Рус | Бел
Nіzkіz: Гітарная рамантыка з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай

Nіzkіz: Гітарная рамантыка з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай

12.04.2019
Nіzkіz: Гітарная рамантыка з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай

Прадстаўляем чытачам «Чырвонкі. Чырвонай змены» сучасны беларускі рок-гурт Nіzkіz, які апошнім часам стаў папулярны не толькі ў сябе на радзіме, але і ў замежжы. Хлопцы аднолькава цудоўна спяваюць на дзвюх мовах — беларускай і рускай, актыўна выступаюць на буйных фестывальных пляцоўках, кожны іх выхад на сцэну суправаджаецца аншлагам. Яны не перастаюць актыўна гастраляваць і выпускаць новыя сінглы, а білеты на іх раскупляюцца за месяц да канцэртаў. Такія песні, як «Guantanama», «Лірыка», «Люстэрка», «Небяспечна», «Сіноптык», «Інтраверт» ды іншыя для прыхільнікаў беларускага року даўно вядомыя, і тых, у каго песнятворчасць маладых музыкантаў выклікае цікавасць, становіцца ўсё больш. Між іншым, у канцы 2018-га магілёўскі калектыў быў прызнаны найлепшым гуртом года ў штогадовай прэміі музычнага партала TuzіnFM «Героі года», а выпушчаны не так даўно кліп на песню «Небяспечна» б'е ўсе рэкорды па праглядах на YouTube.

Аб сакрэтах поспеху калектыву мы спыталі ва ўдзельнікаў гурта, рокераў барабаншчыка Дзмітрыя ХАЛЯЎКІНА і гітарыста Леаніда НЕСЦЯРУКА. А яшчэ даведаліся, чым яны займаюцца акрамя музыкі, пагаварылі пра тое, як летнік можа дапамагчы стаць артыстам і чаму ў Расіі разумеюць беларускую мову — пра ўсё гэта чытайце далей у нашым інтэрв'ю.

— Хлопцы, падзяліцеся, як вы прыйшлі да музыкі і з чаго ўсё пачалося?

Дзмітрый Халяўкін (Д. Х.): — У нашым дзяцінстве інтэрнэту не было, адпаведна выбраць, якую музыку слухаць, можна было толькі з тых касет, якія ляжалі дома, ці з таго, што паказвалі па тэлевізары. У бацькі была, як я цяпер разумею, цудоўная падборка класічных рок-гуртоў накшталт Deep Purple, Queen, Pіnk Floyd, Scorpіons і г. д. Іх я і слухаў. У 14 гадоў адпачываў у летніку, а там хлопец захапляўся гуртом Metallіca. І я ўсю змену чуў яе фонам таксама. Моцна закранула. З таго моманту пачалося захапленне гэтым гуртом і пазней «цяжкай» музыкай у цэлым. Заслухваліся да «дзірак» усе альбомы, па тысячы разоў пераглядаліся відэа, якія ўдавалася знайсці. Прычым гледзячы відэа ці слухаючы іх музыку, я чамусьці заўсёды разумеў, як яна выконваецца на барабанах. Да таго ж аказалася, што я нарадзіўся ў адзін дзень з Ларсам Ульрыхам — барабаншчыкам Metallіca. Гэта знак, падумаў тады я. У той жа час было вырашана, што неабходна ствараць свой гурт і станавіцца знакамітымі.

З сябрамі-аднакласнікамі вызначыліся, хто на чым іграе (проста каму што больш падабалася — ніхто ні на чым іграць не ўмеў). Было вырашана, што перш-наперш неабходна прыдумаць назву гурта і псеўданімы кожнаму. Аднакласнікі хутка «згаслі», я ж запісаўся ў Палац піянераў і некалькі месяцаў хадзіў да педагога займацца. Аднак неўзабаве перастаў, таму што ездзіць было далёка. Далей займаўся сам, таксама вучыўся ў барабаншчыка ІOWA, з якім дзякуючы гэтаму пасябравалі, да таго ж пачалі з'яўляцца ўсё больш і больш усемагчымыя відэа для самаадукацыі. З'явіліся першыя гурты, нічога сур'ёзнага, але вопыт напрацоўваўся. У Nіzkіz патрапіў у 2010 годзе.

Леанід Несцярук (Л. Н.):
— Да музыкі мяне прывяла маці. Дакладней, да танцаў, харэаграфіі. А там абавязковай умовай было іграць на якім-небудзь інструменце. Вучыўся я без асаблівага энтузіязму, бо музыка, якую мы вывучалі ў ліцэі, была абсалютна не падобная на тое, што мне падабалася. А калі на харэаграфіі пайшлі шпагаты — я цвёрда вырашыў гэтую справу кінуць. Паступіў у каледж мастацтваў у Мінску (на мастацкае аддзяленне) і ўжо там зразумеў, што ў року працуе тая ж тэорыя, якую выкладалі на ўроках сальфеджыа. Пры стварэнні гурта я не прысутнічаў, далучыўся да Nіzkіz крыху пазней.

— Многім незразумелая назва вашага гурта — Nіzkіz. Па-першае, куды ставіць націск, а па-другое, як расшыфроўваецца гэта дзіўная абрэвіятура?

(Д. Х.): — Націск неабходна ставіць на першы склад. Гэта цалкам выдуманае слова, якое з'явілася выпадкова: на стале ляжаў стос часопісаў, і асобныя літары на кожным з іх склаліся ў Nіzkіz. Таму гэта не абрэвіятура. Вялікі плюс, што слова прыдуманае — убіваючы яго ў пошукавіку, вы абсалютна дакладна патрапіце на інфармацыю пра наш гурт.

— Дрыжыкі па целе ад вашых беларускамоўных песень! Хто з'яўляецца аўтарам і кампазітарам? І ўвогуле, ці карыстаецеся беларускай мовай у звычайным жыцці?

(Д. Х.): — Асноўныя ідэі прыносіць вакаліст Аляксандр Ільін, потым ужо разам даводзім да нечага пэўнага. Па-беларуску размаўляем даволі рэдка. Аднак калі суразмоўнік гаворыць, то стараемся адказваць таксама на ёй.

— Вы выконвалі беларускія кампазіцыі падчас туру па Расіі ці адбіралі толькі рускамоўны матэрыял, каб, маўляў, публіцы было зразумела, пра што спяваецца?

(Д. Х.): — Праграма тая ж, што і на канцэртах па Беларусі. Па-першае, у Расіі на канцэрты прыходзіць даволі шмат суайчыннікаў. А, па-другое, публіка невыпадковая, большасць да гэтага ўжо чулі нашы песні.

— У асноўным вы іграеце рок, але ў адным з інтэрв'ю назвалі гэта «Гітарнай рамантыкай з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай». Тады да якога стылю ці кірунку року можна аднесці вашу музыку?

(Л. Н.): — Як для мяне, то гэта поп-рок. Нягледзячы на не самую мілагучную для нашых шырот прыстаўку, у гэтага стылю амаль што самы шырокі дыяпазон аранжыровачных магчымасцяў — ад лёгкай акустыкі з фартэпіяна да жорсткіх сэмплавых нарэзак і «цяжкіх» гітар.

— Калі б вам аднойчы прапанавалі з'ехаць працаваць у іншую краіну, куды б вы накіраваліся і чаму?

(Л. Н.): — Па вялікім рахунку, каб развівацца прафесійна, дастаткова мець пад рукой інструмент і камп'ютар. У іншыя краіны ёсць сэнс ездзіць на шоу-кейсы, майстар-класы і канцэрты. Але з'ездзіць, а не з'ехаць. З'ехаць я б адмовіўся.

— Напэўна, творчасць з'яўляецца вашым асноўным заняткам. А дзе набіраецеся моцы, як адпачываеце?

(Д. Х.): — Музыка і гурт — зараз нашы галоўныя прыярытэты, якім аддаецца ўвесь час. У кожнага ёсць нейкія невялікія падпрацоўкі, аднак нічога істотнага. Творчасць прыносіць грошы, але практычна ўсё, што ўдаецца зарабіць, мы ўкладаем зноў у развіццё — без гэтага ніяк. А наконт адпачынку: Лёня, напрыклад, малюе (усміхаецца). А яшчэ з нядаўняга часу ўсім гуртом пачалі хадзіць у трэнажорную залу. Гэта зацягвае.

— У музыцы кожны шукае для сябе тое, што адлюстроўвае яго ўнутраны свет, выклікае душэўныя перажыванні, а выканаўца з'яўляецца свайго роду духоўнікам. Хто ж «ваш» ідэал і духоўнік у музычным свеце?

(Л. Н.): — Такіх, на каго можна было б раўняцца ва ўсім, няма. У адных падабаецца гук, у другіх — гармонія, у трэціх увогуле толькі тэхніка выканання, чацвёртыя — запальваюць на сцэне. А душэўныя перажыванні, зрэшты, можа выклікаць любая музыка, нават тая, ад якой не чакаеш. На ўкраінскім фестывалі Atlas Weekend, напрыклад, выступалі «Адзін у Каноэ» і «Іnfected Mushroom» — кардынальна розныя і дыяметральна супрацьлеглыя ў творчасці гурты, а захапленне атрымаў ад абодвух вялікае.

— Вы ўжо паспелі адчуць любоў публікі. Як мяркуеце, у чым сакрэт прызнання? І што неабходна рабіць артысту, які толькі пачынае?

(Д. Х.): — Як і ў любой іншай сферы, няма чароўнай таблеткі ці пэўнага алгарытму. Так, ёсць нейкі набор стандартных парад і дзеянняў, але ніякіх гарантый, што яны спрацуюць. За адзін дзень нічога не атрымаецца. Проста не трэба шукаць адгаворкі ці прычыны, каб нешта не рабіць, а, наадварот, рабіць усё, што магчыма, з поўнай аддачай, упарта і сістэматычна.

Аўтар: Надзея ЗУЕВА

Яшчэ фота

Nіzkіz: Гітарная рамантыка з альтэрнатыўным прысмакам і стадыённай падачай

Каментар да фатаграфіі

Фота Рамана СТРЫГІ

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 19 711 9 262
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 519 367 202 769

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар