Расцём. Нацыянальная літаратурная прэмія — ужо традыцыя: чацвёрты раз называюцца імёны аўтараў, чые творы звярнулі на сябе ўвагу ў мінулым годзе. І як любую з'яву, што стала традыцыяй, яе пераасэнсоўваюць, не абыходзіцца без наватарскіх ідэй — уласна, дзеля развіцця. Бо добрыя традыцыі павінны захоўвацца. Прэмія ў галіне літаратуры, якая ўручаецца на дзяржаўным узроўні, — традыцыя добрая ўжо таму, што ў розных гарадах Беларусі, па якіх вандруе Дзень беларускага пісьменства, гучаць з галоўнай сцэны імёны найлепшых аўтараў, а да іх твораў узнікае зацікаўленасць: што там адзначылі? Чаму? Сярод каго выбіралі?