Рус | Бел
Юрый ГІільдзюк: Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца!

Юрый ГІільдзюк: Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца!

02.05.2022      657
Юрый ГІільдзюк: Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца!

Летапіс Беларускай дзяржаўнай філармоніі багаты на падзеі, цэлыя эпохі знайшлі адлюстраванне на яго старонках. На 85-гадовую гісторыю прыйшліся і пажары вайны, і пасляваеннае аднаўленне, і зараджэнне айчыннай кампазітарскай школы, і росквіт беларускай эстрады... Юрый Гільдзюк, мастацкі кіраўнік Белдзяржфілармоніі з 39-гадовым стажам, распавёў, чым жыве калектыў установы сёння.

— Юрый Мікалаевіч, якія думкі займаюць мастацкага кіраўніка Беларускай дзяржаўнай філармоніі апошнім часам?

— Думкі заўсёды скіраваны на будучыню. Я мару аб вяртанні фестываляў, аб тых багатых канцэртах, якія традыцыйна ладзіліся на сцэне беларускай філармоніі. Мару аб наладжванні і ўмацаванні сувязей з нашымі слухачамі, аматарамі акадэмічнай і народнай музыкі розных жанраў з усёй Беларусі.

Зрэшты, аднымі марамі не абмяжоўваемся. Цяпер, напрыклад, актыўна рыхтуецца «Мінская вясна», прысвечаная 85-годдзю ўстановы. Сімвалічным адкрыццём стане прэм’ера сімфанічнага канцэрта. Мерапрыемства пройдзе блізка да Дня перамогі, таму мы разам з Аляксандрам Анісімавым, дырыжорам Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь, выбралі для выканання «Ленінградскую» сімфонію Дзмітрыя Шастаковіча.

Асноўная ж увага — калектывам. Варта адзначыць, што ў нас працуюць каштоўныя, вельмі яскравыя таленты. Адзін з такіх спецыялістаў — вядомая беларуская арганістка Кацярына Нікалаева — запрошана на пасаду аператара нашага галоўнага інструмента. Лаўрэатка многіх міжнародных конкурсаў, яна была выпеставана прафесарам Ігарам Алоўнікавым і арганістам Уладзімірам Неўдахам. Мы давяраем ёй распараджацца нашым скарбам.

— Якія прынцыпы пакладзены ў аснову цяперашняй рэпертуарнай палітыкі?

— Базу філарманічнага рэпертуару традыцыйна складаюць класічныя творы: як сусветная спадчына, так і работы айчынных кампазітараў. Вялікі акцэнт робіцца на гісторыі беларускай музыкі — ад Напалеона Орды і Полацкага сшытка да сённяшняга дня. Акрамя таго, па-ранейшаму падтрымліваем супрацоўніцтва з Беларускім саюзам кампазітараў, Беларускім саюзам музычных дзеячаў, з рознымі навучальнымі ўстановамі.

У афішы знойдзецца месца і джазавым выступленням, і эстрадным канцэртам, і сінтэтычным праграмам. Адметнай з’явай можна лічыць адраджэнне харавога руху на Беларусі ў апошнія гады... Не забываемся і пра юбілейныя даты. Сёлета, напрыклад, мінула 130 гадоў з дня нараджэння Рыгора Шырмы, а ў канцы 2021-га адзначалі стагоддзе Віктара Роўды. Мы звяртаем увагу на такія падзеі. Словам, канцэртная палітра філармоніі вельмі разнастайная, кожны слухач можа выбраць тое, што яму даспадобы.

— У наступным годзе будзе 40 гадоў, як вы займаеце пасаду мастацкага кіраўніка Белдзяржфілармоніі. Натуральна, за гэты час шмат што змянілася, але, пэўна ж, ёсць у філармоніі і нешта пастаяннае?

— Галоўны і першасны прынцып для нас на працягу ўсёй гісторыі — прынцып пераемнасці пакаленняў. Даўнія партнёрскія стасункі звязваюць нас з музычнымі каледжамі, з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй музыкі, з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтва. Паспяхова дзейнічае сістэма абанементаў для навучэнцаў профільных устаноў адукацыі. Маладыя людзі могуць паўдзельнічаць у конкурсах, якія ладзяцца на базе іх альма-матар, і рэальна прэтэндаваць на месца ў вядучых творчых калектывах.

Другі надзвычай важны момант — мы здолелі захаваць усе 14 нашых калектываў (ад народных і харавых да камерных ансамбляў). Кожны з іх мае сваё асаблівае прызначэнне, свае творчыя задачы. Пачынаючы з Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Рэспублікі Беларусь і заканчваючы ансамблямі «Камерата» і «Свята», мастацкімі кіраўнікамі заўсёды становяцца буйныя творцы. Дзякуючы гэтакім талентам, мы карыстаемся аўтарытэтам не толькі ў сваёй краіне, але і далёка за яе межамі.

— Якой бачыце ўстанову яшчэ праз пяць гадоў?

— Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца! Думаю, неўзабаве будзем абмяркоўваць павелічэнне колькасці нашых залаў. Наспявае пытанне і аб арганізацыі новай вялікай залы з больш дасканалай акустыкай і складанымі трансформамі сцэны. Хаця мы вельмі любім наш будынак, нашу залу, яна ўжо маленькая для Беларусі. Трэба думаць аб лепшай аўдыторыі і аб будычыні беларускай музычнай культуры.

Аўтар: Мікіта Шчарбакоў

Яшчэ фота

Юрый ГІільдзюк: Філармонія павінна далей квітнець, развівацца, пашырацца!

Каментар да фатаграфіі

Юрый Гільдзюк

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар