24 лістапада – 110 гадоў з дня нараджэння Зімяніна Міхаіла Васілевіча (1914 – 1995), партыйнага і дзяржаўнага дзеяча Беларусі і СССР, Героя Сацыялістычнай Працы
Каляндар памятных датУ літаратуры і тэатра шмат агульнага. Прынамсі, кожны пісьменнік пражывае жыцці сваіх герояў, як актор на сцэне… А жыцці саміх людзей тэатра – надзвычай яркі і незвычайны матэрыял. Недарэмна акторы і актрысы нярэдка самі робяцца героямі літаратурных твораў.
Напэўна, самы прывабны і запамінальны вобраз актрысы стварыў Уладзімір Караткевіч у эпапеі «Каласы пад сярпом тваім». Гелена Карыцкая — прыгонная актрыса тэатра старога князя Данілы Вежы. Юны княжыч Алесь Загорскі бачыць там п’есу «Гарыслава і Людамір»:
“...На сцэну, у доўгім зіхоткім плашчы, выйшла дзяўчына год васемнаццаці. У яе было бледнае аблічча з вялізнымі вачыма. Яны былі большыя, чым ва ўсіх людзей на зямлі...
Алесь не ведаў, што ён прысутнічае пры дзіве, вялікім нават на фоне гэтага добрага тэатра, на фоне выключнай для прыгонных ігры іншых. Ён проста адчуў, як ад першых гукаў яе голасу мурашкі прабеглі па спіне…
…О рабства страшнае! О лёс мой люты!
Гарчэй за смерць кайданныя пакуты!
Згасай, згасай у клетцы залатой
Нікому непатрэбнай сіратой.
Кайданы рабства на руках, як змеі,
А за мурамі цёплы ветрык вее.
А за мурамі свет! Сады! Палі!
Голас яе ўпаў, і тут стары князь адчуў, як затрэслася ад рыданняў цельца побач з ім.
— Хлопчык мой!.. Гэта ж выдумка! Хочаш — яна прыйдзе і суцешыць цябе?
— Не! Не! — і невядома было, ці ён не хоча, каб яго суцяшалі, ці проста не верыць, што гэта выдумка”.
Дзед, убачыўшы, наколькі ўнук уражаны талентам актрысы, вырашыў зрабіць яму падарунак: даў Гелене “вольную”, якую Алесь ёй і ўручыў.
Гелена Карыцкая на ўсё жыццё засталася ўдзячнай гэтаму хлопчыку... І калі ён, падросшы, не ведаў, як далей жыць, калі яго кінула каханая Майка, Гелена прыйшла да яго і аддала сваё каханне, нічога не просячы наўзамен, бо ён “мой першы і апошні”. Нарадзіла ад Алеся блізнюкоў… Рашуча адмовілася, калі прапанаваў шлюб, больш за тое – памірыла з Майкай.
Гелену запрашаюць на працу і сам Шчэпкін, і французская трупа… Караткевіч не паспеў дапісаць эпапею, і мы не ведаем, як склаўся далейшы лёс Гелены Карыцкай. Але, цалкам магчыма, яна спрыяла б узнікненню першых беларускіх спектакляў, бо разважае: “Чаму ў п’есах няма звычайных людзей, якія вакол? Мужыкоў у хаце, вячорак на пакроў, вяселляў, сварак, сконаў? Чаму няма мяшчан, паноў, корчмаў? Чаму на сцэне рухаюцца quasi-іспанцы і на кожным кроку грыміць гром? Хіба такі бедны на трагізм і на смешнае гэты край? У чым прычына?»
А самы вядомы артыст беларускай літаратуры — прыгонны хлопец Салавей з аповесці Змітрака Бядулі. Праўда, артыст ён, так бы мовіць, арыгінальнага жанру — пераймае галасы людзей, жывёл, птушак... Асабліва паны любяць слухаць у ягоным выкананні спевы салаўя.
Але аднойчы Салаўю давялося выканаць незвычайную ролю... Пан Вашамірскі ўзяў яго ў госці да сваёй маці, пабожнай верніцы, надзвычай жорсткай з прыгоннымі... А яшчэ вялікай аматарцы катоў.
«— Я прызнаю мастацтва толькі ў катоў, — казала пані і пагладзіла пры гэтым двух катоў, якія сядзелі на яе каленях.
— Ану, заняўкай! — звярнуўся пан Вашамірскі да Салаўя і бліснуў весела вачыма.
Салавей пачаў няўкаць.
Кашачыя марцаўскія спевы ліліся з яго горла, запоўнілі пакой. Ён на розныя лады перадаў няўканне катоў. Няўкаў нібы не адзін кот, а дзесяць. У гэтых агідных галасах чулася роспач, быццам рэзалі кагосьці па горлу тупым шклом ці душылі вяроўкай. У гэтых жудасных хрыпах і стогнах была цяга самца да самкі, тая цяга, ад якой непрытомнымі робяцца, ідуць на розныя злоўчынкі.
Пан заткнуў вушы.
Уся чэлядзь збеглася спалоханая і здзіўленая. У пансіёне катоў пачалося занепакоенне. Каты пачалі драпаць дзверы.
Старая пані была ў захапленні. У яе засвяціліся вочы, як дзве свечкі, паружавеў твар. Яна не адрывала вачэй ад Салаўя, упівалася са смагай у гэты дзікі канцэрт. Ёй здавалася, нібы чуе гранне аргану ў касцёле або спевы анёлаў у раі, што былі ёй знаёмы з яе ўласных «прарочых сноў», якія часта сніла...
— Вось гэта мастацтва! — казала пані горача і шчыра. — Вось гэта я разумею! Адно захапленне...
— Ага! — крыкнуў пан Вашамірскі голасам пераможцы. — Ага!
Вельмі хацелася ў гэты час пані Вашамірскай загадаць Салаўю пацерабіць ёй пяткі...»
Напэўна, калі Караткевіч пісаў вобраз Гелены Карыцкай, круцілася ў галаве імя другой актрысы, пра якую напісаў ягоны сябар Адам Мальдзіс. Галена Маеўская, гераіня аповесці Мальдзіса «Восень пасярод вясны» — персанаж рэальны.
«— Прывезлі яе сюды з Варшавы недзе ў пачатку саракавых гадоў. Разам з сяброўкай Аміляй Маркоўскай. Прынялі іх на віленскую сцэну... Маладая і тэмпераментная Маеўская прыйшлася публіцы да густу. Білі ёй брава, кідалі кветкі, пярсцёнкі. Нават зайздросніцы казалі, што быць ёй прымадоннай. Аж тут яна раптоўна знікла са сцэны, выйшла замуж за куды старэйшага Кіркора. Асуджалі, вядома, і яго і яе. Яе — што кінула сцэну, яго — што ён, даволі прыкметны ўжо чыноўнік, звязаў свой лёс з камедыянткай няпэўнага паходжання, да таго ж памылкова запісанай пры хросце на хлапечае імя. Але спачатку жылі яны, кажуць, дружна. Толькі дзяцей не было. Работы ў Кіркора ўсё прыбаўлялася. То ён «Памятную книжку Виленской губернии» рыхтаваў, то курганы навокал раскопваў, то музей старажытнасцей ствараў. Недзе ў 1857 годзе паехаў Кіркор у Пецярбург, каб дабіцца дазволу на выданне «Тыгодніка літэрацкего віленьскего». Усе тут з нецярпеннем чакалі, калі ён і з чым вернецца. Ажно прыехаў — без дазволу. І жонкі ў хаце не застаў. Жыла яна ўжо з ягоным лепшым сябрам Сыракомлем у Пашкоўскага, каханка Амілі Маркоўскай. Віленскія дэвоткі ўзнялі гвалт, балотам Галену аднойчы закідалі. Сыракомлю ў лепшых дамах прымаць адмаўляліся. Спрабаваў ён бараніцца. Напісаў паэму «Стэла Фарнарына». Пра Рафаэля і яго каханне да дачкі пекара ці, ужо не помню, цесляра».
Скандал узмацняўся, бо Сыракомля быў жанаты, меў дваіх дзяцей. Давялося закаханым з’ехаць з Вільні, паэт уладкаваў Гелену ў кракаўскі тэатр... Але каханне пачало звядаць. А тут яшчэ Гелена выпадкова параніла сябе на сцэне бутафорскім кінжалам...
Паэт, хворы на сухоты, вярнуўся ў Вільню, яго прыняла назад жонка Паўліна...
У аповесці пастарэлая Гелена прыязджае да Сыракомлі, каб дамагчыся яго падтрымкі ў паўстанні.
«Сыракомля рэзка павярнуўся, акінуў Галену поглядам. Калісьці жаданая, яна здавалася цяпер зусім чужой. Плямы ішлі па ўсім твары, выступалі на шыі. Адцвіла півонія, адцвіла!»
Гасцяванне атрымалася непрыгожым... Гелена, бачачы, што ейныя чары на паэта больш не дзейнічаюць, падсылае да яго сваю пляменніцу Марыю... Не ў апошнюю чаргу, каб давесці, што і той — не святы. Але Марыя праводзіць ноч з іншым, а Сыракомля выправаджвае былую каханку.
Кніга Уладзіміра Мехава «Старадаўняя гравюра» заснаваная на рэальных падзеях. Таемны радца, знакаміты паэт Гаўрыіл Дзяржавін едзе інспектаваць шклоўскія ўладанні былога фаварыта расейскай імператрыцы графа Зорыча — той гуляка, карцёжнік, даўгоў нарабіў... Мы сустракаемся з сакратаром графа Зорыча — італьянцам Жывакіні: «Прыроджаны камедыянт ён, гэты Жывакіні. Дзяржавін ведае і любіць яго даўно. У Пецярбургу, калі прывозіць ён ліст ці прэзент ад гаспадара, заўсёды гутарыць з ім, смяецца над яго выдумкамі, над пацешнай манерай расцягваць словы.»
Дзяржавіну паказваюць балет знакамітага тэатра Зорыча «Пакінутая Дыдона»:
«Яна была асабліва добрая, Дыдона. Фатальная багіня і царыца з высока паднятымі, перахопленымі алмазным абручом валасамі, у лёгкім блакітным уборы, які воблакам ахутваў нібы з мармуру высечаны твар, яна прама на вачах апускалася з нябёсаў на зямлю, ператваралася ў звычайную жанчыну, палымяную і ўпрыгожаную непадзеленым пачуццём. У дуэце з Энеем, Божа ўсемагутны, якой станавілася яна то непрыступнай, то вабнай, усёдаравальнай. А твар, як шмат выказваў яе твар — пяшчоту, адчай, надзею, прагу помсты, гнеў, зноў пяшчоту і надзею... І ўсё гэта — халопка, якая б і сёння круціла каровам хвасты, калі б ці то самім Зорычам, ці то кім з яго памочнікаў не была выпадкова заўважана?»
Так мы знаёмімся з зоркай шклоўскага прыгоннага тэатру — Пелагеяй Азарэвіч. Яе, як і ейную таленавітую пляменніцу Кацярыну Азарэвіч, узялі ў тэатр з вёскі. Жорсткая муштра аздобіла іх таленты... Граф выкарыстоўвае прыгажуню Пелагею, як заманецца. То яна змушаная выяўляць у паўаголеным выглядзе ў парку жывую статую для ўцехі гасцей. То граф змушае яе прыходзіць у багатым уборы на баль, каб падняць на смех таго, хто будзе заляцацца да прыўкраснай незнаёмкі, не ведаючы, што яна — мужычка. Сведкам такога розыгрышу становіцца Дзяржавін... У выніку граф Зорыч загадвае Пелагеі правесці ноч з госцем, які прыняў яе за важную даму. Але ў Пелагеі ёсць абаронца — сакратар Жывакіні закаханы ў яе без памяці... Але ўсё, што ён можа — вартаваць дзверы яе пакоя.
Умешваецца Дзяржавін, і па распараджэнні графа адбываецца вяселле Жывакіні і Пелагеі...
«А далей сумны блазан Зорыча пераедзе ў Маскву, махне рукой на мастачныя памкненні маладосці, стане сціплым макаронным фабрыкантам — дзякуй богу, у макаронах ведаў толк заўсёды. Яго жонка паступіць тут на сцэну, будзе заўважана, прынята публікай, і аб дзіўнай яе пластыцы, скульптурнасці, аб постаці, нібы высечанай з мармуру, знаўцы будуць казаць, што ўсё гэта — з прыгоннага яе мінулага, з часоў, калі застывала яна жывой статуяй. ...А яшчэ пазней, пры наступным пакаленні публікі, гонарам не адной Масквы — усёй Расіі стане новы Жывакіні, Васіль Ігнатавіч, выбітны акцёр Малога тэатра, улюбёнец Гогаля і Астроўскага, «светлы комік», як назавуць яго газеты. Яго пацешная манера расцягваць словы, рабіць няправільныя націскі будзе замілоўваць, чапаць, захапляць гледачоў. Аднак мала хто, хіба толькі самыя блізкія, будзе ведаць, у каго гэтую манеру-маску, можа, і неўсвядомлена, артыст пераняў...»
Адной з актрыс беларускай трупы Ігната Буйніцкага была Алаіза Пашкевіч, якую мы ведаем пад псеўданімам Цётка. Пра яе напісала раман «Крыж міласэрнасці» Валянціна Коўтун.
«Адукаваная жанчына, якая вучылася ў Вільні, Пецярбургу, Львове, Кракаве, улюбёна слухала высокія тоны голасу знакамітых прымадонн і шліфавала сваё артыстычнае прызванне (прырода дала і гэта). Ты потым дзівілася сама сабе ў звычайным гарадзенскім мястэчку, куды нарэшце даставалася з аматарскай трупай. Ставілі «У зімовую ноч» Ажэшкі. На імправізаванай сцэне, Табе, Крапівісе (людзі чамусьці заўсёды бачылі Цябе старэйшую за гады), амаль пасля кожнага спектакля вясёлы прыгажун Ігнат Буйніцкі заклапочана клаў на разгарачаны лоб халодную руку. І ты падала ў забыццё кароткага адпачынку перад новаю дарогай, і ўяўны смуглаваты гандальер з Венецыі ўсміхаўся да цябе жоўтымі зубамі, размашыста падымаючы над каналам доўгае вясло».
У рамане апісваецца, як юная Алаіза бярэ ўдзел у спектаклі па рамане Элізы Ажэшкі «Хам» у вучэльні Прозаравай, дзе ёй дастаецца роля Франкі, як бачыць на местачковым кірмашы прадстаўленне «Пінскай шляхты»:
«Хлопец падняў уверх правую руку, выкарыстаўшы хвіліну замяшання, і, паспешліва, глытаючы словы, залапатаў звонкім прыгожым голасам:
Дзе ўнадзіцца юрыста,
Вымяце хату дачыста.
Такіх дзіваў натворыць,
Такіх кручкоў нагаворыць...
Хлопец ужо супакоіўся і чытаў верш больш стрымана, павольна.
Як гэта проста, аказваецца... Не па-расейску, не па-польску. А вось чытае ж ён па-свойму, той самай гаворкаю, на якой... У сваіх жа вёсках...
А людзі слухаюць. Слухаюць вершык, напісаны па-мужыцку! Слухаюць тое, што яна душыць у сабе ўсе гэтыя бясконцыя гады, а яно ўсё роўна вырываецца і амаль даводзіць яе да бясцямнасці. Так доўга яна душыла ў сабе т о е, што яно і само ўжо зняверылася, збаялася і спакутавалася, — і накіпае ў душы і ў галаве хіба толькі разам з пякучым болем».
Па п’есе Алеся Асташонка «Камедыянт, ці ўзнёсласць сумнай надзеі. Калядны фарс у дзвюх дзеях», быў зняты фільм «Камедыянт». Галоўны герой — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які не толькі пісаў вершы, паэмы і п’есы, але і сам выступаў у якасці рэжысёра і артыста.
Дзеянне адбываецца на Каляды. Тут і сяляне-калядоўшчыкі, якія прыходзяць да пана, і прадстаўленне хатняга тэатру... І цень Камілы — дачкі, сасланай у Сібір... А тут яшчэ з’яўляецца паранены сябар Камілы, збеглы катаржнік. Дунін-Марцінкевіч мусіць хаваць яго, а тут і жандары панаехалі, высвятляць, «Чым абязаны ізлішняму скапленню прастанароддзя»... Паэт і сам толькі з турмы, пад наглядам. Даводзіцца ператвараць усё ў відачынства, гульню... Каб выжыць — трэба апранаць маску.
«— Вы бачылі, як адыходзілі сяляне? Якія яны былі сумныя?
—Татачка, яны ж смяяліся.
—Пад каляднай маскай я таксама смяюся, але мне сумна. Божа, які ж пакутны наш народ».
Заканчваецца спектакль словамі: «Мы змагаемся за веліч і чысціню нашага народа, народа, якому мы яшчэ збудуем палац — тэатр — дзівосны палац на падмурку яго дзівоснай душы».