш, усё зробіш, некалькі месяцаў займаешся... А потым глядзіш — трэба адну фігуру пасунуць, другую...». Ён па міліметры выдрапваў па метале праз вогнетрывалы лак жудасныя сцэны жыцця ў гета, якія не бачыў, але дзіўным чынам адчуваў праз нябачныя сувязі з загінулымі людзьмі. Магчыма, гэта партрэты самых блізкіх яму людзей. У цыкле 17 лістоў, і кожны з іх — асобная чорна-белая гісторыя пра яўрэяў Мінскага гета. На гравюры «Хворая маці» трое знясіленых дзяцей, упрогшыся ў санкі, вязуць непрытомную жанчыну... Безумоўна, мастак уяўляў сваю сям'ю. Цыкл стаў своеасаблівай эпітафіяй.

Георгій Паплаўскі. Калыханка. 1982 г.

Тэма Вялікай Айчыннай вайны заўсёды займала ў творчасці мастака асаблівае месца. Яму ледзь споўнілася дзесяць, калі пачалася вайна. У акупаваным Бабруйску ён бачыў голад, разруху, пажары і гвалт. У кожным доме вайна адчувалася блізка, трагічна.

— Хлопчык быў відавочцам фашысцкіх рэпрэсій, устанаўлення «новага нямецкага парадку», знішчэння яўрэйскага насельніцтва горада. Заканамерна, што ўспаміны ваеннага дзяцінства адбіліся ў яго будучых творах аб вайне, надаўшы ім і пераканаўчую дакладнасць, і напружаную, вострую выразнасць, і магутнае эмацыянальнае ўздзеянне. Паплаўскі стаў адным з лідараў «суровага стылю». Вайна ў ягоных графічных цыклах гучыць выразна, рэзка, нават жорстка. Гэта характэрна як для станковых работ майстра, так і для цыклаў ілюстрацый да кніг Алеся Адамовіча і Васіля Быкава. Эстампы з графічнай серыі «Час доўгіх нажоў» ствараліся на працягу некалькіх гадоў. У так званую «ноч доўгіх нажоў» у 1934 годзе Гітлер расправіўся са сваімі палітычнымі апанентамі. Паплаўскі надзяліў гэтае паняцце сімвалічным значэннем — час жорсткай крывавай расправы, бязмежжа і здзекаў з мірных жыхароў Беларусі. Зневажанне асноў гуманізму, вытанчаныя катаванні, адкрытае рабаванне, апаганенне святых месцаў Беларусі ён перадаў рэалістычна, але ў сімвалічных выявах. «Я паказваў вайну не як трыумф перамогі, а такой, якой была. Я сам бачыў акупацыю, Бабруйскі кацёл. Мой бацька быў салдатам. Немцы выганялі нас чысціць слуцкую дарогу, і я хадзіў замест мамы. Мне было тады 12-13 гадоў. Наглядзеўся ўсякага». Лісты гэтай серыі — абвінаваўчы прысуд фашызму. Мастак вывучаў архіўныя дакументы аб фашысцкіх злачынствах, натхняўся працай пісьменнікаў Быкава і Адамовіча, з якімі сябраваў, хадзіў на здымкі фільма «Ідзі і глядзі» беларускага рэжысёра Элема Клімава. Афорт «Калыханка» — страшнае супрацьпастаўленне крохкага мірнага жыцця і бесчалавечнасці фашызму. Беларуская жанчына, якая трымае немаўля, і нямецкі карацель, які найгравае на губным гармоніку страшную пародыю на калыханку, а насамрэч мелодыю смерці...

Васіль Шаранговіч. Блакадны агонь. 1979-85 гг.

Назва серыі «Памяці вогненных вёсак» прыйшла да мастака адразу пасля прачытання кнігі Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка «Мы з вогненнай вёскі». Аповесць узрушыла жорсткай дакументальнасцю і нерэальнасцю падзей — быццам з кашмарнага сну. Васіль Шаранговіч сам у дзяцінстве бачыў сляды трагедыі, аб якой у кнізе гаварылі сведкі.

— Ён задумаў стварыць графічны рэквіем у серыі з некалькіх станковых лістоў. У гэтым цыкле, які складаецца з дзевяці работ, ёсць агульны аб'яднальны сімвал — вобраз знішчальнага полымя, якое разрывае прастору, чырванню асвятляе наваколле. Шэсць гадоў мастак працаваў над серыяй малюнкаў у тэхніцы чырвонай гуашы і чорнай тушы. Потым малюнкі былі пераведзены ў каляровыя літаграфіі. Складаныя ракурсы, дынаміка, кантрасты чорнага, белага і чырвонага, максімальная канцэнтрацыя ўвагі на тварах і вачах персанажаў дапамагаюць усебаковаму раскрыццю трагічнай тэмы. Мастак не паказвае варожай зграі фашыстаў, але яны нябачна прысутнічаюць як жорсткія забойцы, што адпавядае зместу кнігі. Невыпадкова ў якасці галоўных выбіраюцца два колеры: чорны і чырвоны. Як асноўны дамінуе чырвоны. Гэта і вогнішча спаленых вёсак, і кроў нявінна загінулых соцень і тысяч людзей, і нечалавечыя страты і боль, глухая безнадзейнасць і імкненне да жыцця, смерць і змаганне.... Героямі серыі з'яўляюцца старыя, дзеці і жанчыны, якія вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар жыцця на акупаванай зямлі, асабліва дзеці, якія замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачылі чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачулі аўтаматныя чэргі. Графічныя лісты майстра пранізвае пакутлівы боль, які эмацыянальна передаецца гледачу. Літаграфія «Блакадны агонь» — адна з самых страшных у серыі. Яна адлюстроўвае момант гібелі людзей, магчыма, у падпаленай адрыне. Гравюра цалкам чорна-белая — агонь паглынуў сусвет, стаў смерцю.

Міхаіл Чэпік. «Апаленае юнацтва». 1975 г.

На працягу жыцця мастак Міхаіл Чэпік напісаў некалькі твораў ваеннай тэматыкі, свядома пазбегнуўшы крывавых батальных сцэн. Былы франтавік і санітар, ён ведаў сапраўдны жах, жудасны боль вайны і выцясняў іх са свядомасці, увасабляючы вайну пераважна ў партрэтах ветэранаў, выявах ваенных помнікаў і разбураных гарадоў.

— На трох яго братоў маці атрымала пахавальныя. Пра вайну ён успамінаў часта, бо пехацінцам правёў суткі ў балоце і «зарабіў» на ўсё жыццё хваробу лёгкіх і празмерную нервовасць. Вайна ўвайшла ў творчасць мастака, стала скразной. У адной з карцін — «Апаленае юнацтва» (1975) — Міхаіл Чэпік увасобіў піянера-героя Марата Казея ў момант здзяйснення яго подзвігу за некалькі хвілін да смерці, але зрабіў гэта настолькі арыгінальна, што такая сімвалічная трактоўка вобраза дасюль выглядае наватарскай. Карціна выканана ў непаўторным стылі Чэпіка, прыхільніка яркага адкрытага колеру і планетарнага бачання, і подзвіг юнага беларуса ўзнімаецца да агульначалавечых маштабаў.

Аўтар: Людміла Рублеўская

Яшчэ фота

Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея
Самыя запамінальныя творы на тэму вайны са збораў Мастацкага музея

Каментары да фатаграфій

  1. Вітольд Бялыніцкі-Біруля. Зноў расцвіла вясна (Па слядах разбітага ворага).1947 г.
  2. Міхаіл Савіцкі. Пакаранне смерцю. 1968 г.
  3. Лазар Ран. Хворая маці. 1970-80 гг.
  4. Георгій Паплаўскі. Калыханка. 1982 г.
  5. Васіль Шаранговіч. Блакадны агонь. 1979-85 гг.
  6. Міхаіл Чэпік. «Апаленае юнацтва». 1975 г.

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар