Рус | Бел
Чаму іканапісцы не пазначалі аўтарства на абразах?

Чаму іканапісцы не пазначалі аўтарства на абразах?

26.07.2016
Чаму іканапісцы не пазначалі аўтарства на абразах?

Адказы на гэтае і іншыя пытанні ўсе зацікаўленыя атрымаюць, наведаўшы выставу ў Гродзенскім дзяржаўным музеі гісторыі рэлігіі, якая паказвае стараверскія абразы XІX — пачатку XX стагоддзя ў Беларусі.

Стараста прыходу плакаў...

Большасць абразоў, прадстаўленых на выставе, паходзіць са стараверскай Свята-Троіцкай царквы, што знаходзіцца ва ўрочышчы Стрыпішкі на Астравеччыне. Гістарычна гэта Дзісненскі цэнтр іканапісання.

— Абшчына старавераў-папоўцаў існавала ў Стрыпішках з XVІІІ стагоддзя, — кажа аўтар канцэпцыі выставы, вядучы навуковы супрацоўнік Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі Людміла РУСЕЦКАЯ. — Прыкладна тады ж магла быць узведзена і царква. Яна неаднойчы аднаўлялася, апошняя рэканструкцыя адбылася ў 1910 годзе. Аднак мяжа, якая ў пачатку 1990-х паўстала паміж незалежнымі Літвой і Беларуссю, аддзяліла ад храма амаль 90% прыхаджан. Царква засталася без прыхаджан, а прыхаджане без царквы.

Зрэшты, храм спыніў сваю дзейнасць яшчэ раней. У пачатку 1980-х, калі ён быў зняты з рэгістрацыі, былы галоўны захавальнік фондаў музея Ніна ЛЯШЧОНАК прыязджала ў Стрыпішкі ў складзе экспедыцыі.

— Нам афіцыйна, па актах, бязвыплатна перадалі абразы, а таксама спеўнік стрыпішкаўскай стараверскай суполкі, — прыгадвае Ніна Іванаўна. — Стараста прыхода плакаў, а я, спрабуючы яго супакоіць, прасіла не хвалявацца. Маўляў, мы ўсё захаваем і, можа, вашы каштоўнасці вернуцца ў Стрыпішкі...

Сярод стараверскіх абразоў былі распаўсюджаны творы, якія аб'ядноўвалі элементы жывапісу і меднай пластыкі. За абразамі і літымі ўрэзкамі замацавалася назва «дамавы іканастас». У цэнтры іх абавязкова размешчаны крыж, а вакол яго — літыя абразкі і шматстворкавыя складні. Пасля ўказаў Пятра І «Аб забароне ўжываць у царкоўных і прыватных дамах разныя і адліўныя іконы» (1722) і Свяшчэннага Сінода аб забароне вырабу і продажу літых абразоў (1723) гэтую сферу афіцыйна прызналі нелегальнай. Аднак стараверы ігнаравалі забароны і таму сталі манапалістамі ў гэтай галіне мастацтва.

Адным з найважнейшых разыходжанняў паміж стараверамі і ніканіянамі было пытанне аб складанні пальцаў. Афіцыйная царква забараняла выяву двухперсця на абразах, а ў стараверскім мастацтве яно сустракаецца паўсюдна.

Разыходзіліся стараверы з ніканіянамі і ў напісанні абрэвіятуры імені Хрыста. Стараверы адмаўляюць напісанне «Іісус» (два і) і, значыць, надпіс на абразах «ІИ. ХС». Правільным, на іх думку, з'яўляецца напісанне імені Хрыста як Ісус і абрэвіятуры «ІС. ХС».

Акрамя таго, стараверскія іканапісцы працягвалі старажытную рускую традыцыю пісаць евангелістаў у выглядзе жывёл, што было катэгарычна забаронена Праваслаўнай Царквой у 1722 годзе.

Сумленна і сціпла

Абразы са Стрыпішак рыхтаваў да выставы мастак-рэстаўратар Уладзімір КІСЛЫ. Прафесіянал са шматгадовым вопытам высока ацэньвае майстэрства стараверскіх іканапісцаў:

— Яны ўсё рабілі строга па каноне. Спачатку падрыхтоўвалі дошку, потым накладвалі шматслаёвы ляўкас — грунт... Працавалі настолькі сумленна!

Праўда, умовы захавання абразоў не заўжды былі належнымі. Пакост вельмі моцна пацямнеў, на яго наліпла шмат пылу, грунт ад перападу тэмпературы паўспучваўся. Уладзімір Кіслы прасвідроўваў малюсенькія адтуліны, шпрыцом уводзіў пад пухір спецыяльны палімер і пад прэсам укладваў яго назад.

Ці ёсць на абразах звесткі пра іх аўтараў?

— Подпісы можна знайсці на абразах несакральных, а на рэлігійных, і асабліва стараверскіх, гэта вялікая рэдкасць, — расказвае Уладзімір Кіслы. — Бо калі мастак маляваў абраз, то лічылася, што ён гэта робіць для Бога, а Бог і так бачыць усё. І падпісаць абраз — гэта вельмі нясціпла, нават абуральна. Праўда, калі майстру ўжо так карцела, то ён дзесьці пазначаў сваё аўтарства. Але пры гэтым ганьбіў сябе — «недостойного и унылого раба Божьего».

Дарэчы, падобная гісторыя здарылася і з самім Уладзімірам Кіслым. У 1980-я гады знаёмыя прывезлі яму звон з разбуранай царквы. Казалі, што праз пэўны час забяруць, але мінула гадоў 10, а звон так і заставаўся ў мастака. Прыватныя асобы прапаноўвалі прадаць яго, але штосьці Уладзіміра стрымлівала.

— Урэшце я перадаў гэты звон славутай Маламажэйкаўскай царкве абарончага тыпу ў вёсцы Мураванка Шчучынскага раёна, — расказвае Уладзімір Кіслы. — Папрасіў у айца Анатоля Няробава, які ў той час там служыў, распіску, што я не прадаў звон, а перадаў царкве. Але перад гэтым... Узяў бормашыну і маленькім гравёрам наўскрайку сціпленька выгравіраваў надпіс: «Захаваўшы ў ліхія часы, вярнуў у належнае месца недастойны раб Божы Уладзімір». Мы з айцом Анатолем павесілі гэты звон, пазванілі на ўсю акругу. І мне на душы стала добра...

Гістарычная даведка

Стараверства («древлеправославие») — сукупнасць рэлігійных плыняў і арганізацый, якія не прызналі праведзеную ў 1650—1660 гадах патрыярхам Ніканам і царом Аляксеем Міхайлавічам царкоўную рэформу, мэтай якой была ўніфікацыя богаслужэбнага чыну Рускай Праваслаўнай царквы з грэчаскай і перадусім Канстанцінопальскай Царквой. Прыхільнікаў стараверства, за выключэннем адзінаверцаў, называлі «раскольнікамі» да прыняцця ўказа «Об умацаванні асноў верацярпімасці» 17 красавіка 1905 года, які скасоўваў заканадаўчыя абмежаванні ў дачыненні да стараверцаў.

На працягу стагоддзяў прыхільнікі старога абраду пераследаваліся і былі гнаныя. У пошуках лепшага жыцця яны ішлі за межы Расіі, у тым ліку на землі Рэчы Паспалітай. Стараверы заснавалі на беларускіх землях два буйныя цэнтры — вакол Браслава і Відзаў (Падзвінне) і Веткі (Палессе). У гэтых рэгіёнах фарміраваліся самабытныя асаблівасці іканапісу. На памежнай з Літвой тэрыторыі развіваўся цэнтр іканапісу, названы ўмоўна даследчыкамі «Дзісненскі». Гэты рэгіён гістарычна ўваходзіў у склад ВКЛ, а пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай стаў часткай Віленскай губерні. Дзісненскі цэнтр існаваў прыблізна з 1830-х па 1920-я гады. Працягам і развіццём яго стаў Віленскі цэнтр.

Аўтар: Барыс Пракопчык

Яшчэ фота

Чаму іканапісцы не пазначалі аўтарства на абразах?

Каментары да фатаграфій

  1. Свя­та-Тро­іц­кая царк­ва ва ўро­чы­шчы Стры­піш­кі Аст­ра­вец­ка­га ра­ё­на.
  2. Вя­ду­чы на­ву­ко­вы су­пра­цоў­нік Гро­дзен­ска­га дзяр­жаў­на­га му­зея гіс­то­рыі рэ­лі­гіі Люд­мі­ла РУ­СЕЦ­КАЯ і мас­так-рэ­стаў­ра­тар Ула­дзі­мір КІС­ЛЫ шмат ве­да­юць пра ста­ра­вер­скія аб­ра­зы. (першае фота)
  3. Фота Яраслава ВАНЮКЕВІЧА

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар