Рус | Бел
85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (1930-1984)

85 гадоў з дня нараджэння Уладзіміра Караткевіча (1930-1984)

Адзін з рэдкіх і дзіўных рамантыкаў нашага прагматычнага часу Уладзімір Караткевіч быў яшчэ пры жыцці прызнаны класікам сучаснай беларускай літаратуры. У 2015 яму магло б споўніцца 85 гадоў. Але лёсам аўтару многіх хрэстаматыйных твораў было наканавана даволі кароткае зямное жыццё. Гэта, безумоўна, не азначае, што яно скончылася. Нават для звычайных людзей хрысціянскага веравызнання жыццё ніколі не перапыняецца.

Для асоб жа такога маштабу, як Уладзімір Караткевіч, Божы дар бессмяротнасці матэрыялізаваны яшчэ і ў творчай спадчыне пісьменніка. На гэты конт трапна выказаўся другі сусветна вядомы класік беларускай літаратуры Васіль Быкаў (яшчэ пры жыцці Караткевіча): "Лепшыя з твораў Уладзіміра Караткевіча надоўга застануцца ў скарбонцы роднай літаратуры, бо на яго тэмы можна, напэўна, напісаць горш, а магчыма, і лепш, але напісаць так, як гэта зрабіў ён, не зможа ніхто. Мастакі з такім выразна адметным талентам, з такім своеасаблівым бачаннем свету нараджаюцца нячаста".

Нарадзіўся Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч 26 лістапада 1930 года ў старажытным беларускім горадзе Орша. Бацька, Сямён Цімафеевіч, працаваў інспектарам у Аршанскім райфінаддзеле, маці, Надзея Васільеўна, скончыла Марыінскую гімназію ў Магілёве, працавала вясковай настаўніцай, а пасля заключэння шлюбу ўсю сваю душэўную дабрыню аддала мужу і дзецям.

Юнацкія гады Уладзіміра прыпалі на час ваеннага ліхалецця. Вайна застала Валодзю ў Маскве, куды ён прыехаў да сястры. Потым эвакуацыя – Разаншчына, Урал, некалькі разоў уцякаў на фронт. У 1943 годзе сям'я аб'ядналася ў Арэнбургу.

Пасля вызвалення Кіева некаторы час разам з маці жыў там у матчынай сястры, а затым у 1944 годзе сям'я вярнулася ў Оршу. Тут у сярэдняй школе, дзе вучыўся Уладзімір Караткевіч, на старонках рукапіснага часопіса "Званочак" убачылі свет яго юнацкія вершы і прыгодніцкая аповесць "Загадка Неферціці". У 1949 годзе ён паступае на аддзяленне рускай мовы і літаратуры філалагічнага факультэта Кіеўскага універсітэта імя Тараса Шаўчэнкі. Пасля заканчэння універсітэта працуе настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вёсцы Лесавічы, ў Кіеўскай вобласці.

Вясной 1955 года ён здае кандыдацкі мінімум і пачынае пісаць дысертацыю пра адлюстраванне паўстання 1863-1864 гадоў ва ўсходнеславянскіх і польскай літаратурах, задумвае пісаць раман на гэту тэму. У гэтым жа годзе у ліпеньскім нумары часопіса "Полымя" быў надрукаваны верш Караткевіча "Машэка". Менавіта 1955 год можна лічыць часам уступлення яго ў беларускую літаратуру. У тым жа годзе у кнізе "Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта" быў надрукаваны нарыс Уладзіміра Караткевіча "Вязынка".

Усёй душой імкнецца Караткевіч на радзіму, і з восені 1956 года ён ужо настаўнік рускай мовы і літаратуры у Оршы, дзе будзе працаваць два гады.

На роднай зямлі яшчэ больш квітнее літаратурны дар пісьменніка. У 1957 годзе яго паэтычныя творы з'яўляюцца ў часопісе "Маладосць", газетах "Літаратура і мастацтва", "Чырвоная змена". Іх станоўча ацэньвае сталічная крытыка. У 60-х гадах - ён ужо сапраўдны кароль пяра, аўтар багацейшай бібліятэкі ўласных кніг, артыкулаў, публікацый, сцэнарыяў, п'ес.

Першы зборнік вершаў "Матчына душа" выйшаў у 1958 годзе. Верш "Матчына душа", які даў назву ўсяму зборніку Уладзіміра Караткевіча, - своеасабліва выказанае крэда маладога паэта, ключ да разумення яго пошукаў. Цэнтральны вобраз гэтага рамантычнага верша – легендарная "матчына кветка", якая навявае паэту думы аб лёсе роднай зямлі, сваімі казкамі, песнямі, паданнямі раскрывае яму душу народа, "матчыну душу", як называе яе паэт. У тэматычнай разнастайнасці зборніка праламляецца імкненне паэта пераліць у вершы "матчыну душу", жыццё, учарашні і сённяшні дзень народа. Гістарычнае мінулае народа, шляхі фарміравання яго характару паэт раскрывае ў шырокіх і яркіх карцінах, праз легендарныя фігуры Машэкі, Ваўкалака ("Машэка", "Балада пра паўстанца Ваўкалаку").

Ідэя першага зборніка паэта была ва ўслаўленні роднага краю, асноўным яго лейтматывам было – "Усе шляхі прыводзяць не да Рыма, а да родных вербаў і бяроз". У другім зборніку "Вячэрнія ветразі" (1960) паэт таксама развівае тэму Радзімы. Але акцэнт у новай кнізе перанесены на іншае – на ўслаўленне міралюбівых, гуманістычных ідэй: "Каб заўсёды была чалавечнасць, каб шчасце сялілася ў хатах…"

Ранні Караткевіч – чалавек страсці, рамантычнага стаўлення да жыцця, агульнафіласофскай развагі. Першае нараджае вершы тыпу "Трызненне мужыцкага Брэйгеля", "Балада пра смяротнікаў", другое – верш "Трагедыі не знікнуць пры камуне…", "Балада аб арганаўтах" і іншыя. Вершы гэтыя, несучасныя па жыццёвым матэрыяле, тым не менш гучаць па-сучаснаму, сапраўды ўзбагачаючы беларускую паэзію, расшыраючы яе гарызонты, асвятляючы такое, што ў ёй яшчэ мала асвятлялася.

Багатая і разнастайная паэзія У. Караткевіча прасякнута любоўю да роднай зямлі і народа. У вершах ён імкнуўся аднавіць гераічныя і трагічныя старонкі гісторыі свайго народа, запісаць старыя паданні, пераліць на свае аркушы "казку мудрую, прастую, кветку матчынай чыстай душы".

Але Караткевіч – паэт шырокага кругагляду. Ён разумее, што выяўляць "агонь душы і сэрца жар" толькі праз паэтызацыю з'яў мінулага – значыць загадзя абмежаваць сябе. Паэт, улюблёны ў манускрыпты і летапісы, кніжнік і эрудыт, ён імкнецца звязаць далёкае мінулае з сучасным днём, і тады з-пад яго пяра нараджаюцца вершы "Баявыя вазы", "Дзень першы", "Архангельскае".

Паэзія ўвесь час суправаджала талент Уладзіміра Сямёнавіча, жыла ў ім нават тады, калі ён пісаў далёкія ад яе празаічныя творы. Сабраныя разам неапублікаваныя вершы паэта склалі яго пасмяротны зборнік "Быў. Ёсць. Буду" (1986) – паэтычны запавет наступным пакаленням, створаны трапяткой рукой майстра, поўны мудрых высноў жыцця.

Канец 1950-х – 1970-я гады – гэта час вельмі напружанай працы, час вялікіх здзяйсненняў і мар У. Караткевіча. Працуе ён у гэтыя гады вельмі шмат і надзвычай плённа. І не толькі як паэт.

У маі 1957 года ў Оршы ён закончыў аўтабіяграфічную аповесць пра свае студэнцкія гады "У снягах драмае вясна", а ў 1958 – аповесць "Дзікае паляванне караля Стаха", стварыў унікальную ў беларускай літаратуры працу "Цыганскі кароль" пра гістарычныя традыцыі і культуру гэтага надзвычай самабытнага народа.

Але "караткевічаўская натура", цяга да ўсяго новага, нязведанага, да бурлівага творчага жыцця паспрыялі прыняццю новага рашэння. Уладзімір Караткевіч едзе ў Маскву, дзе ў 1958-1960 гг. вучыцца на Вышэйшых літаратурных курсах, а ў 1960-1962 на Вышэйшых сцэнарных курсах. Пасля заканчэння іх прыязджае ў Мінск.

Жыццёвае і творчае сталенне Уладзіміра Караткевіча адбывалася пераважна ў Расіі (Масква) і на Украіне (Кіеў). Ён арганічна засвойваў там здабыткі блізкіх культур, авалодаў украінскай, рускай, польскай і французскай мовамі. На Беларусь Караткевіч вярнуўся ўжо вялікім эрудытам, інтэлектуалам, у ім ужо жыла арганічная цікавасць да ўсяго, што адбывалася і адбываецца на свеце

З асаблівай сілай талент У. Караткевіча як даследчыка глыбінных каранёў свайго народа раскрыўся менавіта ў 1960-я гады. З яго твораў - аповесцей і апавяданняў "Дзікае паляванне караля Стаха", "Аліва і меч" (1959), "Сівая легенда" (1960), "Маленькая балерына" (1961), "Зброя" (1964), раманаў "Нельга забыць"("Леаніды не вернуцца да Зямлі") (1960-1962) і іншых пачынае сцвярджаць сябе новы жанр – беларуская навукова-мастацкая гістарычная літаратура. Менавіта Караткевіч сваімі творамі заклаў яе магутны падмурак, стаў першым яе класікам. Словамі галоўнага героя рамана "Нельга забыць" пісьменнік выказаў сваю творчаю праграму: "…Мы напішам першую сапраўдную гісторыю беларускага мастацтва. Гэта цяжка. Нам давядзецца аб'ездзіць разам усю Беларусь, адшукваць тое, што забыта, вывучаць, біць у набат, калі штосьці занядбалі, або бураць. Гэта будзе сумленная гісторыя. Яна не будзе забываць ні добрага, ні дрэннага…". Стварэнне сумленнай гісторыі, вечная барацьба за чалавечнасць, барацьба за годнасць беларусам звацца – гэтыя прынцыпы Караткевіч сцвярджаў усё сваё творчае жыццё.

Праграмным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 года, стаў раман "Каласы пад сярпом тваім" (1962-1964), са старонак якога паўстае Беларусь 60-х гадоў ХIХ стагоддзя, разрэз тагачаснага грамадства знізу даверху. Задачы, пастаўленыя мастаком у "Каласах…", часткова знайшла вырашэнне ў драме "Кастусь Каліноўскі" (1963), дзе паказана само паўстанне. Сярод твораў гістарычнага плану вылучаецца раман "Хрыстос прызямліўся ў Гародні" (1966) – шырокае палатно з жыцця сярэдневяковай Беларусі. Прыгодніцкі сюжэт пісьменнік напоўніў сацыяльна-філасофскім зместам, шырока выкарыстаў матэрыялы хронік і летапісаў, біблейскія тэксты і вытрымкі з мастацкіх твораў, народныя выслоўі. Да рамана тыпалагічна блізкая легенда "Ладдзя Роспачы" (1964) – своеасаблівы і арыгінальны твор, у галоўным героі якога Гервасію Выліваху, жыццялюбе, патрыёце і змагары, увасобілася аўтарскае ўяўленне пра беларускі нацыянальны характар.

Уладзімір Караткевіч актыўна выступаў у абарону беларускай мовы, культуры, помнікаў дойлідства і прыроды. У 1970-я гады ён прымае ўдзел у навуковых экспедыцыях па "Збору помнікаў гісторыі і культуры Беларусі" Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, вёў на Беларускім тэлебачанні праграму «Спадчына». Магчыма, менавіта пад уражаннямі экспедыцый напісаны нарыс "Зямля пад белымі крыламі" (1971) – "візітная картка Беларусі". Знаёмства з запіснымі кніжкамі У. Караткевіча "У дарозе і дома" (надрукаваны ў 1989 годзе) дазваляе лепш зразумець, чаму з'явіліся "Казкі Янтарнай краіны", "Краіна Цыганія", "Мсціслаў".

Творчасці У. Караткевіча ўласцівы філасофскія роздумы пра сэнс жыцця і прызначэнне чалавека на Зямлі, пра лёс беларускага народа ў яго трагічным і адначасова светлым, аптымістычным вымярэнні, вострая сацыяльная накіраванасць і грамадзянская страснасць, вернасць ідэалам гуманізму, дабра і справядлівасці, узнёслая рамантычнасць, паэтычнасць. У яго творчай спадчыне захаваліся шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да ўласных твораў.

Шырокую вядомасць прынёс Уладзіміру Караткевічу раман "Чорны замак Альшанскі" (1979), які сам пісьменнік лічыў псіхалагічным дэтэктывам і за які ён атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі імя Якуба Коласа.

У 70-я гады да Караткевіча прыйшла слава драматурга. У 1974 годзе на сцэне віцебскага тэатра імя Якуба Коласа з поспехам была пастаўлена п'еса "Званы Віцебска", у якой аўтар звярнуўся да падзей Віцебскага паўстання 1623 года. У 1978 годзе адбылася прэм'ера п'есы "Кастусь Каліноўскі". Да 100-годдзя з дня нараджэння Я. Купалы была прымеркавана п'еса "Калыска чатырох чараўніц"(1981). Падзеям Крычаўскага паўстання 1743-1744 гадоў драматург прысвяціў трагедыю "Маці ураганаў"(1982).

Па яго творах пастаўлены мастацкія фільмы, тэле- і радыёспектаклі. У Беларускім тэатры оперы і балета створаны оперы «Сівая легенда» (1978, кампазітар Дз. Смольскі) і «Дзікае паляванне караля Стаха» (1989, кампазітар У. Солтан).

Свет караткевічаўскіх твораў – дзівосны і прыцягальны. Здаецца, няма такога літаратурнага жанру, у якім бы не працаваў непаўторны класік, заглыбляючыся ў духоўную спадчыну нашага народа. Ён шмат і плённа працуе над перакладамі на беларускую мову твораў Дж. Байрана, Р. Гамзатава, Адама Міцкевіча, Махтамкулі, І. Франка, Я. Судрабкална, Б. Мацкявічуса і іншых. Значным з'яўляецца ўклад У. Караткевіча ў беларускую дзіцячую літаратуру. Вялікую цікавасць уяўляе яго мастацкая спадчына – шматлікія малюнкі, ілюстрацыі да сваіх твораў, сяброўскія шаржы.

Творы Уладзіміра Караткевіча перакладзены на многія мовы свету.

Трагічнай была смерць вялікага беларуса: ён доўга лячыўся ад захворвання печані, без асаблівага поспеху. Перад смерцю ён пабачыў практычна ўсіх сваіх блізкіх, і аб'ездзіў блізкія сэрцу куткі.

У ліпені 1984 года Караткевіч адправіўся на плыце ў сплаў па Прыпяці, дзе ў яго адкрылася язва страўніка, пра якую лекары не падазравалі. Пакуль сябры спрабавалі яго даставіць з глухіх палескіх куткоў да лекараў – час быў безнадзейна згублены, і дапамагчы ўжо было немагчыма...

Вялікага беларуса не стала.

толькі два вершы Уладзіміра Караткевіча:

«На Беларусі Бог жыве»
Так кажа мой просты народ.
Тую праўду сцвярджае раса ў траве
І адвечны зор карагод.
Тую праўду сцвярджае
Упартасць хваль,
І продкаў запавет,
І мовы залатая сталь,
І нашых дум сусвет.
Тую праўду сцвярджае
Ўсё зноў і зноў
Ўсім лёсам, —
Няхай спакваля, —
У хмарах дубоў,
У вясёлках агнёў
Купальская наша зямля.
І няхай давядзе мне
Іншая кроў,
Што брашу,
Як сабачы сын, —
А няма нідзе
Вярнейшых сяброў
І прыгажэйшых жанчын.
Гэта край раскрытых душ і дзвярэй,
Гэты край —
Твой дом і сабор...
Ў нас дваццаць з лішнім тысяч рэк,
Адзінаццаць тысяч азёр.
Нам ёсць што піць,
З падмосткаў ліць,
Чым палі свае акрапіць,
А як давядзе, то ёсць нам дзе
І ворага ўтапіць.
І тая памяць жыве не ў царкве,
А ў кожнай жыве галаве:
«На Беларусі Бог жыве...» —
І хай сабе жыве.
А калі ён шле на нас кару і гнеў, -
Ну што ж, — мы з ім свае:
Ў вяршыні самых гонкіх дрэў
Маланка з неба б'е.

У вяршыні маленькіх і ніцых дрэў
Маланка ніколі не б'е.

І пра тое кожны пяе салавей
Росным кветкам у роднай траве:
«На Беларусі Бог жыве», —
І няхай да веку жыве.

Я сумую па радзіме,
па яе лугах і нівах,
па трыпутніку, што гладзіў
ногі збітыя мае,
па укропу на гародзе,
рэчках ціхіх і лянівых,
і па сопкай белай бульбе,
што на стол яна дае.
Я сумую па радзіме…
Бачу ціхія палыны.
Цёплы мёд яе маліны адчуваю на губах.
Ты – мая лясная казка
у красе доўгачаканай,
ты – мая святая песня,
свет адзіны у вачах.
Просты свет, дзе дрэмлюць хаты,
дзе раса на травах спее,
дзе у росных шатах чуцен
гівала пяшчотны свіст,
дзе наўсцяж канавы мокрай
пышны кураслеп жаўцее,
і купае тлусты лопух
у вадзе мясісты ліст.
Мокры край. Дажджы і сонца.
Вільгаць сонечнага лета.
Жарабя бяжыць па лузе,
радасна задраўшы хвост.
Цэлы век вісіць вясёлка
над краінай мокрай гэтай,
і глядзяць спакойна коні
на нябесны дзіўны мост.
Я сумую па радзіме,
як каханы па дзяўчыне,
я жадаю ўвесь прыпасці
проста да яе рукі,
да грудзей – тугіх узгоркаў,
да вачэй – азёраў сініх,
і замерці ў пацалунку
на гадзіны і вякі.

Крыніца: http://karotkizmest.by/

Чытайце таксама:
http://istorya.ru/forum/?showtopic=3637

Проста цытаты:
http://www.livelib.ru/author/235613/quotes

ДОСЬЕ: К 85-летию Владимира Короткевича:
http://www.belta.by/culture/view/dose-k-85-letiju-vladimira-korotkevicha-171456-2015/

Вяртанне да спісу

Для адміністратараў

Нашаму сайту спаўняецца 9 гадоў

Нас наведалі

ГодПросмотрыПосетители
2024 51 196 23 546
2023 77 329 36 064
2022 71 163 34 884
2021 55 349 25 349
2020 76 047 36 977
2019 38 372 16 047
2018 32 791 12 093
2017 60 698
10 698
2016 41 163 10 000
2015 46 744 11 395
Всего 550 852 217 053

© ФНКА Беларусаў Расіі. 1999 — 2024 Федэральная нацыянальна-культурная аўтаномія Беларусаў Расіі.

Усе правы абаронены. Пры выкарыстанні любых матэрыялаў сайта, уключаючы графіку і тэксты, актыўная спасылка на belros.org абавязковая.

Калі вы лічыце, што парушаныя вашыя аўтарскія правы, просім паведаміць, каб мы маглі ўнесці неабходныя карэктывы.

Дата стварэння сайта — ліпень 2015 г. | Дызайн сайта | Вэб-майстар